— А вы садзецеся… Тпр-р-р! — Радзюк турзануў да сябе лейцы, прыпыняючы каня i падсоўваючыся на мяккай, засланай радзюжкаю канюшыне. Ад воза пахла яе вялым саладжавым сцяблом. Мiця ўзяўся абедзвюма рукамi за драбiнкi i перакiнуў ногi ў воз.
— А то горна аднаму… Гэта ж як Ладак памiраў, падняў голаў, хацеў, пэўна, нешта сказаць, ды ўжо не мог, толькi сляза выкацiлася, так памёр цiха… А я еду во ды думаю, што гэта ён хацеў сказаць…
Дарога выпаўзла на вузкую, абсаджаную старымi, карэлымi бярэзiнамi шашу. Счарнелыя бярозавыя камлi шырокiмi ручнiкамi абкручвала паскобленая i выбеленая кара. Паабапал шашы пабеглi выкладзеныя ў шнурок каменнi. Воз трасло на чырванаватым бруку: выбiтая калясьмi шаша пасярэдзiне была ўгнутая, як ночвы.
Блiзiлася мястэчка. За карычневымi голымi дрэвамi, дзе чарнелi граковыя гнёзды, за нiзкiм тоўстым мурам з жалезнаю брамаю стаяў чырвоны дварчанскi касцёл, на чарапiчную страху нацерушыўся снег. На чырвонай вежы валтузiлiся i крычалi каўкi. За касцёлам пачыналiся нiзкiя, пабеленыя хаткi, за сухiм частаколам хавалiся чорныя крывыя яблынi.
— А можа, пра зямлю хацеў сказаць? — пляскатая кепка з пераломаным брылём павярнулася да Мiцi. — Зямля каму ж астанецца? Нявестцы — карачу гэтаму — зямлю я не аддам.
— А дзецi ж у Ладака ёсць? — спытаў Мiця.
— А хто ведае, чые гэта дзецi? З парабкам усё круцiлася, можа, ад яго i зняслася, — голас у Радзюка дрыжаў, перабiваўся грукатам калёс. — Ого, яна не дурная. Стой, каб на цябе воўк! — Радзюк раптам пацягнуў да сябе лейцы.
Зачынялi пераезд — брэнкаючы бляшаным чорным лiхтаром, апускаўся паласаты шлагбаум. Чыгуначнiк у чорнай фуражцы з белым арлом круцiў корбу.
Далёка на закругленнi зялёным вусенем поўз пасажырскi поезд.
— Пра што гэта я хацеў сказаць? — Радзюковыя сiненькiя шкляныя вочы глядзелi на Мiцю, але, мусiць, не бачылi яго. — Няўжо пра зямлю?
— Дзякую, дзядзька, што падвязлi, — Мiця саскочыў з воза i, абышоўшы шлагбаум, перабег цераз рэйкi, што пачыналi ўжо звiнець i ляскаць, нiбы хто стукаў па iх малаточкам.
Гарбатая вулiца, з выбрукаванымi рышткамi, зварочвала ў цэнтр мястэчка.
Схмурнелася. Залётаў рэдкi лёгкi снег. Завiўся мiж вострага галля чорнай грушы, што трымала яшчэ на вяршку жоўтае лiсце. Зашоргаў у гародчыку па сухiх i звiнючых, як троснiк, стрымбулях счэзлых кветак. Лiп павучынаю Мiцю на вочы. Вецер змятаў яго да плота, як змятае, круцячы, улетку тапалёвы пух.
Мiця выйшаў на шырокi брукаваны пляц: з аднаго боку за мурам хавалася прысадзiстая царква з трыма зялёнымi купаламi, з другога, дзе iшоў Мiця, шчыльна цiснулiся белыя яўрэйскiя крамы з паадмыканымi i прыстаўленымi да сцен жалезнымi заваламi. Пасярод брукаванага пляца тоўстаю кадушкаю стаяў цэментовы слуп, аблеплены стракатымi афiшамi. Каля крамаў таўклiся бабы, збыўшы сваё хатняе, трымалi на сагнутай руцэ лёгкiя жоўтыя лубяныя карзiны i шарыя кошыкi, напытвалi адна ў адной, што купiць гарадское ды крамнае. Каля царквы, ля муру, збiлiся фурманкi.
Мiнуўшы пляц, Мiця скiраваў у вузкi нямошчаны завулак. I холадам у грудзях падняўся страх, затрапяталася сэрца: у канцы завулка, за сiткам драцяное загарадзi, быў вiдаць новы, скiданы са старое смалiны пад нямецкi вугол i накрыты бляхаю дом. Яснасцю адсвечваў жоўты шкляны ганак. Гэта быў пастарунак. Адтуль на ровары ехаў палiцыянт у сiнiм шынялi i ў круглай, з доўгiм акутым брылём фуражцы. Цяжка рыпела пад iм сядло, пакiдаючы на муцэ снегу чорны след, шапацелi тоўстыя колы з блiшчастымi абадамi.
Пагусцеў i завiўся чорным роем з каламутнага неба снег. Зашыпеў, апякаючы Мiцю твар. У мiг вока пачала бялець шарая вулiца. Белаю зрабiлася грыва ў каня, што стаяў на другi бок вулiцы, накрыты старою радзюжкаю, з торбаю аўса, павешанаю на голаў.
Мiця падняўся на ганак i абтрос з шапкi, махнуўшы ёю, снег, увайшоў у вузкi калiдорчык. Ад кафельнай печкi з цяжкiмi чыгуннымi дзверцамi дыхала цяплом, свежаю фарбаю пахла ад чырвонае блiшчастае падлогi.
За белымi з меднаю ручкаю фiлянговымi дзвярамi душылася трывога. Мiця пастукаў i, учуўшы нечы глухi за дзвярыма голас, нацiснуў на медную ручку. За фанерным столiкам, над якiм навiс у таннай аправе партрэт падстрыжанага пад бобрык, у вайсковым фрэнчы i з абвiслымi вусамi Пiлсудскага, сядзеў курносы лысаваты палiцыянт з тоўстымi шчокамi. Каля яго стаялi двое: сiвы, у рудым суконным паўшубку мужчына i дробная, у худаках, кабета, з карычняватым струпам на шчацэ. Кабета трымала ў руцэ клунак, звязаную за чатыры рагi белую хустку.