— Чаму ж вы не прагоніце гэтых малпаў або не пераловіце іх? — запытаў Цікі.
— Гэ! — прабурчаў стары. — Бабуіны хітрыя. Ты іх гоніш, а яны толькі рагочуць. Злавіць іх? Мы расставілі сотні пастак з гарбузоў, але пакуль што ўсяго два злодзеі папаліся ў іх.
— Што такое пастка з гарбуза? — пацікавіўся Цікі.
— А гэта выдзяўбаны гарбуз, — пачаў тлумачыць Мафута. — У ім робіцца нешырокая адтуліна, а ў сярэдзіну кладзецца прынада. Малпа прасоўвае ў дзірачку руку і хапае ежу, але назад выцягнуць руку не можа, бо моцна сціскае здабычу ў кулаку. У яе не хапае розуму разняць кулак. Так і застаецца, ушчаміўшы руку ў гарбуз.
— Гэта праўда, — пагадзіўся стары, — але праклятыя бабуіны не падыходзяць да пастак, ім больш падабаецца кукуруза. Зрываюць катахі са сцяблін, усе да аднаго. Тое, што з'есці не могуць, знішчаюць. Хутка на сцяблінах не застанецца ніводнага катаха, палі стануць голыя, і ў вёску прыйдзе голад...
Стары цяжка ўздыхнуў, а Цікі з Мафутам спагадліва пацмокалі языкамі.
Усталявалася цішыня — кожны думаў сваю думу.
Мажная жанчына перастала памешваць у гаршчку і абвясціла, што ежа гатова. Прапанавала і гасцям паесці, і тыя з удзячнасцю згадзіліся, бо былі страшэнна галодныя і вельмі хацелі піць.
Дзень быў спякотны. Сонца бязлітасна пякло амаль зусім бязлюдную, нібы вымерлую вёску, і цішыню парушала толькі нягучнае і аднастайнае гудзенне маскітаў.
Не паспеў Мафута праглынуць апошні кавалак, як пазяхнуў на ўвесь рот, лёг на спіну і адразу заснуў.
Цікі таксама ледзь перамагаў жаданне заплюшчыць вочы. Тады ён узяў Мафутаву дудку і ціхенька заіграў.
Мафута спаў. Цікі ледзь чутна іграў на чарацянай дудцы, а тоўстая жанчына вынесла з хаціны гаршчок з чырвонай фарбай і зусім новую коўдру і пачала фарбаваць тканіну.
Дзень цягнуўся ў цішыні і спакоі.
Толькі пад вечар, калі цені сталі доўгімі, а ў паветры павеяла прахалодай, з поля вярнуліся людзі. Яны ішлі па высокай траве на чале з маладым правадыром. Твары іх былі стомленыя і панурыя. З сабой яны неслі нейкую жывую істоту. Гэта была малпа-бабуін, прывязаная лапамі да жардзіны, якую трымалі два чалавекі. Бабуін раз'юшана круціў сваімі злоснымі шарыкамі-вочкамі.
Мафута прачнуўся і працёр вочы.
— Ага! Аднаго злавілі! — усклікнуў ён. — Малайцы!
— Толькі аднаго, а на маісавых палях іх асталося пяць соцень, — змрочна адказаў правадыр. — Марна патрацілі дзень.
Сяляне прывязалі бабуіна да кала, які быў убіты ў зямлю, а самі пападалі на дол там, дзе стаялі, — яны не мелі сілы нават паесці.
— Мафута, — сказаў Цікі, — трэба неяк дапамагчы няшчасным.
Абодва глыбока задумаліся. Нарэшце Мафута тужліва страсянуў галавой.
— Нічога мы зрабіць не можам. — Ён уздыхнуў і заплюшчыў вочы, зноў збіраючыся заснуць.
Цікі падняўся з месца і падышоў да жанчыны, якая ўсё яшчэ старанна фарбавала коўдру.
— Скажыце, калі ласка, — звярнуўся Цікі да жанчыны, — што зробяць з гэтай малпай?
Жанчына злосна глянула на бабуіна і адказала:
— Каб мне дазволілі, я... я... акунула б яго ў гэтую фарбу і павесіла на дрэве пасярод поля. Гэта было б добрым урокам астатнім зладзюгам!
І тут Цікі прыйшла ў галаву цудоўная думка.
— Мафута! Мафута! — крыкнуў ён. — Я ведаю, што рабіць! Ведаю, як пазбавіцца ад бабуінаў!
Яго крык падняў на ногі стомленых сялян, і яны акружылі яго цесным колам.
— Хо! — рагатнуў адзін з іх. — Мы ўжо шмат дзён змагаемся з бабуінамі і нічога зрабіць не можам. Чаму ты навучыш нас, дзіцятка?
— Паслухайце, што ён скажа, — сур'ёзна параіў Мафута. — Мой юны сябар — хлопчык разумны. Гавары, Цікі, гавары!
Хвалюючыся, Цікі расказаў пра свой план.
Калі ён скончыў, усе ў знак ухвалы паківалі галовамі, і стомленыя твары людзей засвяціліся надзеяй.
— Маленькі чужынец, — з удзячнасцю сказаў адзін селянін, — здаецца, ты нас выратаваў.
— Адразу і пачнём, — прапанаваў другі. — Марудзіць нельга.
Усе ахвотна ўзяліся за справу.
Перш-наперш папрасілі ў таўстухі гаршчок з фарбай. Тая нешта прабурчала ў адказ, але калі ёй усё растлумачылі, твар жанчыны расцвіў радаснай усмешкай.
— Увесь гаршчок бярыце, — сказала яна. — Уся фарба ваша.
Гаршчок панеслі да кала з прывязаным да яго бабуінам. Малпа нешта злосна залапатала, калі ўбачыла, што да яе набліжаюцца людзі.
— Што ж, пачнём, — даў знак Мафута, і ўсе пачалі старанна і весела мазаць бабуіна чырвонай фарбай. Неўзабаве ўвесь ён, з галавы да ног, заззяў ярка-чырвоным колерам. Толькі круглыя вочкі злосна гарэлі — чорныя шарыкі на ружовым твары.
Відовішча было такое, што і пяром не апісаць. Людзі стаялі, узяўшыся ў бокі, і качаліся ад рогату, пакуль слёзы не пацяклі па шчоках.