— Правільна, — прабасіў Мафута. — Трэба ратавацца.
Яны дамовіліся: Мафута абследуе паўночны і паўднёвы схілы, а Цікі — усходні.
Цікі ішоў скрозь дым, амаль нічога не бачачы перад сабой. Ён падаваўся то ў адзін бок, то ў другі, спатыкаўся, збіваючы ногі аб каменне.
І раптам, нібы цуд які, дым на імгненне рассеяўся, і Цікі паспеў убачыць схіл узгорка. Ёсць бяспечны спуск! Цікі ледзь не закрычаў ад радасці.
Па ўсходнім схіле збягала ўніз шырокая расколіна, быццам чыясьці гіганцкая баявая сякера рассекла глебу. Па баках яр быў закіданы абломкамі скал і валунамі, якія не давалі агню забрацца ўсярэдзіну.
А ў самым нізе, пад узгоркам, Цікі ўбачыў раку!
Шырокая і мелкаводная, яна ленавата цякла на поўдзень.
Па яры можна было спусціцца да ракі, не баючыся агню, і перабрацца на другі бераг. А там пажар ужо ім будзе не страшны.
Цікі пабег назад, на вяршыню ўзгорка.
Усё, як і раней, было заслана чорным дымам, але, на шчасце, Цікі амаль адразу ўбачыў свайго сябра. Звяры цесна збіліся ў кучу, як статак вясковых авечак. Гарачыня зрабілася нясцерпнай.
— Мафута! — крыкнуў Цікі. — Ёсць дарога ўніз! — І расказаў пра яр і рэчку.
Абодва паспешліва пакрочылі на ўсходні бок узгорка.
Цікі азірнуўся: усе звяры павярнулі да іх галовы і тужліва пазіралі ўслед. Хлопчык спыніўся.
— А як са звярамі, Мафута? — запытаў ён. — Трэба іх выратаваць!
— Не, Цікі, — адказаў Мафута. — Галоўная мая задача — давесці цябе жывым і здаровым да школы. Звяры самі знойдуць дарогу ўніз. Магчыма, яны пойдуць за намі. Хадзем, Цікі! Хутчэй!
Але Цікі затрымаў яго за руку:
— Прашу цябе, Мафута. Яны, можа, і пойдуць за намі, але ў гэткім дыме могуць заблудзіцца і загінуць. Трэба паказаць ім дарогу.
Навокал іх скакалі ўжо языкі полымя. Дым усё гусцеў. Цікі ўбачыў хамелеона і казульку-чарацянку — яна падышла да яго, калоцячыся ўсім целам.
— У цябе ж ёсць дудка, Мафута! Зайграй на ёй, і звяры пойдуць за намі. Калі ласка, Мафута! Зайграй на дудцы.
Хлопчык узяў у рукі хамелеона.
Мафута ўсміхнуўся.
— Добра. Хадзем, — сказаў ён і паднёс да рота дудку. Ён іграў на ёй гучна і звонка, і сярод шуму і трэску агню гукі дудкі здаваліся нейкімі незвычайнымі, дзівоснымі.
Цікі з Мафутам пачалі спускацца па яры. Абапал яго траву і дрэвы прагна паглынаў агонь.
«Як у расплаўленым цэнтры зямлі», — падумаў Цікі, рукамі прыкрываючы твар ад нясцерпнай гарачыні.
Час ад часу Цікі адставаў трошкі, каб упэўніцца, што звяры ідуць следам.
— Яны ідуць за намі, — паведамляў ён Мафуту. Той моўчкі ківаў галавой і не пераставаў іграць так гучна, як ніколі не іграў раней.
Нарэшце яр скончыўся, і яны апынуліся на беразе рэчкі. Як прыемна было ступіць у халаднаватую ваду збітымі і стомленымі нагамі!
Яны пачалі пераходзіць рэчку. За імі адзін за адным увайшлі ў ваду звяры. Спачатку — казулькі-чарацянкі. Вада даходзіла ім да самай шыі. Пасля іх — леапард; за ім балбатлівым роем рассыпаліся па вадзе малпы. Потым у ваду ступіў Эланд — антылопа-кану. Нарэшце ў раку плюхнуліся дзік-бародавачнік і дзікія сабакі.
Перабраўшыся на другі бераг, Цікі апусціў на зямлю хамелеона і чарапаху і раптам убачыў трусоў — яны гойсалі ўзад і ўперад па тым беразе, таму што рака была для іх неадольнай перашкодай.
— Трусы! — усклікнуў Цікі і пабег да іх па вадзе, выскачыў на бераг, падхапіў звяркоў на рукі і вярнуўся назад.
Нарэшце ўсе шчасліва перабраліся цераз рэчку.
А на тым баку ўся мясцовасць была ў агні.
Цікі ўсміхнуўся і весела глянуў на Мафуту. Хлопчык страшэнна стаміўся, у горле і вачах пякло ад едкага дыму. Але сэрца білася радасна.
Звяры апошні раз зірнулі на агонь і адзін за адным падаліся ў лес.
Цікі зрабілася крышачку сумнавата, калі ён убачыў, як яны пакідаюць іх, таму што ўсе яны — і звяры, і людзі — перамаглі аднаго і таго ж ворага як баявыя сябры ў час бойкі.
Нарэшце Мафута парушыў маўчанне:
— Тут цудоўнае месца для начлегу, Цікі.
Хлопчыку і самому дужа хацелася адпачыць, і ён кіўнуў галавой у знак згоды.
І вось на беразе мелкаводнай, але шырокай ракі, пад цямнеючым небам хлопчык і яго дарослы сябар пачалі гатаваць вячэру.
Калі вогнішча разгарэлася і затрашчала, Мафута ўзяў свой мяшок з маісавай мукой і сунуў усярэдзіну руку, але адразу закрычаў ад болю.
— Што з табой? — спалохана запытаў Цікі: ён падумаў, што Мафуту ўкусіла чырвоная мурашка.
Але Мафута нічога не адказаў, а толькі зноў асцярожна сунуў руку ў мяшок і выцягнуў з яго калючы скрутачак.
Гэта быў вожык! Але ён меў занадта падазроны выгляд — сыты і санлівы. Мафута памацаў у мяшку рукой.