Сонца ўжо схавалася за небасхіл, надаўшы небу цёмна-барвовы колер, калі яны натрапілі на мясціну, дзе мог схавацца слон, — невялікі, але густы гай на беразе маленькай рэчкі з павольнай плынню.
— Тут мы яго знойдзем, — упэўнена сказаў Мафута. Памаўчаўшы крыху, ён дадаў: — Але позна ўжо. Тут мы пераначуем, а за справу возьмемся раніцой.
Усе размясціліся на начлег, паклаўшы галовы на рукі альбо проста на валуны.
Было холадна, хацелася есці, але распальваць вогнішча было нельга — святло і дым маглі ўспудзіць слана.
Нібы вялізным чорным плашчом, цемра ахутала зямлю, і падарожнікі заснулі. Але не ўсе.
— Ой! — раптам застагнаў Мафута. — Страшэнна есці хочацца. Ад вогнішча ніякай шкоды не было б.
— Ш-ш... Агонь запальваць нельга, — прашаптаў нехта з воінаў. — Слон пачуе нас.
— Нават самага маленечкага?
— Ніякага. І вам не сорамна быць нявольнікам свайго страўніка?
— Ведаеце, — прабурчаў Мафута, — толькі неразумныя людзі забываюць пра свой страўнік. Да раніцы мы ўсе можам памерці з голаду!
— Цішэй вы! Абодва змоўкніце, — пачуліся ціхія галасы.
Нейкі час панавала поўная цішыня.
Падзьмуў халодны ветрык, вада ў рацэ зарабацінілася. І амаль адразу наляцелі раі маскітаў, ноч напоўнілася іх шалёным гудзеннем.
Скарчанелы, галодны, скусаны маскітамі, Цікі нарэшце заснуў.
— Калі б мы запалілі агонь, — раскалоў цемру гучны голас, — мы маглі б...
— Ш-шш...
— ...павячэраць...
— Ш-шш...
— ...і сагрэцца...
— Ш-шш...
— ...і пазбавіцца ад маскітаў...
— Калі ласка, Мафута, памаўчыце. Агню распальваць мы не будзем!
Мафута глуха застагнаў і заціх.
Халодны шэры пробліск святла ўзнік на ўсходзе. Адзін за адным прачнуліся людзі. Рукі і ногі ў іх здранцвелі, нылі ўсе косці. Але неўзабаве ўсе крыху разышліся, акунулі галовы ў рэчку і пачалі адчуваць сябе лепш.
— Як жа мы выцягнем тое кап'ё? — запытаў нехта.
Кожны прапанаваў свой план, бо кожны хацеў паказаць сваю храбрасць.
Нарэшце дамовіліся: высокі воін, які славіўся сваімі хуткімі нагамі, павінен выбавіць важака на адкрытае месца; Мафута, самы дужы з усіх, залезе на дрэва і, калі пад ім з'явіцца слон, ухопіць дрэўка кап'я і выцягне яго.
— А чым я магу памагчы? — спытаў Цікі.
— Ты, малы, не шукай небяспекі, — засмяяўся Мафута. — Памятай: я пакляўся майму сябру, твайму бацьку, што не дам цябе ў крыўду. Калі з табой што здарыцца, дадому я ўжо ніколі не вярнуся.
Усе стаіліся, прыгнуўшыся пад дрэвамі, а Мафута ўсміхнуўся, моўчкі памахаў рукой і папоўз да вызначанага дрэва.
Цікі таксама крыху прапоўз і прыўзняў галаву, назіраючы за тым, што будзе далей.
Тым часам Мафута імкліва і бясшумна прабіраўся скрозь высокую траву. Потым палез на дрэва і знік у яго лістоце.
— Цяпер мая чарга, — прашаптаў высокі воін. — Пажадайце мне поспеху, — і ён таксама падаўся да гаёчка.
Цікі зрабілася нават крыху зайздросна.
— А мне чаму нельга? — спытаў ён сам сябе.
Калі воіна ўжо не было відаць, нехта сказаў:
— Падыдзем бліжэй да таго месца — адсюль мы нічога не ўбачым.
І тады Цікі раптам хуценька пабег наперад і, перш чым яго паспелі затрымаць, апынуўся ўжо ў густой траве, ля гаёчка.
Калі хлопчык дабраўся да дрэва, на якім сядзеў Мафута, ён зірнуў угору і ўбачыў спалоханыя вочы, якія глядзелі на яго з высокага сука.
— Чаго... чаму... навошта ты прыйшоў сюды, Цікі?
— Хачу памагчы, — адказаў Цікі. — Хіба ты забыўся, Мафута? Гэта ж я першы падаў думку выратаваць слана.
— Але ж, Цікі... — запярэчыў Мафута, аднак хлопчык яго ўжо не чуў, бо зноў нырнуў у траву і пачаў шукаць у ёй воіна.
Раптам Цікі стаў як укапаны: проста перад ім быў слон!
Момант быў жудасны. Чалавек і звер пазіралі адзін на аднаго, і Цікі ад страху застыў, як каменная статуя. Ён хацеў павярнуцца і кінуцца наўцёкі, але не мог зварухнуцца.
Слон захроп нейкім глыбокім гартанным храпам і гучна заляпаў вялізнымі вушамі.
— Цікі! — каля хлопчыка апынуўся высокі воін і схапіў яго за руку. — Адкуль ты тут?
Яго голас патануў у магутным трубным гуку.
— Слон! Уцякайма! — Цікі з воінам павярнуліся і пабеглі.
Паветра зноў страсянулася ад страшэннага рыку, зямля задрыжала ад удару магутнай нагі. Амаль за самай спіной уцекачы чулі трэск галін і дрэў. Быццам ураган імчаўся па лесе альбо зямля расколвалася ад землетрасення.
Нарэшце хлопчык і воін схаваліся за тоўстае дрэва.