Выбрать главу

— Я перанясу яго, — сказаў самы рослы і дужы воін.

Цікі ўзлез на шырокія плечы воіна, і той панёс яго цераз раку.

Калі, мокрыя, яны выйшлі з вады, Цікі пачуў удалечыні нейкія дзіўныя гукі, нібы раскацістае рэха, быццам дзьмулі ў гіганцкі рог.

— Сланы, — зазначыў Мафута.

— Гэта слановы край, — растлумачыў адзін з воінаў, — цяпер у іх пара вандраванняў.

Падарожнікі пайшлі далей лесам. Паступова трубныя гукі рабіліся ўсё больш гучнымі. Раптам начальнік воінаў узняў руку і спыніў калону. Цікі з Мафутам падышлі да яго.

— Зірніце, — сказаў воін.

Перад імі была вузкая і глыбокая цясніна. Калісьці яна з'яўлялася рэчышчам вялікай ракі і яе берагі поўніліся громам неўтаймаваных парогаў і велічных вадаспадаў. Але цяпер рака высахла, і толькі некалькі спакойных азёрцаў паблісквалі на дне цясніны.

Раптам Цікі ўбачыў людзей. На схіле цясніны, хаваючыся за валунамі і густой травой, спіной да іх прытаіліся каля трох дзесяткаў вельмі дзіўных з выгляду афрыканцаў. Целы іх былі расфарбаваныя, і кожны сціскаў у руцэ доўгае і цяжкае кап'ё. Цікі нават спалохаўся: нешта нядобрае задумалі яны!

— Гэта ж вандэробы! — здзівіўся нехта з воінаў, і ў голасе яго прагучаў гнеў. — Што ім трэба?

— Хто такія вандэробы? — трывожна запытаў Цікі. — Чаму яны такія размаляваныя?

— Племя гэтае жыве на поўначы. Відаць, сюды забраўся адзін з іхніх паляўнічых атрадаў. Але я ніколі яшчэ не бачыў іх так далёка на поўдні.

— Браканьеры. Незаконна палююць на сланоў, — сказаў начальнік воінаў. — Забіваюць іх, здабываюць слановую косць і ўпотай прадаюць іншаземным гандлярам.

— Вандэробы, — дадаў другі воін, — вельмі каварнае і жорсткае племя. Яны не аруць, не сеюць, не разводзяць жывёлу. Адзіны іх занятак — браканьерства. Знішчаюць вялікія статкі сланоў. Відаць, прыйшлі сюды таму, што сваіх сланоў яны ўжо ўсіх перабілі — а іх было тысячы!

Цікі, Мафута і воіны моўчкі пазіралі ўніз на дзікуноў, якія сядзелі ў засадзе.

— Каго яны чакаюць? — нарэшце запытаў Мафута.

Неўзабаве Мафута атрымаў адказ на сваё пытанне.

Наваколле раптам здрыганулася ад гучнага тупату, і праз паўночны праход у цясніну ўвайшоў вялізны слон-самец з вялікімі вушамі, маршчыністым ілбом і доўгімі, тоўстымі, як ствалы дрэў, ікламі. Ён вёў за сабой статак сланоў. Так многа сланоў Цікі яшчэ не бачыў. Нібыта разлілося шырокае шэрае мора. Сланы ішлі паволі, цяжка тупаючы, і вакол іх карычневай хмарай узняўся пыл. А сланоў усё прыбывала і прыбывала, і Цікі здалося, што тут сабраліся ўсе сланы Афрыкі.

Вандэробы заварушыліся ў сваім сховішчы. Яны не адрывалі вачэй ад статка, які набліжаўся, гатовыя адразу пусціць у ход свае доўгія і вострыя коп'і.

Здабыча сама ішла ім у рукі.

— Страшна падумаць, што зараз будзе! — прашаптаў у абурэнні Мафута. — У сланоў няма шанцаў на выратаванне...

Воіны шэптам згадзіліся з ім.

— Давайце разгонім вандэробаў, — прапанаваў нехта з воінаў.

— Іх у тры разы больш за нас, — запярэчыў другі.

Зноў наступіла маўчанне.

Сланы падыходзілі ўсё бліжэй, і нарэшце вялізны важак апынуўся за пяцьдзесят крокаў ад першага з вандэробаў.

Раптам Мафута парушыў маўчанне:

— Здаецца, усё ж такі і мы нешта можам зрабіць, — у голасе яго прагучала слабая надзея. — Калі б нам удалося напасці на дзікуноў знянацку, зрабіўшы выгляд, што нас больш за іх, можна было б іх разагнаць.

Воіны моўчкі згадзіліся, а адзін сказаў:

— Можна ўзняць вялікі шум.

— Пачнём крычаць і размахваць коп'ямі і шчытамі, — пачуўся яшчэ адзін голас.

— Сонца ў нас за спіной, — дадаў нехта. — Яны нас добра не разгледзяць. Падумаюць, што цэлае племя!

— Так, разагнаць іх можна, — пагадзіліся ўсе.

— Ва ўсякім разе, мы хоць сланоў папярэдзім аб небяспецы, — уставіў Цікі.

— Цудоўна, — сказаў Мафута. — Аднак трэба спяшацца. Пастройцеся ў адну лінію. Гатовы?

— Гатовы! — адказалі воіны, і Цікі адчуў, як моцна забілася сэрца. Гэта ж яго першы ў жыцці бой. Вось будзе пра што потым расказваць!

Увесь статак сланоў прасунуўся ўжо далёка па цясніне, і пярэднія апынуліся амаль пад самымі дзікунамі, якія чакалі іх на адхоне цясніны.

У той момант, калі воіны на чале з Мафутам сабраліся ўжо кінуцца на вандэробаў, адзін з іх раптам падняўся ва ўвесь рост, узмахнуў над галавой кап'ём і шпурнуў сваю смертаносную зброю, цэлячы між лапатак важака.

Што тут пачалося!

Гіганцкі слон шалёна зароў ад болю і пабег нехлямяжым галопам. Увесь статак паддаўся панічнаму жаху. Сланы імчаліся па цясніне, як звар'яцелыя. Дарослыя трубілі хобатамі, малыя вішчалі. Здавалася, нібыта мёртвае рэчышча зноў ператварылася ў. бурлівую рэчку, на якой уздымаліся шэрыя навальнічныя хвалі.