Цікі ўбачыў, як Мафута азірнуўся, памахаў рукой і разам з воінамі знік у лесе. Ён адчуваў сябе адзінокім, пакінутым.
Раптам Цікі пачуў ціхі голас:
— Ты пойдзеш са мной, Цікі, ці пастаіш яшчэ? Я пакажу табе нашу школу.
Цікі павярнуўся і ўбачыў побач з сабой Нкоту.
— Ага, — адказаў ён. — Я хачу пазнаёміцца з маім новым домам.
Абодва хлопчыкі накіраваліся да школы. Праз нейкі момант Нкота запытаў:
— У цябе было цікавае падарожжа? Здалёк прыйшоў?
— Так, — адказаў Цікі і раптам прыгадаў усё: і юнага воіна, і маленькага Дзік-Дзіка, і бабуінаў, і лясны пажар, і браканьераў-вандэробаў, і параненага слана, і цудоўныя казкі Мафуты. Самым яркім успамінам быў сам Мафута — яго добры, дужы і мудры спадарожнік.
— Так, Нкота. Я прыйшоў здалёку, і падарожжа маё было цудоўнае. Калі-небудзь раскажу.