І паволі, вельмі паволі, нібы нейкае рачное страшыдла, Нсофу пачаў мала-памалу падымацца з балота. Цаля за цаляй ён выплываў на паверхню. Спачатку вылезла вялізная галава, потым шырачэзная спіна, хвост, затым тулава і, нарэшце, ногі.
І вось ужо Нсофу стаў нагамі на цвёрды грунт.
Як лёгка зрабілася Чыколве, калі ён перастаў цягнуць! Ён глыбока і стомлена ўздыхнуў.
Нсофу памахаў у паветры хобатам і прачысціў горла.
— Кхэ! Кхэ! — А потым басавіта сказаў: — Не ведаю, чым аддзякаваць табе, мой сябар.
Чыколве адчуў, як пацяплела ў яго на душы: першы раз у жыцці, калі не лічыць птушкі-нектарніцы, яго назвалі сябрам!
— Ну што там... — адказаў ён сціпла. — Я з радасцю памог табе. Галоўнае — усё мінула, і табе ўжо не пагражае небяспека.
— Так, усё мінула, — удзячна паўтарыў Нсофу. — А зараз хадзем да мяне. Павячэраем разам.
Так пасябравалі слон і гарыла.
— Потым, — закончыў Мафута, — Чыколве пасябраваў яшчэ шмат з якімі звярамі, таму што сіла і храбрасць праславілі яго на ўвесь лес.
— А ці быў ён калі-небудзь зноў адзінокі? — пацікавіўся Цікі.
— Не, больш ужо ніколі, — адказаў Мафута. — Пасля таго здарэння ўсе прыходзілі да яго ў госці. І да канца дзён сваіх ён жыў шчасліва.
— Ты расказаў вельмі цікавую казку, Мафута, — задаволена ўздыхнуў, засынаючы, Цікі.
Агонь гарэў ярка, у небе ззялі зоркі, і лясныя дрэвы маўкліва выстраіліся вакол двух сяброў, бы вартавыя, што ахоўваюць сон людзей.
Раздзел трэці. Юны воін
Сонечны зайчык прабег па твары Цікі і разбудзіў яго.
У першы момант хлопчык не ўцяміў, дзе ён, таму што не чуў навокал прывычнага вясковага шуму.
Потым успомніў.
«Гэта ж пачатак маіх прыгод! — падумаў ён. — Сёння першы дзень».
Ранак быў цудоўны, свежы. Сонечныя промні прабіваліся скрозь кроны мсасавых дрэў, што акружалі лагер, і ў гэтым месцы лес нагадваў прасторны залаціста-зялёны грот. Стракатыя птушкі прачнуліся ўжо і спявалі, цвыркалі, гучна клекаталі. Усё пакрывала раса: яна іскрылася і зіхацела, як брыльянты, на лісці дрэў, на былінках травы, на нітачках павуціння.
Цікі паляжаў яшчэ крыху нерухома, пазіраючы скрозь вершаліны дрэў на блакітнае неба. Але рэчка цурчала побач так весела, а вада здавалася такой празрыстай і прывабнай, што хлопчык не мог больш ляжаць. Праз момант ён плюхаўся ўжо ў рацэ, адчуваючы, як сцюдзёная вада праганяе апошнія рэшткі сну.
А Мафута гучна хроп!
Самога Мафуту Цікі не бачыў — бачыў толькі высокі і шырокі пагорак пад коўдрай.
Аднак трапна пушчаны каменьчык як бачыш ажывіў яго: пагорак зачмыхаў, застагнаў, пачухаўся і зноў застагнаў.
— Мафута! Прачніся! — гукнуў Цікі. — Цудоўная раніца! Ідзі сюды, пакупайся!
Мафута апасліва ўзіраўся ў рэчку.
— Сёння я, бадай-што, абыдуся без ванны, — прамовіў ён, перасмыкнуўшыся ўсім целам. — Да таго ж, калі я палезу ў гэты ручай, для вады месца не застанецца. Лепш я проста памыюся, — і Мафута спаласнуў вадой галаву і грудзі, пыхкаючы і сапучы ад холаду.
Яны распалілі агонь, і хутка згатавалася снеданне — смачная маісавая каша.
— А цяпер пачысці гаршчок і патушы агонь, — загадаў Мафута, калі каша была з'едзена. — А я тым часам дам хвіліначку адпачыць сваім стомленым касцям.
Калі Цікі зрабіў усё, што было яму загадана, яны пакрочылі насустрач ранішняму сонцу. Наперадзе ішоў Мафута.
Дзённае падарожжа пачалося.
Яны ішлі хутка, з асалодай падстаўляючы цела пад цёплыя промні сонца. Дарога была даволі лёгкая. Іншы раз ім даводзілася пераходзіць ручай ці перабірацца цераз круты скалісты пагорак альбо ісці па неглыбокім балоце. Але найчасцей сцежка вяла іх між высокай травы, часта такой высокай, што Цікі даводзілася падскокваць, каб глянуць навокал.
Калі трава дасягала такой вышыні, ісці было нуднавата, таму Мафута мурлыкаў сабе пад нос якую-небудзь песеньку, а Цікі падпяваў яму, адбіваючы далонямі такт.
Часам цераз сцежку перабягаў заяц, напалоханы шумам. Не раз ім трапляліся бабуіны. Малпы не звярталі на падарожнікаў ніякай увагі і нахабна ішлі сабе ляной хадой, замінаючы падарожнікам.
— Яны зусім як людзі, праўда? — сказаў Цікі, убачыўшы цэлую зграю гэтых істот не далей як крокаў за пяцьдзесят наперадзе. — Куды яны ідуць?
— Не люблю я бабуінаў, — адказаў Мафута. — Яны, не іначай, шукаюць, што б дзе ўкрасці. Страшэнныя зладзеі.
Неяк раз яны ледзь не наступілі на вялізнага пітона, але ён паволі адпоўз у траву. Пасля гэтага абодва сталі больш асцярожныя, і Мафута выразаў з муквы два тоўстыя кіі, з якімі яны не расставаліся ўсю раніцу. Цікі вельмі спадабаўся кій, і ён хвастаў ім усё, што траплялася на вочы.