Цікі зрабіў, як сказаў яму Мафута, і гэта сапраўды дапамагло, самыя страшныя пакуты ад смагі прайшлі. Ён адчуў удзячнасць да Мафуты і ўжо не першы раз падумаў, што яго дарослы сябар разумнейшы, чым людзі думалі.
— Дзякуй табе, Мафута, — сказаў ён. — Я рад, што ты са мною. Пустыня гэтая — жахлівае месца.
— Не бойся, малыш, — адказаў Мафута. — Я пераходзіў яе і раней. Даўным-даўно — у час паляўнічых паходаў з бацькам. Пустыня невялікая, і яшчэ да змяркання мы выйдзем у зялёную і ўрадлівую даліну.
— Але, — з трывогай сказаў Цікі, — няўжо нам давядзецца да таго часу не піць?
Мафута засмяяўся:
— Не, Цікі. Мы хутка прыйдзем да азярца. Яго жывіць падземная крыніца, і яно ніколі не высыхае. Там мы адпачнём, нап'ёмся і паядзім.
Нарэшце скрозь мігатлівую смугу Цікі разгледзеў на даляглядзе невялічкі зялёны гаёк.
— Вунь тое азярцо, — весела сказаў Мафута, і Цікі з палёгкай уздыхнуў.
— Мне нават страшна зрабілася, — прызнаўся ён. — Гаёк такі маленькі, а пустыня такая вялікая, што мы маглі прайсці паўз яго і не заўважыць.
Абодва хутчэй пакрочылі наперад.
Аднак чым бліжэй яны падыходзілі, тым больш збянтэжаны рабіўся Мафута.
— Дзіўна... — мармытаў ён.
— Што дзіўна? — запытаў Цікі.
— Каля азярца няма ніводнай істоты. Ціха, як на могілках. Тут нешта не так...
Цікі ўвесь задрыжаў.
Але смага перамагла страх, і неўзабаве хлопчык выразна ўбачыў гаёк — усяго толькі тры невысокія дрэвы на беразе азярца з іскрыстай вадой. Азярцо было такое маленькае, што нізкае голле дрэў амаль закрывала яго.
Раптам крокаў за дваццаць перад сабой Цікі заўважыў на зямлі нейкі скрутачак аднолькавага колеру з апаленым сонцам пяском.
— Што гэта?
— Мусіць, скураны мех, пра які нейкі падарожнік ад радасці забыўся.
— Не, гэта не мех! — закрычаў Цікі. — Паглядзі, паглядзі, Мафута! Гэта маленькі Дзік-Дзік. Ён мёртвы!
Скрутачак раптам варухнуўся, і Цікі ўбачыў, што маленькае аленяня яшчэ жывое. Бакі яго жывоціка торгаліся, і раз-пораз сутарга прабягала па кволым, тоненькім цельцы. Аленяня было такое слабае, што ледзь трымала галаву, але ўсё ж умольна ўзняло на людзей вялікія, насцярожаныя вочы.
Сэрца Цікі сціснулася ад жалю. Ён паклаў руку на лоб аленяняці і ласкава пагладзіў яго.
— На што ён хворы?
Мафута ўважліва агледзеў Дзік-Дзіка. Ён шукаў на яго целе слядоў якіх-небудзь ран, але не знайшоў. Тады ён раскрыў яму рот.
— Вельмі, вельмі дзіўна, — прамармытаў ён, падымаючыся з зямлі. — Хваробы ў яго ніякай. Няма і ран... Памірае ён ад смагі!
— Ад смагі? — здзівіўся Цікі. — Не можа быць! Глядзі, ён жа ляжыць менш як за пяцьдзесят крокаў ад вады.
— Зірні на яго рот, Цікі, — збянтэжана адказаў Мафута. — Ён сухі і ўвесь у пухірах, і язык апух. Вядома ж — ад смагі. — Мафута патрос галавой. — Нічога не разумею...
— У такім разе, — цвёрда сказаў Цікі, — што б там ні было, я прынясу яму піць, — і, узяўшы чыгунок, пайшоў да азярца.
Але калі хлопчык хацеў прыгнуцца, каб прайсці пад нізкімі галінамі дрэва, у лісці раптам нешта гучна зашамацела. Цікі спалохана адскочыў назад.
І якраз своечасова!
Таму што проста над яго галавой, абкруціўшыся вялізным агідным целам вакол тоўстага сука, вісеў страшны пітон! Такога вялікага ўдава Цікі ніколі не бачыў. Нават у самых жахлівых начных кашмарах яму не снілася гэткае страшыдла. Змяя была не менш як дванаццаць крокаў у даўжыню і такая тоўстая, як чалавечае бядро. Праз лістоту прасвечвала жоўтае слізкае цела, пашча была такая шырокая, што магла б праглынуць цэлага асла, а круглыя чорныя вочы злавесна паблісквалі.
Пачуўшы трывожны крык Цікі, Мафута ў адно імгненне апынуўся каля яго.
— Пітон! — задыхаючыся, сказаў Цікі. — Ён ледзь не схапіў мяне. Я яго адразу не заўважыў.
— Каб ён здох, — прабурчаў Мафута і шпурнуў у дрэва некалькі каменьчыкаў.
Змяя паволі папаўзла па ствале ўгору і паступова знікла ў дупле.
— Цяпер я набяру вады. Нейкі час баяцца няма чаго, — сказаў Цікі.
Мафута ўважліва сачыў за дуплом, а Цікі набраў у чыгунок і бутэлькі з гарбузоў чыстай вады з азярца.
Потым абодва вярнуліся да Дзік-Дзіка. Цікі ўліў яму ў рот некалькі кропель вады. Аленяня ўздрыгнула і млява праглынула крыху жыватворнай вільгаці.
— Вось і цудоўна, — сказаў Цікі. — Цяпер самі пап'ём.
Як яны пілі! Смачная халаднаватая вада здавалася ім найцудоўнейшым нектарам.
— Раскоша! — прамовіў Мафута, выціраючы рот. — Вось чаму аленяня не магло напіцца, разумееш? Змяя не падпускала.
— Ты і гаварыў, што тут нешта не так, — напомніў Цікі. — Цяпер мы ведаем прычыну.