Жанчына падыбала ў сваю хаціну і вынесла яшчэ адзін гаршчок.
— Ад апошняй коўдры жоўтай фарбы крышачку засталося, — сказала яна. — Можна абмазаць яму далоні і ступні. Вось будзе пацеха!
Так і зрабілі. Потым двое сялян выцягнулі з зямлі кол і панеслі чырвона-жоўтага бабуіна за аколіцу.
Жыхары вёскі, смеючыся і гамонячы, рушылі за імі ў поле.
Наперадзе крочыў малады правадыр, за ім — яго дарадца, а за дарадцам — Цікі і Мафута. Ззаду два чалавекі неслі палонніка. Усе астатнія жыхары вёскі — старыя, моладзь і дзеці — замыкалі шэсце. За імі беглі сабакі.
Мафута зайграў на дудцы вясёлую мелодыю, і сяляне гучна заспявалі — неўзабаве вораг будзе пераможаны!
Працэсія пачала падымацца на ўзгорак, што панаваў над полем. З вяршыні людзі зірнулі ўніз, і перад вачыма паўстала жудасная карціна. Кукурузныя палеткі скрозь кішэлі бабуінамі. Малпы дзелавіта шнырылі між напалову аголеных кукурузных сцяблін, нібыта працавітыя мурашкі.
— Вы толькі гляньце на іх! — задыхаючыся ад гневу, усклікнуў правадыр. — Грабежнікі!
Відовішча сапраўды было страшнае, і Цікі аж затросся ад абурэння. Бабуіны зрывалі кожны кукурузны пачатак, які трапляўся пад лапы.
Правадыр нецярпліва павярнуўся да людзей, што неслі кол з бабуінам, і запытаў:
— Вы гатовы?
Тыя кіўнулі галовамі.
— Пускайце яго! — загадаў правадыр.
Стракатага бабуіна хуценька адвязалі ад кала і адпусцілі.
Малпа з усіх ног кінулася бегчы з узгорка да сваіх родзічаў, на хаду злосна агрызаючыся.
І тады ўсё адбылося так, як меркавалася. Калі чырвона-жоўты бабуін прабег паўдарогі ўніз па схіле, не перастаючы шалёна гыркаць і нешта гучна лапатаць, адзін рослы бабуін глянуў угору. Убачыўшы нейкую дзіўную жывёліну, ён абазваўся пранізлівым крыкам. Усе астатнія малпы ўзнялі вочы на ўзгорак і ўбачылі чырвона-жоўтага звера, які імкліва ляцеў на іх. Закрычаўшы ад жаху, уся зграя кінулася наўцёкі.
Нейкі момант каляровы бабуін стаяў у здзіўленні і нерашучасці, потым памчаўся яшчэ хутчэй, даганяючы сваіх прыяцеляў. Але малпы прыпусцілі з усіх ног, ратуючыся ад жахлівай пачвары.
І гэтак яны беглі — размаляваны бабуін, які ніяк не мог зразумець, чаму яго племя ўцякае ад яго, і перапалоханыя малпы, што ратаваліся ад нейкага чырвона-жоўтага д'ябла, які гнаўся за імі па пятах!
Уся зграя бабуінаў — вялізныя і маленькія, старыя і маладыя, самкі і іх вывадкі — неўзабаве зніклі за грэбенем наступнага ўзгорка, набіраючы ўсё большую хуткасць, а за імі гнаўся іх адзінокі раз'юшаны родзіч.
Сяляне пляскалі ў далоні і смяяліся.
— Перамога! Перамога! — чуліся крыкі.
Усе пачалі скакаць ад радасці.
— Яны ні на хвіліну не спыняцца, — сказаў нехта, — пакуль не ўцякуць за сотню міль адсюль, пакуль з бабуіна не сатрэцца фарба.
Цікі і Мафуту паднялі ў паветра і пасадзілі на чыесьці магутныя плечы — як герояў вялікай бітвы.
Людзі пачалі спускацца з узгорка і ўсю дарогу да вёскі спявалі гімн перамогі.
Позна вечарам яны, вядома, наладзяць урачысты баль, каб адсвяткаваць слаўную перамогу над грабежнікамі.
Раздзел сёмы. Разгром браканьераў
— Наша вёска, — абвясціў раніцой правадыр, — вырашыла аддзякаваць вам. Мы высока цэнім вашу ролю ў выгнанні бабуінаў.
Усе прысутныя сустрэлі гэтыя словы шэптам ухвалы. Мудрыя старыя дарадцы правадыра заківалі галовамі ў знак згоды, і вяскоўцы ветліва ўсміхнуліся Цікі і Мафуту.
Адчуўшы на сабе позіркі людзей, Цікі збянтэжыўся.
— З гэтай прычыны, — гаварыў далей правадыр, — мы вылучылі самых смелых воінаў суправаджаць вас да самага канца вашага падарожжа. Гэта наш знак павагі да вас.
Наперад выступілі восем высокіх воінаў у велічных ваенных уборах — на плячах яркія леапардавыя шкуры, вялікія страўсавыя пер'і на галовах, бліскучыя коп'і і моцныя скураныя шчыты ў руках.
Эскорт, як для каралёў!
— Ідзіце з маімі сябрамі, — загадаў правадыр воінам, — і ахоўвайце іх.
Мафута падзякаваў правадыру і жыхарам вёскі, і, калі ён скончыў сваю кароткую прамову і ўсе паціснулі адзін аднаму рукі, урачыстая працэсія рушыла ў дарогу.
Усю раніцу яны крочылі пад празрыстым блакітным небам — чатыры воіны ў авангардзе і чатыры ў ар'ергардзе.
Крыху пасля поўдня, калі сонца яшчэ пасылала на зямлю свае гарачыя промні, а лес нібы драмаў, падарожнікі выйшлі да шырокай ракі. Выкупаліся і добра адпачылі ў засені бамбукавых дрэў, што раслі абапал ракі.
— Трэба пераправіцца цераз рэчку, — сказаў Мафута. — Але яна глыбокая і імклівая. Ты, Цікі, сам не перабярэшся.