Выбрать главу

— Ну, бачыш, ад каго твой бацька? Ад найбольшага героя!

— А чаму ён не ў брацкай магіле каля аэрапорта, як усе?

— Бо ён такія подзвігі рабіў, што яго асобна пахавалі. Хто ў брацкай магіле, той меншы герой, а хто ў асобнай — той большы.

Пятрусь слухаў з недаверам, але бабуля казала так упэўнена, пераканаўча, што ён быў зусім супакоіўся. Але тут зноў крыўда нахлынула.

— А яны дражняцца! Кажуць, што я… — і зноў не адважыўся вымавіць уголас, азірнуўся, як і з маці, і пачырванеў, і паманіў бабу, каб нахілілася. Прашаптаў ёй на вуха.

Бабуля выпрасталася, стала строгай, урачыстай.

— Ніколі больш такога не кажы! І не паўтарай! Ні ў голас, ні сам сабе не кажы, бо гэта самае брыдкае, самае страшнае слова, якое толькі можа вымавіць чалавечы язык!

— Горш за мацернае? — прашаптаў Петрык, у якога аж мурашкі па спіне папаўзлі ад яе біблейскага тону.

— Горш! І таго, хто гэта кажа, у турму пасадзяць, і Бог на небе пакарае так, што язык адсохне, і рукі-ногі паадсыхаюць!

— А Галька сказала, — заміраючы ад страху, прашаптаў Петрык. — Не пабаялася… І што ёй за гэта будзе?

— Бог пакарае.

— Калі?

— Ну, не адразу… Трошачкі пасля таго, як сказала. — Тут бабуля прыслухалася, прыпала да вакна: — Нехта ідзе да нас…

Але дзверы ўжо стукнулі. Петрыку і соладка было, і страшна, і так шкада Гальку! А раптам у яе язык адсохне? Ці рукі адымуцца? Яна такая прыгожая… Жывая, жвавая… Пругкая, як ікрынкі мойвы. І Петрыку было заўсёды прыемна, калі яна мерылася ростам і прыціскала яго да грудзей. Ах, што ж яна сама сабе нарабіла, дурніца! Цяпер ён і рады быў бы памагчы, ды ўжо, відаць, ніяк.

— А яны яшчэ дражнілі мяне разумным, — ні з таго ні з сяго ўспомніў ён.

— А ты не паказвай крыўду. Бо яны толькі таго і чакаюць. І калі ты злуешся, дык яшчэ больш будуць дзяўбаць. Яны табе — разумны, а ты адказвай — яшчэ і які разумны, разумнейшы, скажы, за вас! Я, скажы, такі разумны, як Брэжнеў.

— А яны крычалі, дзеўкі ў мяне не будзе, — адно за адным прыгадваў Петрык.

— А ты скажы — мае дзеўкі яшчэ не нарадзіліся, яны не роўня вашым, мае, скажы, дзеўкі будуць з чыстага золата!

Параўнанне не вельмі спадабалася ўнуку — лепш было б, каб яго дзеўкі былі жывыя і цёплыя, як Галька, а не з мёртвага халоднага золата. Але ўсё адно яму прыемна было слухаць, і лягчэй рабілася на сэрцы. Ён бачыў, што бабуля шкадуе яго, хоча абараніць, і таму знарок перабольшвае.

— Яшчэ казалі, што ў армію не возьмуць…

— А ты скажы — і возьмуць, і выберуць у генералы, і я буду ў сухім штабе сядзець, а вы ў акопах мокнуць, — мякка слала баба Домна.

А сама цукеркі падсоўвае, і ўсё свеціцца дабром. Кошачка падыйшла, стала ласціцца аб ногі. І сцены добрыя тут, і тэлевізар добры, і так прыемна пахне абрыкосавай настойкаю…

— Ну, бабулечка, я цябе так любіць буду, не ведаю як!

Радасны, супакоены — з такой навукай не прападзе цяпер! — пабег Петрык на веранду. А там Галькін бацька, трактарыст Карл Капора. Сядзіць за сталом і есць мойву.

— … А я бачу, нешта не так. Пцьфу-пцьфу… Галя ледзь не плача. Што такое? Я пытаю — маўчаць. Я за папругу — маўчаць. Я здымаю папругу… Тут Тамаш прызнаўся. Галя, кажа, дражніцца! Петрыка, кажа, задражніла. А яна перажывае, во яно як… Ну, думаю, раз так — схаджу, гляну. Думаю, трэба схадзіць, глянуць. Пцьфу! Схаджу, думаю, адведаю, — усё паўтараў Капора, відаць, ставіў сабе ў заслугу свой прыход.

— Не плюйся… Усе дзеці спрадвеку дражняцца.

Маці наклала на талерку рыбы, зверху лусту хлеба, падала сыну:

— Бабулі аднясі… Бо яна ганарыстая, сама не прыдзе, — патлумачыла Капору. — Пакрыўдзілася, што я мо не так сказала пра яе ўчарашнія гулі.

Петрык аднёс і хуценька назад — паслухаць.

— …Дык я думаю, гляну. Як хлопцу пасля таго, як яго пакрыўдзілі. Наўрад ці яму соладка на душы, — разважаў Капора. — Няможна такім словам дражніць чалавека. Калі ўжо так не церпіцца, ну, скажы, дапусцім, яўрэй. Чалавек жа не вінаваты, што яўрэй, правільна? Што ж тады, не жыць?

— Абы-што ты плявузгаеш! — злавалася маці. — Чалавека ніяк не трэба дражніць! Ніякім словам! Ды не плюйся ты!

Капора меў дурную звычку — казаць перыядычна «пцьфу-пцьфу». Праўда, сліна не ляцела, але было непрыгожа, непрыемна, бо здавалася, што вось-вось сліна выляціць. А так як заходзіў ён часта, любіў пасядзець, і чалавекам лічыўся важным, патрэбным са сваім трактарам і сваімі ўмелымі рукамі — такога не выганіш, дык, бывала, маці, стаміўшыся рабіць яму заўвагі, дэманстратыўна прыносіла і расцілала на падлозе каля яго ног газету.