Выбрать главу

Цікі пачуў, як недзе далёка затрубіў хобатам слон Нсофу, а крыху бліжэй сярдзіта зарыкаў леў Нкалама.

Звяры, здавалася, не заўважалі людзей. Не звярталі ўвагі яны і адзін на аднаго. У іх быў адзін клопат — уцячы ад небяспекі.

Аднак некаторых прырода не надарыла хуткасцю і спрытам, і таму лясны пажар быў для іх смяротнай пагрозай. На зямлі Цікі ўбачыў чарапаху — яна таропка паўзла наперад. Хлопчык нахіліўся, узяў яе ў рукі і панёс з сабой.

Раптам Мафута пранізліва закрычаў ад болю і заскакаў на адной назе.

— Што з табой, Мафута? — занепакоіўся Цікі, бо любая затрымка пагражала жыццю.

— Наступіў на вожыка! — прастагнаў Мафута.

Цікі паспеў заўважыць, як пад кустом схаваўся маленькі скрутачак калючак. Хлопчык таксама падняў вожыка з зямлі і паклаў у мучны мяшок Мафуты.

— Не скажу, каб мне за яго вельмі душа балела, — прабурчаў Мафута, усё яшчэ заняты сваёй нагой.

За іх спіной быў ужо чуваць злавесны трэск — гэта вецер даносіў да іх далёкі рогат Вогненнага духа.

— Хутчэй, Мафута, — гукнуў Цікі. — Трэба спяшацца.

— Рабіць усё трэба спакойна і з розумам, — павучаў Мафута. — Нельга, як дурні, выбівацца з сілы — дарога яшчэ няблізкая.

Нарэшце мясцовасць пачала крута ўзнімацца ўгору. Дрэвы пачалі радзець, і неўзабаве гушчар драбналесся змяніўся голай скалістай пародай, дзе толькі ў некаторых мясцінах густа расла высокая трава.

Ногі ў Цікі нылі. Падымаючыся па схіле ўзгорка, хлопчык няроўна і цяжка дыхаў.

Разам з Мафутам яны падняліся на самую вяршыню і там знайшлі невялікую роўную пляцоўку, на якой можна было адпачыць.

Цікі ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і адчуваў, як паступова да яго вяртаюцца сілы.

Раптам высокая трава зашамацела, і з яе выскачылі тры трусы. Маленечкія грудкі іх калаціліся ад няроўнага дыхання. Потым трава зноў закалыхалася, і адтуль выбеглі дзве казулькі-чарацянкі, ростам не большыя за кошку.

Звяроў усё прыбывала, і неўзабаве Цікі з Мафутам апынуліся ў коле незвычайных лясных стварэнняў, якіх раней яны ніколі не бачылі.

Дзівоснае было відовішча!

Побач з трусамі і чарацянкамі маўкліва і таямніча сядзеў леапард. Чатыры вастравухія дзікія сабакі шалёна круціліся і злосна гыркалі. З дзесятак малпаў паселі на шырокай пляскатай каменнай глыбе і ўзрушана лапаталі.

З травы асцярожна выйшаў гепард і стаіўся за вялікім валуном. Вочы яго паблісквалі, хвост нервова круціўся.

Уверх па камяні поўз хамелеон. Абодва яго лупатыя вочкі паволі паварочваліся ў розныя бакі.

Дзік-бародавачнік разлёгся на пяску. Тлустыя бакі яго высока ўздымаліся ад задышкі.

І нарэшце Цікі ўбачыў вялізнага Эланда — антылопу-кану, — які пагардліва пазіраў на ўсё зборышча.

Хлопчык на момант амаль забыўся пра пажар. Яго незвычайна ўзрушыў і здзівіў малюнак, што паўстаў перад ім.

Вось, зусім блізка адзін ад аднаго, так блізка, што ледзь не дакранаюцца, сядзяць, нібыта добрыя старыя сябры, адвечныя лясныя ворагі!

— Зірні, Мафута! — прашаптаў Цікі. — Глянь!

Мафута патрос галавой, сам не даючы веры вачам.

Але забыць пра пажар было нельга. Усё неба на захадзе пачарнела ад густога смалістага дыму — аж да самага паднябесся.

Цікі пазіраў то на полымя, што імкліва бегла далёка ўнізе па зямлі, то на жахлівую чорную хмару, якая завалакла ўсё неба, і яму зрабілася страшна.

Звяры таксама ўтаропіліся на агонь нерухомымі, круглымі ад жаху вачыма.

Моцны вецер падганяў агонь, і той падбіраўся ўсё бліжэй і бліжэй да іхняга прытулку. І перш чым Цікі зразумеў, што адбываецца, агонь дабраўся да ўзгорка і пачаў імкліва ўзнімацца па схіле.

«Напэўна, — падумаў Цікі, — агонь спыніцца там, дзе канчаюцца дрэвы, — на паўдарозе да вяршыні».

Хлопчык моцна сціснуў у руцэ талісман з леапардавага зуба.

— Мафута, — спытаў ён, — а трава не загарыцца? Агонь не дабярэцца да нас? Зірні: трава расце аж да самай вяршыні!

— Я не думаў, што тут так многа травы, — з трывогай у голасе адказаў Мафута.

Нечаканы парыў ветру закрыў абодвух густым, чорным дымам. Такім густым, што Цікі ледзь бачыў звяроў, якія іх акружалі. Толькі адны звярыныя вочы блішчалі скрозь вірлівую цемру.

Цікі закашляўся. Дым раз'ядаў вочы, і па шчоках пацяклі слёзы. Хлопчык працягнуў руку і схапіўся за Мафуту.

— Мы ў пастцы! — крыкнуў ён, стараючыся перакрычаць выццё полымя. — Больш тут нельга заставацца. Трэба шукаць спуск.