Выбрать главу

Цяпер маці марна старалася змяніць тэму.

— Усё! Каб больш не вучыў гэтаму сваіх дзяцей. На гурка вазьмі.

— Гурка папрэбую… Смачны, салодкі… Пцьфу!.. Чаго ўжо тут… Так ужо атрымалася… Трэба выгляду не паказваць… Трэба цярпленне… Я вось з адным служыў, дык у яго было прозвішча Яблонскі…

— І што?

— Цярпеў. Тут толькі адно — цярпленне і яшчэ раз цярпленне…

— Ну, вушы проста ад цябе вянуць! — не вытрымлівала маці.

— Ты вунь якая ладная, русая, прыгожая… Гарна маладыця! А Пятрок, бачыш, не ў цябе ўдаўся… Бывае… Я Гальцы гэта ўмазгую. Папруга паможа… Калі ўжо так закарцела, язык свярбіць, дык можна ж якое іншае слова знайсці… Сказаць — рускі, ці паляк, ці чэх…

— Я табе соты раз паўтараю — ніяк не трэба дражніцца!

— Мы мо і ёсць якія чэхі. Нездарма ж так назвалі — Чэшская Слабодка… Проста так не назавуць. Людзі калі ўжо даюць назву, дык ведаюць, што да чаго. Калі б тут жылі, дапусцім, яўрэі, была б, можа, Яўрэйская Слабодка… Альбо каб жылі славакі — Славацкая Слабодка…

Капора марудна набліжаўся да высвятлення ісціны. Гаварыў з задавальненнем, было відаць, што падабаецца яму тут. Гаворачы, ён адначасова еў мойву, гурок, а найбольш — маці вачыма.

— Абрыкосам пахне, — нюхаў чарачку, разглядваў на святло. — А калі б жылі рускія — звалі б Руская Слабодка… Пцьфу…

— Не магу я больш слухаць! — зусім раззлавалася маці. — Як веснічкі целяпаюцца, дык хоць бы хто памог… А ты спаць ідзі — даўно пара! — на сына.

Петрык пайшоў, распрануўся, акуратна склаў на табурэтку штонікі, кашулю, зверху кепачку. За вакном было зусім цёмна. Лёг у ложак і накрыўся коўдраю. І адразу ж перад вачамі паплылі зялёныя і жоўтыя плямы, чамусьці падумалася, што ствол абрыкоса так і не пабялілі…

Маці ціха прыйшла ў цемры. Пачала абдымаць яго.

— Ах ты мой дурненькі, я ж цябе так люблю… Ты ж сам сябе не можаш бачыць збоку, а ты такі спрытненькі, ладненькі, прыгожанькі… Добры, ціхі… Самы разумны ў мяне!

А ён выкручваўся, не даваўся ў рукі, мармытаў:

— Не хачу быць разумным…

— Ты ж толькі калі вырасцеш, дзеўку палюбіш, не забывай пра матку, добра? Бо дзеўка скажа, нашто нам матка — старая, нягожая… Не ўсе нявесткі свякрух любяць…

— Не хачу расці! — шыўся ён пад коўдру.

— А што ты хочаш?

— Вось тут з табою жыць, і на вуліцу не выходзіць!

Маці весела смяялася, і Петрык таксама супакоіўся — ён успомніў, што цяпер у яго ёсць навука бабы Домны і яму больш няма чаго баяцца. Раніцай ён выйшаў на вуліцу, па звычцы прытрымліваючы веснічкі дзвюма рукамі. Але яны ўжо не калываліся, клямка сядзела надзейна. Каля Капорынага дома стаяў матацыкл з каляскаю. Дзядзька Карл дзелавіта піхаў палачку ў бак — правяраў, колькі бензіну. Побач стаяла Галька ў бялюткай, адмытай-адпрасаванай спаднічцы і трымала ў руках самы сапраўдны матацыклетны шлем! Пятрок адвярнуўся, раздумваючы, ці не шмыгнуць назад у двор. Але Галька ўбачыла яго і ўзрадавана махнула яму рукой. Яна была вясёлая! Яна клікала яго, каб ён падыйшоў. Ён марудзіў. Яна сама падбегла.

— А мяне сабака ўкусіў! — пахвалілася.

— Чый?!

— Наш.

— Калі?!

— Учора ўвечары, позна, калі тата ад вас вяртаўся.

Пятрусь стаяў аслупянелы. Вось дык падзеі! Як хутка прыйшла кара! Злачынства — і імгненна пакаранне… Але ж ён не хацеў гэтага! Цяпер Галька ўзненавідзіць яго, падумае, гэта ён на яе кару напусціў… Ён ужо сабраўся ўсё растлумачыць, сказаць, што не ён вінаваты — ён ніколечкі не крыўдуе! — а слова, якое нельга вымаўляць чалавечаму языку, але тут Галя сказала:

— Нага сіняя, як неба! Хочаш, пакажу? — і задрала спаднічку.

Нага была не як неба, а хутчэй як вясёлка на небе: сіняк, густа змазаны ёдам і зялёнкаю, і ад таго рознакаляровы, і на сіняку — чорныя, заманлівыя сляды дзірачак ад зубоў, зверху і знізу.

— З сабакі поўсць стрыглі, палілі і попелам замазвалі…

— Навошта?

— Каб не заікалася. І яшчэ доктар прыязджаў. Цяпер мяне будуць вазіць у паліклініку на ўколы.

Сколькі навін! Петрык аж пазайздросціў.

— А ты ў шлёме будзеш ездзіць?

— Канечне! Гэта ж горад; там без шлёма нельга, адразу арыштуюць.

Не — усё ж такі Галька здораўская! Вунь колькі прыгод, і як прыгожа ўмее расказваць — «нага сіняя, як неба!»..

8

Першага верасня маці памагла Петрыку ўздзець на плечы ранец — дачакаўся свайго часу бацькаў падарунак, узяла за руку і павяла на прыпынак.