Мiцю ела нейкая тупая гарката. Ён пасядзеў дзеля блiзiру i вярнуўся дадому, чуючы, што чахне гэтая вострая злосць на бацьку. Маўчаў потым ужо i бацька, поркаўся ў хамуце, палажыўшы яго на каленi, балазе знайшоў, за што зачапiць рукi.
Але сёння ўспомнiлася яму нешта зноў.
— Выгадаваў, дачакаўся… — Корсак усё бiў секачом у дно, мусiць, забыўшыся перамяшаць ссечаныя на сярэдзiне i нечапаныя, жывыя ў кутках ражкi картоплi.
— Садзецеся снедаць, — крыкнула Хрысця знарок, каб перабiць старога, адцэджваючы ў цэбар з сечкаю ўжо звараныя нялупленыя картоплi, паразразаныя напалам, каб добра ўсалiлiся.
Стары прыставiў да сцяны сякач, спаласнуў над карытам рукi, сцягнуў з галавы кепку i, прыгладжваючы на патылiцы чорны вянок валасоў, пайшоў да стала. Угнуў лысую, жаўтаватую голаў з гладкай i блiшчастай скурай i перахрысцiўся на счарнелы, у шырокай аправе, абраз.
Хрысця яшчэ прынясла на стол у точаным драўляным кубку шарую, як на згоне зiмы снег, i скамянелую соль. Блiзiлiся каляды, былi запускi — есцi скаромнага няможна было.
Мiця дастаў з-пад лавы старое, з разбiтаю коткаю, сукала, куды ўжо хавалася ўсякае начынне, кiнуў туды шыла i клубок з дратваю i прымасцiўся таксама да стала.
Елi маўчучы, абiралi пазногцямi развараную сопкую картоплю, таўклi ў шарую, насыпаную горбачкаю на стале соль.
Прыбегла Алеся, упусцiўшы разам з сабою ў хату аблавухую сучачку, сказала з парога, убачыўшы Мiцю:
— А во, снедае мой браток, а я ўжо думала, што не застану, — i ўсмiхнулася неяк вiнавата.
Усмiхнуўся i Мiця, чуючы да сястры нейкую радасць.
— I што ж гэта яны да цябе маюць? — спытала яна, садзячыся пры стале на лаву i не здымаючы з сябе ватовага каптана i тоўстае суконнае хусткi.
— Да некага ж трэба.
— Чаму во Катоў не чапаюць?
— Для палiцыi большы звер я, чым гэтыя Катэ.
— Ай, нашто ты на сябе выдумляеш? — Яна ўзяла з горбы, што дымiлася ружаватаю параю, картоплю i пачала таксама абiраць яе пазногцямi. — Гэта ж во, цi чулi? Учора, кажуць, Кардаша арыштавалi, што з цюрмы вярнуўся.
— Усё палiтыкуе, — папярхнуўшыся, закашляў у кулак стары Корсак. — Во i другi лезе, як муха ў малако, — сказаў ён, задыхаючыся яшчэ ад кашлю.
— Цяпер усе ў палiтыку кiнулiся, а свету не пераробiш. — Алеся ўздыхнула, расслабiла пад барадою хустку.
— Яны ж усё нейкую Беларуеь шукаюць. А я кажу — бог адзiн i цар адзiн.
— Бог то адзiн, але людзi неаднакавыя ў яго, — сказаў Мiця, не чуючы нi да сястры, нi да бацькi злосцi.
— А ты што хочаш, каб я быў раўнёю Кату?
— Во так i кажуць, што беларус нераўня паляку i немцу.
— Бо i нераўня, — падняўся з-за стала i выцер жменяю рот стары Корсак. — Паляк то такi самы галадранец i гультай, як i наш чалавек. А немец — не! Немец некалi ў нашай вёсцы на пяску капусту садзiў, i расла, качанэ раслi, як гэтыя чыгуны, — Корсак, не абарочваючыся, паказаў туды пад парог, дзе стаялi чорныя, з памыямi i вадою, чыгуны. — Калейку, во, правёў, так хоць паляку ёсць на чом ездзiць.
— Калейку то правёў, каб вынiшчыць наш лес. Высек усё, сам жа ты казаў, якi там быў лес, за нашаю дзялкаю…
Стары Корсак, не знайшоўшы, што сказаць, павярнуўся да вядра, забрынкаў абабiтым палiваным кубкам.
Усе паўставалi з-за стала. Хрысця падступiлася на лаву, злавiла за кручаны дрот лямпу i хукнула праз дзiрачкi ў машынцы на пляскаты язычок агню — са столi на зямлю абрынулася цемната, запахла перагарэлаю газаю. За вокнамi зашарэўся дзень.
— Дай жа ж божа, каб усё было добра, — Алеся, нейкая большая ў гэтым шарым поцемку хаты, стаяла, усё азiраючыся на Мiцю, — чакала, покуль ён адзенецца.
З хаты яны выйшлi разам. За сiняю сцяною хмары, што стаяла за вёскаю, паяснела i зрабiлася зялёным неба. На надворак з вулiцы дыхала настылым скразняком.
У пачарнелы спарышнiк, што доўгiм павуком распоўзся на бруку, вецер назганяў рэдзенькага i сiвога, як воўна, снегу. Каля плота стылi абынелыя крапiва i чартапалох.
Алеся, хаваючы ў рукавы рукi, падышла з Мiцем да веснiкаў. Курчачыся ад холаду, закруцiўшы адна за адну белыя, без панчох, ногi, пастаяла за плотам, паглядзела на яго.
Мiця засмяяўся, маргнуў ёй:
— Ну, пайду.
— Глядзi, не кажы там чаго, — сказала, як мацi.
Ён азiрнуўся яшчэ, раптам падумаўшы, што яна i падобная на нябожчыцу мацеру, i голас у яе гэтакi самы, сакаўны, як у мацеры.
Пахла кiслым дымам ад сырога алешнiку, iм нехта палiў у печы. Быў чуваць ясны, працяты замаразкам ранiцы ляскат цапа. Недзе ўжо на чужым сметнiку стракатала сарока. На полуднi, там, дзе былi Дварчаны, за гарбамi грудоў, слалася рэдзенькiм, развеяным дымам смуга. Вышай, у выцвiлым небе, раставаў, як падталы ў вядры кусок лёду, стары месяц.