Выбрать главу

— Удаў адпудзіў і іншых жывёл, — гаварыў Мафута. — Калі я быў тут апошні раз, ля азярца была процьма звяроў. Алені, зебры, малпы, трусы... Каго толькі не было!

— Нядобра ўсё гэта, — абурыўся Цікі. — Трэба нешта зрабіць. Мы павінны правучыць змяю.

Мафута ў знак згоды паківаў галавой і задумаўся.

Тым часам Цікі не пераставаў ліць ваду ў рот Дзік-Дзіку.

— Пітон вельмі вялікі і крыважэрны, — нарэшце прамовіў Мафута. — Калі б удалося звязаць яго, справа была б зроблена. Але паспрабуй звяжы змяю — яна проста выслізне з вяроўкі. Ды і вяроўкі ў нас няма.

Толькі паспеў Мафута вымавіць апошнія словы, як Цікі прыйшла ў галаву бліскучая думка.

— А чаму б нам, Мафута, — радасна сказаў ён, — не скарыстаць самога пітона замест вяроўкі? І прывязаць яго да дрэва!

Нейкі час Мафута ўзважваў у думках прапанову Цікі, а потым сказаў:

— Думка цудоўная. Толькі мы не такія дужыя, каб гэта зрабіць. Як толькі дакранёмся да яго, ён праглыне нас — і канец.

На момант усталявалася цішыня.

Неўзабаве Мафута прамармытаў:

— Хіба, можа, толькі...

— Што «можа, толькі»? — усхапіўся Цікі.

Мафута ўсміхнуўся.

— Здаецца, я дадумаўся, што зрабіць, — і расказаў Цікі пра свой план. Той радасна заківаў галавой. — Але дзейнічаць трэба асцярожна, — папярэдзіў Мафута: — Змяя імклівая, каварная і небяспечная.

— Але не такая імклівая, як я, — пахваліўся Цікі.

Яны паднялі з зямлі Дзік-Дзіка, якому ўжо крыху палепшала, паклалі яго ў цень цярноўніку і ўзяліся за ажыццяўленне сваёй задумы.

Перш-наперш выразалі і завастрылі два доўгія кіі. Потым асцярожна падкраліся да гайка. Апынуўшыся амаль пад самым веццем, яны ўбачылі вытрашчаныя каварныя вочы ўдава.

— Вунь ён! — крыкнуў Цікі. — За справу, Мафута, за справу!

Яны пачалі дражніць пітона, пакуль той не раз'юшыўся: торкалі яго тоўстае цела сваімі доўгімі кіямі, грымаснічалі, кпілі з яго.

— А ну, вазьмі, — крычаў Цікі, колючы яго кіем. — У-у, страшыдла!

— І мой на, вазьмі! — роў Мафута. — Ах ты, даўжэзнае шкадлівае мяса!

Неўзабаве пітон зусім ашалеў ад злосці — малаціў хвастом, выгінаўся і так моцна трос дрэва, што на Цікі з Мафутам дажджом сыпалася лісце і голле.

Змяя спрабавала схапіць сваіх мучыцеляў, але яны імкліва перабягалі з аднаго боку гайка на другі. Яны рухаліся хутчэй за ўдава.

— Цяпер ён ужо досыць раззлаваны, — сказаў нарэшце Мафута.

І абодва пачалі выконваць галоўную частку плана.

Цікі ўзлез да сярэдзіны на адно з трох дрэў — крайняе злева.

— Я тут, пачвара! — крыкнуў ён.

Вялізны ўдаў шалёна кінуўся да яго, але, перш чым ён паспеў схапіць хлопчыка, той хуценька саскочыў на зямлю, а Мафута, які хаваўся за дрэвам з другога боку гайка, пачаў хвастаць кіем па лісці.

— Я тут, чарвяк перарослы! — гукнуў ён.

Пітон, як маланка, павярнуўся ў другі бок і кінуўся да Мафуты, але пры гэтым яго доўгае цела абвілося пятлёй вакол ствала сярэдняга дрэва.

Цікі з Мафутам не пераставалі ні на момант спрытна манеўраваць вакол купкі дрэў і па чарзе гучна цвялілі раз'юшанага пітона, пакуль той туга-туга не абкруціўся вакол дрэва. Ён прывязаўся да ствала такім заблытаным вузлом, што не мог пасунуцца ні ўзад, ні ўперад. Чым больш ён намагаўся вызваліцца, тым мацней зацягваўся вузел, і хутка ён зусім перастаў варушыцца. З мешаніны жоўтых кольцаў гіганцкай змяі злавесна і помсліва паблісквалі два страшныя вокі.

— Ха! — узрадаваўся Мафута, адыходзячы ад дрэў і атрасаючыся. — Тут ён надоўга засядзе.

Цікі з захапленнем пазіраў на справу іх рук.

— Ён вызваліцца, дай падумаць... напэўна, не раней маладзіка. Можа, нават яму перш прыйдзецца скінуць скуру.

— З голаду ён не здохне, — зазначыў Мафута. — Змеі доўга могуць жыць без ежы.

— Але гэта будзе яму ўрокам, — закончыў Цікі. — Сюды ён больш ужо ніколі не паткнецца.

Яны сабралі свае рэчы, набралі поўныя бутэлькі вады і вярнуліся да маленькага Дзік-Дзіка.

Хоць аленяня было яшчэ вельмі слабае, але вочы яго ўжо блішчалі, і яно нават скубла зялёныя галінкі, якія яму падавалі.

Цікі ўзяў Дзік-Дзіка на рукі:

— Я панясу яго да сакавітых пашаў, Мафута. Пустыня не месца для маленькага аленяняці.

І вось, узяўшы з сабой Дзік-Дзіка, мужчына і хлопчык рушылі ў сваю дарогу, а азярцо зноў магло прагнаць смагу кожнаму стомленаму падарожніку...

Раздзел пяты. Лясны пажар

Цікі прачнуўся, пачуўшы, як нехта дзынкнуў чыгунком.

Хлопчык яшчэ крыху паляжаў, думаючы, што ён зноў у сваёй роднай вёсцы, і недзе побач завіхаецца маці, гатуючы снеданне.