Тамаш Капора дзівіўся, зайздросціў:
— Трэба ж так умець… Зноў выкруціўся! Спрытняк! І як толькі ўдаецца?
Пятрусь, аднак, напярод вырашыў дзейнічаць больш абачліва, а пакуль — залегчы на дно, каб спадцішка рабіць назіранні і набірацца вопыту.
9
З таго часу, як пайшоў у школу, Петрык толькі і чуў: ты ўжо вялікі, ты ўжо вялікі.
— Ты ўжо школьнік, вялікі, — сказала маці. — Хопіць табе мыцца ў балеі. Будзем ездзіць да дзядзькі Стаха ў мікрараён, у ванну.
І яны пачалі ездзіць да дзядзькі Стаха. Звычайна па пятніцах, увечары пасля працы. Маці напакоўвала сумку буракоў, морквы, бульбы, гуркоў, памідораў.
— Ты прывыкай, і яны хай да цябе прывыкаюць, — вучыла маці. — Мо з настаўнікам паможа… А мо кватэру на цябе перапішуць… Ды прыглядвайся да яго, вучыся! Не глядзі, што ён такі. Гэта ён на людзях прыдурваецца, а сам жыць умее, не тое, што твой бацька…
Петрыка заўсёды ўражваў гэты хуткі пераход ад слабадской цішы да горада. Некалькі прыпынкаў — і вось ты ўжо ў мікрараёне, як на іншай планеце. Дзіцячы сад, чужая школа. Гастраном. Знаёмы двор — прамакутнік, па два дамы з тарцоў, па тры — уздоўж. Усё замкнута. Пасярод двара дзіцячая пляцоўка, арэлі, грыб-мухамор у пясочніцы. Лавачкі ля пад’ездаў.
Дзядзька Стах з жонкай цёткай Таняй жылі ў трохпакаёўцы. Адзіная іх дачка Лена вучылася ў Мінску на доктара. Для яе бацька будаваў яшчэ адну такую ж трохпакаёвую кааператыўную кватэру, але ўжо ў «цэнтры» (як для слабадчан чароўным словам было «мікрараён», так для жыхароў мікрараёна — «цэнтр»). А пакуль жылі ў сваёй шыкоўнай, прасторнай кватэры ўтрох: дзядзька Стах, цётка Таня і Ціша, сучачка з гладкай поўсткай, крывымі лапкамі, лупаценькая, з вусікамі. Спала яна на канапцы, куды, растаўсцелая, не магла ўзабрацца, тады азіралася, просячы дапамогі, і яе падсаджвалі. Ела з асобнай міскі, а то і з гаспадарскай, за сталом, калі дзядзька Стах браў яе на калені. Выгульвалі яе мала, у асноўным яна сядзела на падаконніку, пазірала ў вакно і тапырыла вусікі.
Маці вучыла Петрыка прыглядацца, запамінаць — а што тут было прыглядацца? Толькі пазіраць і зайздросціць. Прыбіральня, ванна, балкон, кухня — усё ў адным памяшканні, і разам з тым ізаляванае. На падлозе дываны, на сценах дываны. Чысціня, ахайнасць. Мора вольнага часу — сядзі сабе за сталом і нічога не рабі. Цуд, а не гарадское жыццё!
Багатыя Стах і цётка Таня заўсёды прымалі бедных сваякоў — Петрыка з маці — гасцінна, але з паблажлівасцю.
— Ну, што новага? Хто памёр? — яшчэ з парога кожны раз пытаў Стах.
— Пакуль ніхто, — адказвала маці як бы крыху вінавата.
Цётка Таня працавала ў бальніцы медсястрою. І хоць цяпер, дома, ад яе нічым не пахла, Петрыку заўсёды чамусьці здавалася, што ўсё ж такі яна крыху пахне бальніцай, хлёркай і крухмальнай пасцельнай бялізнай. Цётка абдымала Петрыка, пры гэтым абмацваючы, — так, што дрыжыкі бегалі па скуры і рабілася шлакотна, уздыхала:
— Пусценькі… Не ўеты.
Яна ацэньвала чалавека не па адзенні, не па розуме, а па тым, наколькі ён тоўсты; ёй падабаліся людзі мажныя, поўныя, толькі па гэтым яна меркавала і пра цяперашні дабрабыт чалавека, і пра яго будучыню.
Дзядзька Стах таксама мацаў Петрыку жывот, а потым, задзіраючы майку, паказваў для параўнання свой, які ён называў «мамончык».
— Во які мамон трэба каб быў! — і ляпаў сябе па жываце.
Цётка Таня напаўняла ванну. Петрык распранаўся, сцінаючы плечыкі, папіскваючы, нібы не ў гарачую ваду трэба было ўваходзіць, а ў халодную, увальваўся ў глыбокую ванну з галавой. Якая блакітная вада! Якая прыемная расслабленасць ва ўсім целе! Ён мог тут ныраць, мог ляжаць на спіне, не дастаючы дна, мог адштурхоўвацца нагамі ад аднаго краю, а рукамі ад другога — і так плаваць узад-уперад. А далей была яшчэ большая прыемнасць, калі маці захутвала яго і выцірала калючым махровым ручніком, ад чаго цела рабілася лёгкім, чыстым, пругкім…
Потым сядалі за стол. І тут у Петрыка вочы разбягаліся. Вэнджаная рыба з белым слоем тлушчу — з Латвіі прысылаў цёткі Танін брат; катлеты, і каўбаса, і галубцы, і з прывезенай імі свежай гародніны — вінегрэт і салаты… І гэта ў будні дзень, без аніякага свята. Дзядзька Стах наліваў сабе віна, перад тым, як выпіць, пытаў у Петрыка:
— Ты ведаеш, колькі тут калорый? Больш, чым у катлеце!
Цішу ён трымаў на каленях. Яна лезла мордачкай ва ўсе міскі, да якіх магла дацягнуцца, ніхто на яе не гыркаў, ёй дазвалялася за сталом тое, што і людзям.