Па дарозе сустрэлася Галька Капора з братам Тамашам. Хлопчыкі міжволі пацягнуліся адзін да аднаго, адзін чарнявы, другі бялявы, абодва падстрыжаныя, вушатыя, натапыраныя і напалоханыя — дзеці поля, лесу, рэчкі, прастору, волі…
На прыпынку ўжо многа стаяла слабадскіх школьнікаў. Старэйшыя былі вясёлыя, смяяліся, хлопцы штурхалі дзяўчат, а меншыя, такія, як Петрык з Тамашам, збіліся ў маўклівы гурток са сваімі букетамі гладыёлусаў вышэй галавы, а ў дзяўчынак у кожнай на галаве яшчэ неверагоднай велічыні банты.
Паказаўся знаёмы «Ікарус». Раптам усе пачалі хвалявацца: а можа не спыніцца? Аўтобус і праўда праехаў далей чым трэба, потым усё ж прытармазіў, даў задні ход і неахвотна спыніўся.
Ехаць было два прыпынкі. Раней Пятрусь бачыў школу толькі з акна аўтобуса. Звычайна калі вадзіцель аб’яўляў: «Школа!» — кожны раз ён прыліпаў лобам да шкла і з недаверам, нават са страхам пазіраў на цагляную трохпавярховую будыніну, якая трывала асацыіравалася ў яго з турмою. Колькі ён сябе помніў, старэйшыя палохалі яго:
— Пачакай, пойдзеш у школу — пабачыш…
— Там, браце, не мёд!..
— Гуляй цяпер — бо ў школе не пагуляеш!..
Калі ім верыць, галоўная задача школы была ў абмежаванні свабоды, а ўся навука складалася з суцэльных забаронаў. Там на ўроках забаронена гаварыць, азірацца, уставаць, свістаць; няможна было нават, калі захочаш, выйсці ў прыбіральню. Трэба было толькі сядзець моўчкі, рукі склаўшы, і вачэй з настаўніка не зводзіць.
Аднак усё аказалася не такім і страшным. Пасля ўрачыстай лінейкі іх прывялі ў клас. Петрыка пасадзілі за адну парту з Тамашам. Клас вялікі, прыгожы. Стаяў прыемны пах, які бывае пасля рамонту. Праўда, каляровыя плакаты былі страшныя — на адным чалавек з разрэзаным жыватом, дзе ўсё напаказ, усе вантробы да апошняй кішачкі; на другім — чалавек зацягваецца цыгарэтай, і лёгкія ў яго гніласна-зялёныя, а побач другі чалавек удыхае водар ружы, і ў гэтага лёгкія чысценькія, ружовага колеру. Потым карта, глобус. Каля вялікай дошкі стэндзік, там кішэнькі для картак з лічбамі і з літарамі; да кожнай літары малюнак: «в» — вожык, «г» — грыб, «е» — лясная красуня-елка, «ё» — тая самая елка, толькі навагодняя, прыбраная бліскучымі цацкамі.
Малады настаўнік адразу спытаў:
— Хто ведае на памяць верш?
— Я!
— Хто?
— Дворак Пятрок!
Увесь клас так і паехаў са смеху. Пятрусь з Тамашам нічога не разумелі.
— З гэтага дня вы ўжо вялікія, — сказаў настаўнік. — Таму адвыкайце ад гэтых сю-сю, Марыначак-Паўліначак, Сяргейкаў-Петрачкоў. Наступны раз будзеш казаць — Дворак Пеця, або Дворак Пётр. Так і прыгажэй, і больш правільна. Ну, расказвай верш.
— Мы вясёлыя рабяты. Наша імя…
«Жарабяты», — хіхікнулі ззаду.
— Акцябраты! — пакрыўджана выгукнуў Петрык.
— Добра, сядай. А хто ўжо ўмее чытаць?
— Я! Я — Дворак Пётр!
— Якая гэта літара?
Баба Домна вучыла ўнука так: «каля мяне парасяты» — кэ-лэ-мэ-нэ-пэ-рэ-сэ-ты.
— Сэ, — сказаў ён.
— Не сэ, а эс. А гэта?
Пятрусь бачыў, што «тэ», але ўжо засумняваўся і сказаў:
— Эт.
— Не эт, а тэ. Можаш прачытаць слова?
— Ге-рой.
— Правільна. Малайчына. Вось ты, Дворак Пётр, і ёсць герой. Цябе ўжо ў трэці клас можна запісваць. На сёння табе хопіць, пасядзі маўчком.
Тамаш Капора зайздросна шаптаў:
— Ну ж ты і хітры! Выкруціўся! Я і не ведаў, што ты такі…
Петрык сядзеў амаль шчаслівы. Настаўнік заняўся іншымі, пачаў дапытваць іх падрыхтоўку. Петрык пакруціўся. Неўзабаве яму стала сумна. Ён падняўся і пайшоў да дзвярэй.
— Ты куды? — заступіў яму дарогу настаўнік.
— У туалет.
— Наступны раз будзеш падымаць руку і прасіць дазволу. Ідзі.
Пятрок выйшаў, пахадзіў па калідоры, спусціўся на двор, сарваў кветку з клумбы. Неяк ногі самі сабой панеслі яго са школьнага двара. Ён і не заўважыў, як апынуўся на полі, ужо зжатым, жоўтым ад пожні. Вось груша, пад якой яны елі траву. Сцежачка… Так ногі самі і прывялі яго дамоў. Бабуля Домна грэлася ў двары.
— Баба, мяне пахвалілі!
У бабы ледзь не аднялася мова.
— Захацеў быць такім, як бацька?! — ды плескача. — Цябе ж у кут на ўвесь дзень паставяць! На калені на гарох! Лінейкаю па руках!..
Ды зноў плескача! Калі ў абед пад’ехаў аўтобус, і Галька ўрачыста прынесла Петрыкаў ранец, ён, зарованы, запалоханы, мала што разумеючы, толькі прасіў бабулю, каб не казала матцы.
— Ох, і ўляціць табе, — суцешыла яго Галька. — І сёння, і заўтра!
На Петрыкава шчасце, маці вярнулася позна, стомленая, амаль не распытвала, як прайшоў першы школьны дзень, а бабуля, дзякуй ёй, добрая душа, і выглядам не паказала, што нешта здарылася. Не перадаць, з якім сорамам ехаў Петрык у школу на другі дзень. Але і тут абышлося. Настаўнік проста прамаўчаў. Ну ні слоўка!