Трымаючы анучамi гарачы гаршчок, маладзiца налiла ў глiняную мiску капусты: спярша рэдкага шчолаку, проста з гаршка, а потым гушчы, чэрпаючы ўжо лыжкаю.
Стары паднёс расхiстаны, з клiнкамi ў ножках, заслон, папробаваўшы, цi будзе стаяць, сеў.
Малады таптаўся зводдаль, усё хаваючы за спiну рукi — у яго паркалёвай рубашцы павылазiлi локцi.
— Чаго ж стаiце, садзецеся! — маладзiца вярнулася да прыпека i прынесла тонкi, што ўжо з’еўся, нож.
— Як даюць, то бяры, а як б’юць, то ўцякай, га? — абярнуўся i сказаў за плячо старэйшы мужчына.
— А хто ж яго тут будзе бiць? Дый цi дасi такому рады? — зiрнула на хлопца i засмяялася, крывячы мяккую з залацiстым пушком губу, сытая маладзiца.
— Можна, толькi дзе ўзяцца, — махнуў натапыраным чубком валасоў стары лысаваты малацьбiт.
Малады, чырванеючы i не паднiмаючы вачэй, цiха прымасцiўся на заслоне.
Мужчыны, сцiшыўшыся i моцна сёрбаючы, пачалi есцi. Маладзiца бачыла, як у Iмполя варушылiся скiвiцы. Яна глядзела на яго гладкi карак, на закручаныя ў лагчынцы валасы, на яго шырокiя плечы, на якiх не сыходзiлася тонкая паркалёвая рубашка, i падумала, што вот добра, што ён наняўся малацiць, i нават убачыла, здалося ёй, як ён сцiснуў бы яе гэтымi дужымi рукамi i яна не вырвалася б.
На надворку затупалi ногi, i за вокнамi мiльганула шарая суконная хустка.
— Во, мусiць, наша кудзельнiца iдзе? — сказала старая, атрасаючы з прыполу кастрыцу, што нацерушылася з пражы.
Адчынiўшы дзверы i выставiўшы наперад праснiцу з барадою недапрадзенае кудзелi, у хату ўвайшла кабета ў шарачковым, завужаным у талii сачыку. З-пад суконнай хусткi выбiваўся пучок русявых валасоў з белаватаю сiваю пасмаю. На шчаку, недзе з-за вуха, лезла лiлова-пякучая чырвань — радзiмы знак. Жанчына, прыжмурваючы адно вока i перакошваючы разяўлены рот, пiльна ўзiралася на чужых.
Яны, перастаўшы жаваць, азiрнулiся.
— Во, малацiць будуць, — маладзiца сагнула ў локцях абедзве рукi i памахала iмi, паказваючы, як малоцяць.
— Ы-ы-ы, — паставiўшы на ложак праснiцу, закiвала галавою кабета, i яе сiнi, скамянелы ад холаду твар памякчэў.
Мужчыны, сумеўшыся гэтага крыку, яшчэ раз азiрнулiся. Кабета была нямая.
— Гэта мая залувiца, — прызналася маладая гаспадыня. — Сястра майго нябожчыка.
Нямая выглядала на адны гады з маладзiцаю, але, раскруцiўшы i зняўшы з галавы хустку, выдалася старэйшаю.
— Нашто раздзяешся? — Маладзiца паказала на вядро, што стаяла на калодзе ў памялешнiку. — Пара карову паiць.
Нямая пакiвала галавою, апранулася i, глянуўшы спадылба на чужых мужчын, выйшла з хаты.
Стары аблiзаў лыжку, склаўшы тры пальцы, перахрысцiўся на абраз i падзякаваў за полудзень.
— Няма за што, — азвалiся абедзве разам кабеты.
— То як умовiмся з платаю? — спытаў ён, не абарочваючыся, а толькi настаўляючы вуха туды, куды гаварыў, да маладзiцы, — што скажа яна.
— А сколькi ж бяруць цяперака за малацьбу?
— Два злоты i кiля солi.
Маладзiца насупiлася, пакусала край нiжняй губы i падняла голаў:
— Дарагавата, але хай, бо мышы даўно авёс стачылi.
Малады адсунуў мiску, выцер рукою губы i, седзячы за сталом, слухаў. Гаварыў толькi стары:
— А колькi ж коп нажалi?
— Чатырнаццаць.
— Ого!
— Нiчога, дзядзька, зiма з велькiм горам усё з’есць.
— Як, Iмполь, да каляд змалоцiм? — стары, задраўшы рэдзенькi чубок, глянуў на маладога, пацёр шорсткую, у вострым, як нацярушаным, шкле сiвых валаскоў няголеную шчаку. — Управiмся ж па капе за дзень. Шэсць пасадаў… У пасадзе дзесяць снапоў… А дзесяць снапоў што? За гадзiну не саб’ём?
— I больш, пэўня, — адкiдваючы з брыва навiслую кудзерку валасоў, малады падняўся з-за стала.
— Тады мо сходзiм у гумно? — стары азiрнуўся на маладзiцу i адсунуў заслон, каб таксама ўстаць.
Гумно стаяла ўпоперак пляца, вялiкае, з дзвюма палувенкамi паабапал дзвярэй. Хлеў i падпаветка, перасыпаныя са старога дзерава, былi ў адным пашарку з новаю хатаю. Мiж гумном i пашаркам хаты раслi старыя, тоўстыя ў камлях яблынi. Каля высокага, выплеценага з яловых частаколiн плота паднялiся недзе з непавысяканых карэнняў вострыя i голыя пасынкi маладых слiвак — вецер назмятаў туды белага курачага пер’я. Было чуваць, як з адчыненых дзвярэй хлява крычала, цi можа так гаварыла да скацiны, нямая. За хлявом, дзе стаяла сплеценая з саломы i не прыкрытая стрэшкай прыбiральня, у збузаваным гурочнiку куры дзяўблi гурок-насеннiк.
Пад дзвярыма каля гумна ў нацярушанай мякiне граблiся трапяткiя вераб’i. Прыпадаючы да зямлi i варушачы кончыкам хваста, да iх краўся сыты шары кот. Згледзеўшы яго, вераб’i купаю паднялiся на палувенку i адтуль ужо, рассыпаючыся, падалi на зялёна-лiловы, прыхоплены першымi замаразкамi бэз.