— Уставай, Цікі, — прагрымеў Мафута басам, і Цікі адразу ўспомніў, што на самай справе ён вельмі далёка ад дому. Хлопчыку раптам зрабілася вельмі самотна.
Але вясёлы матыў, які Мафута напяваў сабе пад нос, прымусіў Цікі ўсміхнуцца, і ён нават ціхенька рагатнуў, прыгадаўшы ўчарашні слаўны паядынак з пітонам.
— Во малайчына! — усміхнуўся Мафута. — Уставай. Ежа гатова.
Абодва весела апляталі кашу і выказвалі меркаванні наконт таго, што прынясе ім новы дзень.
— Нас зноў чакае прыгода, — упэўнена абвясціў Мафута, трэці раз напаўняючы сваю міску кашай з подліўкай мунані. — Нутром чую.
Неўзабаве яны былі ўжо ў дарозе, бадзёра крочылі па зялёнай ад травы і хмызу мясцовасці.
Праз некаторы час раўніна пачала адступаць, і апоўдні падарожнікі апынуліся сярод зарослых лесам узгоркаў, у гушчары драбналесся Нагор'я.
Цёмныя лясныя паплавы і прагаліны вабілі і страшылі сваёю патаемнасцю. З усіх бакоў чуўся няспынны шолах і шастанне нябачных істот.
І ўвесь час у лісці дрэў пакутліва стагнаў вецер, быццам там заблудзілася і ў роспачы енчыла нейкая здань.
Сэрца Цікі замірала ад страху.
— Нейкі дзіўны край, Мафута, — нарэшце сказаў Цікі, каб парушыць трывожнае маўчанне. — Рознае лезе ў галаву. Нізавошта не застаўся б тут адзін.
Мафута паківаў галавой і пачаў расказваць пра духаў, што жывуць у гэтых мясцінах — пра лесуна Фіванду, людаеда Шышымве і пра пачварнае чарцяня Кад'янгу, што хаваецца ў расколінах вялікіх імшыстых валуноў і ў трэшчынах дрэў. Мафута пераказваў Цікі цікавыя паданні і міфы пра гэтыя цёмныя гушчары і шмат іншых гісторый, якія некалі чуў ад падарожнікаў.
І зноў сэрца Цікі трывожна сціснулася, але халадок, што прабег па спіне, здаўся яму нават прыемным, таму што хлопчык адчуваў сябе ў бяспецы побач з магутным Мафутам.
Раптам Мафута спыніўся і пацягнуў носам паветра.
— Недзе гарыць, — сказаў ён.
Голас Мафуты быў спакойны, але Цікі адчуў у ім ноткі хвалявання.
Хлопчык таксама панюхаў паветра. Ледзь чутны едкі пах гарэлых раслін нагнаў на яго жах. Цікі памкнуўся бегчы — хоць куды, абы толькі далей адсюль, ад небяспекі.
— Стой! — уладна загадаў Мафута і схапіў Цікі за плячо. — Перш-наперш трэба вызначыць напрамак пажару! — Ён паволі павярнуў галаву спачатку ў адзін бок, потым у другі, нюхаючы паветра. Праз нейкі час сказаў: — Гарыць на захадзе. — Голас яго гучаў панура, і звычайна ўсмешлівы твар спахмурнеў.
— А вецер адкуль дзьме? — з трывогай спытаў Цікі.
— Таксама з захаду, — змрочна адказаў Мафута. — Вецер вельмі моцны.
— Значыць, агонь можа нас дагнаць?
— Так, — адказаў Мафута. — Духі тут зласлівыя.
Ад страху Цікі схапіўся за Мафуту.
— Што ж рабіць, Мафута? Скажы, калі ласка? Нас не схопіць Муліла, Вогненны дух?
Мафута ўсміхнуўся хлопчыку з вышыні свайго росту.
— Што ты, Цікі, — сказаў ён бадзёра. — Мы яму ў рукі, будзь упэўнены, не дамося.
— Што ж мы можам зрабіць? Калі вецер пагоніць Вогненнага духа хутчэй, чым мы пабяжым, ён неўзабаве схопіць нас. Лес сухі. Муліла будзе пераскокваць з галіны на галіну, з дрэва на дрэва і нарэшце накінецца на нас.
У гушчары драбналесся пачуўся тупат і шум, і раптам паўз іх прамчаўся алень — імпала. У вачах імпалы свяціўся страх. За ім прабег яшчэ адзін. Потым — трэці. Нарэшце — маленькае аленянятка.
Мафута пайшоў наперад, уважліва прыглядаючыся да ўсяго навокал.
Крокаў праз пяцьдзесят ён спыніўся, старанна агледзеў сцежку і ўсё абапал яе. Потым палез на бліжэйшае дрэва, гучна пыхкаючы і сапучы, бо ствол быў танкаваты і гладкі. Нарэшце ён апынуўся на самай верхавіне, прыкрыў далоняй вочы ад сонца і агледзеўся навокал. Мафута нагадаў Цікі бегемота, які нейкім цудам ускараскаўся на жэрдку.
Нарэшце Мафута злез з дрэва.
— Далей мясцовасць больш гарыстая, — сказаў Мафута. — А на ўсходзе ўзвышаецца скалісты пагорак. Даволі высокі. Дрэвы канчаюцца на паўдарозе ад падэшвы да яго вяршыні, а сама вяршыня — голы камень. Калі мы падымемся на самы верх, агонь да нас не дабярэцца.
— А далёка да ўзгорка?
— Паўгадзіны ходу.
— А Вогненны дух? Ён далёка?
— Далей ад нас, чым узгорак.
Цікі ўздыхнуў з палёгкай.
Яны паспешліва рушылі на ўсход. Крокаў сто ішлі, крокаў сто беглі трушком, потым зноў ішлі і зноў беглі — толькі так можна адолець, калі вельмі спяшаешся, непралазны афрыканскі буш — густое драбналессе і хмыз.
Паўз іх імкліва прабягала безліч перапалоханых жыхароў лесу. Як маланка, мільганулі два плямістыя леапарды. Цесным гуртам праскакалі сізавата-гнядыя антылопы і маленькія казулі. Прамчаліся трусы, прашмыгнулі мышы. Сотні малпаў імкліва пераскаквалі з дрэва на дрэва, спрытна перабіраючы голле доўгімі рукамі, — не параўнаць з тым, як яны ходзяць па зямлі на сваіх кароткіх і крывых нагах.