— Не будзем траціць часу, — сказаў высокі воін. — Суша з месца не кранецца.
Воіны і чацвера юнакоў-тубыльцаў ускочылі ў лодку і прыўзнялі чырвоныя вёслы. Мафута таксама залез на карму пад тэнт і ўзяў у рукі вялікае жоўтае вясло.
— Я буду рулявым, — сказаў ён цвёрда. — За стырном павінен сядзець самы мудры чалавек.
— А я сяду на носе, — гукнуў Цікі. — Буду назіраць за камянямі і парогамі.
Мафута падаў каманду, і пад развітальныя воклічы жыхароў вёскі, што стоўпіліся на беразе, лодка накіравалася на сярэдзіну ракі. А там вёслы дружна апусціліся ў ваду, і каноэ паляцела наперад, як птушка.
Цікі азірнуўся — з берага ім усміхаліся і махалі рукамі, але праз імгненне і вёска, і людзі зніклі з вачэй.
Цэлы дзень лодка плыла ўніз па цячэнню.
Такой асалоды ад паездкі ў лодцы Цікі яшчэ ніколі не адчуваў. Ён сядзеў высока на носе і ўважліва глядзеў наперад. Калі заўважаў на вадзе якую небяспеку — вялікія камяні ці бярвенні, — ён крыкам папярэджваў Мафуту.
Ні хвіліны не адпачывалі вёслы: высока ўзнімаліся і, бліснуўшы на сонцы, апускаліся ў ваду, пераліваючыся срэбрам, як пляскатыя рыбіны, і каноэ імкліва ляцела наперад.
Абапал Цікі імчаліся зялёныя берагі, і за кожным выгібам ракі перад яго вачыма адкрываліся новыя цудоўныя краявіды.
Імклівы бег лодкі наганяў страх на жывёл, што былі на берагах альбо знаходзіліся ў вадзе. Алені, не дапіўшы, спалохана ўцякалі на бераг, бегемоты з шумным плюханнем ныралі ў ваду, кракадзілы паспешліва адплывалі з мелкаводдзя.
Абапал ракі лес поўніўся тысячагалосым крыкам птушак, і ні на момант не сціхаў узрушаны лямант малпаў.
У такт вёслам воіны спявалі песню:
Рытм песні падганяў весляроў. На чорных спінах іскрыліся кроплі поту, на плячах і руках перакочваліся мускулы, і лодка ляцела наперад, як страла.
Падарожжу надыходзіў канец.
Вячэрнія цені моцна выцягнуліся, калі Мафута накіраваў лодку к берагу.
— Адсюль да школы ўжо блізка, — сказаў ён. — Прайсці толькі лес.
Воіны і Цікі з Мафутам выйшлі з каноэ і паціснулі рукі чатыром рыбакам, якія павінны былі вярнуцца на лодцы назад.
— Перадайце вашаму правадыру вялікае дзякуй, — сказаў ім Мафута. — Мы не забудзем яго дабрату.
Усе пастаялі на беразе, пакуль прыгожая лодка не знікла з вачэй, і падаліся ў лес. Навокал паступова цямнела, апалены сонцам лес выпраменьваў вячэрнюю духмянасць.
Ледзь прыкметная сцяжынка перайшла ў добра пратаптаную сцежку, якая, нарэшце, вывела на шырокую, роўную, пясчаную дарогу.
Неўзабаве Цікі ўбачыў здалёку школьны будынак.
Які ён быў прыгожы! Трохпавярховы, з вялікай верандай, павітай цяністымі паўзучымі раслінамі, з сотняй акон, у якіх ззяла, адлюстроўваючыся, вячэрняе сонца.
Школа была абгароджана каменнай сцяной з прыгожымі жалезнымі варотамі.
Калі яны падыходзілі, маленькі хлопчык заўважыў іх, імгненне пастаяў, вылупіўшы вочы, а потым стрымгалоў кінуўся ў вароты і знік з вачэй.
К таму часу, калі Цікі, Мафута і воіны прыйшлі на двор, навіна абляцела ўсіх, і іх сустрэў натоўп школьнікаў і школьніц, якія ўзрушана мармыталі нешта, у захапленні пазіраючы на страўсавае пер'е, скураныя шчыты і зіхатлівыя коп'і воінаў.
Цікі адначасова адчуваў і збянтэжанасць, і гордасць. Такое здарылася б і з любым іншым навічком, які з'явіўся б у школу з эскортам з васьмі суровых воінаў!
Калі яны спыніліся, з будынка выйшаў высокі чалавек і прывітаў іх.
— Хто да нас прыйшоў? — спытаў ён, весела бліснуўшы вачыма. — Вярхоўны Правадыр?
Цікі пачаў паспешліва тлумачыць:
— Не... ці бачыце, пане...
Але Мафута паклаў яму руку на плячо і, усміхнуўшыся, сказаў:
— Гэта вельмі доўгая гісторыя. Адразу не раскажаш. Ва ўсякім разе, пакуль не зусім яшчэ сцямнела, мне з воінамі трэба пакінуць вас.
Дырэктар школы ветліва кіўнуў галавой.
— Ну добра, Цікі, — прамовіў ён, — развітайся са сваімі сябрамі, а потым Нкота, вось гэты хлопчык, пакажа табе, куды ісці. Крыху пазней мы яшчэ ўбачымся з табой, — сказаўшы гэта, дырэктар вярнуўся ў школьны будынак.
Цікі падзякаваў воінам.
Потым развітаўся з Мафутам.
— Я ніколі не забуду нашага падарожжа, — сказаў ён і раптам зажурыўся і ледзь не заплакаў. Ён проста не мог уявіць сабе свет без свайго вялікага ўсмешлівага сябра.
— Я таксама заўсёды буду помніць, — буркнуў Мафута панура. — Але не сумуй, Цікі. Перад самымі канікуламі напішы мне, я прыйду па цябе.
Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Потым Мафута і воіны павярнуліся і хутка пакрочылі назад, у згусцелы прыцемак.