Выбрать главу

— Усё зжор, да апошняга, — прабурчаў Мафута. — Усю муку з'еў гэты... гэты... — знямеўшы ад абурэння, ён паказаў пальцам на вожыка.

— Нічога, Мафута, — засмяяўся Цікі. — У маім мяшку крышку засталося. З голаду не памром.

Яны адпусцілі вожыка на волю і пазіралі, як ён ляніва пакаціў сваё сытае цела ў лес.

Цікі з Мафутам пераглянуліся і гучна зарагаталі.

Раздзел шосты. Нашэсце бабуінаў

— Ох! — войкнуў, прачынаючыся, Мафута. — Усе косці баляць. — Потым прысеў і пачаў асцярожна размінаць рукі і ногі.

— У мяне таксама, — азваўся Цікі і прыгадаў падзеі ўчарашняга дня — лясны пажар і выратаванне.

У паветры яшчэ вісеў едкі пах гару. Павекі ў Цікі былі чырвоныя, вочы крыху шчымелі.

Але калі Цікі і Мафута акунуліся ў халодную ваду ракі, бадзёрасць вярнулася да іх, і новы дзень падарожжа яны пачалі ў цудоўным настроі.

Падарожнікі ішлі берагам, цешачыся прыемнай свежасцю раніцы і лёгкім пяшчотным ветрыкам.

Крочылі яны нядоўга і неўзабаве падышлі да невялікага вадаспада. Вада крыху воддаль ад яго была празрыстая і спакойная. Яна так вабіла сваёй прахалодай і прыгажосцю, што, доўга не думаючы, хлопчык скокнуў у раку і плаваў, плаваў, пакуль не пачаў выбівацца з сілы. Тады ён вылез на вузкі і доўгі выступ скалы, які цягнуўся ззаду вадзянога вала.

Хлопчык пайшоў па каменнай касе, ледзь праціскаючыся паміж стромкай скалой і вадзяным каскадам.

Як тут было цудоўна і таямніча! Нібы ты перанёсся ў дзівосную, незнаёмую краіну...

Раптам Цікі ўбачыў пячору — грот, якога з берага за вадой не было відаць. Напэўна, утварыўся ён даўно-даўно, у час абвалу, калі з каменнай сцяны адваліўся вялізны кавалак скальнай пароды.

Хлопчык увайшоў у грот.

— Вось дзе сховішча Рачных духаў! — уголас падумаў Цікі. — Пэўна, я першы з людзей ступіў сюды нагой.

З заміраннем сэрца азірнуўся Цікі навокал. Промні сонца прасейваліся скрозь заслону вады, што імкліва абрыналася з вышыні, і асвятлялі сцены грота мяккім, мігатлівым святлом, падобным на серабрыстыя сонечныя зайчыкі.

Гэта быў чароўны палац са смарагдаў, у якім панавалі прахалода і спакой.

Раптам скрозь глухі гул вады Цікі пачуў сваё імя. Ён нехаця выбраўся з грота і вярнуўся на бераг да свайго сябра, на твары якога прачытаў трывогу.

— Я за цябе баяўся, — сказаў Мафута, уздыхнуўшы з палёгкай. — Думаў, ці не трапіў ты да кракадзіла альбо Рачнога духа!

Пайшлі далей, адчуваючы прыліў новых сіл. Па дарозе ім трапляліся вёскі, у якіх крыніцай біла жыццё — усюды зямля добра радзіла, таму што шмат ручаёў і рэчак шчодра паілі яе сваёй вільгаццю.

Апоўдні падарожнікі падняліся на ўзгорак, ад стомы ледзь перастаўляючы ногі. Зірнулі ўніз. Пад імі раскінулася вялікая вёска, залітая спякотным паўднёвым сонцам. Але была яна з выгляду нейкая сонная.

— Сёння мы многа і хутка ішлі, — з надзеяй у голасе намякнуў Цікі.

Мафута шырока ўсміхнуўся:

— Правільна. Тут самае, здаецца, зручнае месца для адпачынку.

Падарожнікі спусціліся з узгорка і ўвайшлі ў вёску.

Цікі адразу са здзіўленнем заўважыў, што вёска была нейкая малалюдная. Толькі некалькі старых сядзелі ля хацін; мажная жанчына памешвала нешта ў вялікім чорным гаршчку, што стаяў на агні; невялікая чародка дзяцей гуляла ў нейкую гульню. На санцапёку спалі некалькі сабак, тры-чатыры кураняткі грэбліся ў пяску.

Калі Цікі добра прыгледзеўся, яго ўразіла тое, што твары ў людзей былі засмучаны. Некаторыя старыя падперлі рукамі галовы, а таўстуха з выгляду была само няшчасце. Нават дзеці гулялі неяк нявесела, бязрадасна.

Усе так аддаліся смутку, што нават не заўважылі гасцей.

— Што ў іх тут здарылася? — здзіўлена запытаў Цікі.

— Відаць, нейкая бяда абрынулася на вёску, — усхвалявана адказаў Мафута. — Можа, чума якая?

— Альбо паводка, — выказаў здагадку Цікі.

— Ці не воіны на іх напалі?

— А можа, злыя духі праклялі?

— Ва ўсякім разе, трэба даведацца, — вырашыў Мафута.

Яны асцярожна падышлі да старога, што сядзеў бліжэй да іх, прывіталіся і селі побач.

— Што ў вас за няшчасце? — лагодна запытаў Мафута. — Дзе ўсе жыхары?

Стары тужліва патрос галавой і адказаў:

— Усе людзі ў полі. Хочуць злавіць бабуінаў.

— Нейкі дзіўны занятак! — не стрымаўся Цікі.

Стары пачаў тлумачыць:

— З году ў год у нашай вёсцы добры і ранні ўраджай, бо зямля ў нас урадлівая, вады багата. Жылі мы і гора не ведалі. Але сёлета нас чакае галеча і голад, таму што на нашы палі напала цэлая зграя пражэрлівых бабуінаў.