Маці апускала руку з венікам.
— Ды па мне хоць кожны дзень гуляйце! Іграйце хоць на пілах, хоць на сякерах, хоць на балалайках… Тыя ж зноў прыпруцца! Ды пачнуць плявузгаць абы-што.
«Тыя» — значыла начальства, якое сапраўды неўзабаве з’яўлялася як з-пад зямлі. Пад’язджалі, заходзілі ў двор, у дом. І ўжо за ўсё даставалася бабулі! Тут яны ўжо не ўпускалі магчымасці за ўсё адыграцца. Маўляў:
— Лёгка жывеш!.. Вядзеш амаральны лад жыцця… П’еш, гуляеш…
Дужа не падабаліся начальству гэтыя падазроныя пагулянкі, зборышчы, такое дэманстратыўнае вяселле. Кабеціна на пенсіі, па-іхняму, выгляд павінна мець скрушны, знясілены, сама павінна быць гарапашнай, сагнутай у крук, прыгнечанай нягодамі, — але разам з там і руплівай, каб увесь астатак жыцця пакласці на дзяцей і ўнукаў.
А Домна проста жыла ў сваю ахвоту. І гром не забіваў яе за гэты грэх на роўнай дарозе, і зямля не правальвалася пад нагамі; наадварот — статная, маладжавая, асабліва пасля пары чарачак «абрыкосаўкі», босыя ногі ступалі па зямлі лёгка, спіна была разагнутая, вочы маладыя і румянец на шчоках.
І вось гэта чамусьці асабліва раздражняла начальнікаў, нават успрымалася імі, як асабістая знявага. Паводзіны Домны абуралі іх не менш, а, бадай, нават і больш, чым перазахаванне Андрэя. Такім жыццём яна збівала з панталыку іншых, з’яўлялася жывым узорам, уводзіла ў сумненне: а раптам сапраўды чалавек створаны для волі? Тады што ж гэта атрымліваецца? Што зусім не абавязкова да пацямнення ў вачах рваць жылы, свету белага не бачыць за працай? Так, чаго добрага, гледзячы на яе, і іншым захочацца такога ж жыцця, усе пачнуць спяваць і ніхто працаваць не будзе.
— …І не сорамна вам, старым? Чаму вы малых навучыце? Дзеці са школы ідуць, чуюць… Які вы прыклад падаеце падрастаючаму пакаленню?
Гэта быў любімы аргумент — «падрастаючае пакаленне».
— Я вашае пакаленне паганаму не вучу, — звыкла абаранялася Домна.
— «Вашае»… Яно такое ж нашае, як і тваё. У цябе ў самой вунь унук — чаму ён навучыцца? Піць, гуляць сярод белага дня?
— Хіба па вашых законах песні няможна спяваць?
— Зноў — «вашых»… Антысаветчынку разводзіш? Супрацьстаўляеш сябе і дзяржаву? Законы такія ж нашыя, як і вашыя, яны для ўсіх пісаны.
— Адступіцеся! Я ведаю, што вам трэба — Андрэя выкапаць.
— Не выкапаць! Не выкапаць. А культурна, па ўсіх нормах і правілах беражліва перазахаваць. Вось тады будзе іншая справа. Тады ты зноў аўтаматычна станеш заслужанай удавой, і калі ласка — можаш з чыстай душою піць, гуляць, спяваць, — знарок заводзілі Домну. А так чым ты славутая? — нічым. Якія ў цябе заслугі перад грамадствам? — ніякіх.
— Я і так удава франтавіка!
— Франтавікі ўсе ў брацкіх магілах, ці пад помнікамі з зоркамі, а твой Андрэй пад крыжам. Так што афіцыйна ніякая ты не ўдава, няма ніякіх ільгот і правоў — ануліраваны!
Тут не вытрымлівала Петрыкава маці і ўступалася за свякруху.
— Ах, бессаромнікі! Чаго вы яе дзяўбеце, як коршакі?! Нявіннага чалавека! Вы ж калі пастаўлены над людзьмі, дык павінны шкадаваць іх! Як гэта так — каб ні каліва шкадавання! Хоць бы падумалі, як ёй адной было траіх дзяцей падымаць; яна ж і праўда — мнагадзетная маці…
Само сабой, даставалася і нявестцы.
— Не выдумляй! Мнагадзетная маці — гэта калі дзеці малыя, а ў вас вунь якія бугаі! — ды яшчэ такія нядружныя… Браты Карамазавы!
Калі канчалася ўсё, уціхамірвалася і адбывала начальства, маці пачынала ўжо ўсур’ёз злавацца — на Домніных сыноў.
— І чаму яны не памірацца ніяк? Што яны ўсё дзеляць? Сорамна на ўвесь горад… Абы-што!
Петрыку вельмі шкада было ў такія хвіліны добрую бабулю, такой няшчаснай яна выглядала.
— Ох, донечка, не кажы… Гора проста. Так мучалася з імі, адна гадавала, а яны вунь… Малыя былі, дык золата, а не дзеці, такія дружныя, лагодныя, сам галодны, а брату аддасць… А падраслі — як сурочыў хто, бы які чорны кот паміж імі пабегаў!
— І чаго ім не хапае? — хутчэй сама ў сябе, чым у свякрухі, пытала маці. — Асобна жывуць… Я далібог не ведаю, радавацца мне, калі ён прыязджае, ці плакаць, — казала яна, пераскочыўшы ў думках на прыезды свайго мужа Марка.
4
Прыезды Марка былі хоць і рэдкія, затое ўсе незабыўныя. Каму-каму, а Петрыку ўражанняў хапала. Пачаць хоць бы з таго, што бацька блытаўся ў сынавым узросце. Заўсёды ў яго з падарункамі атрымліваліся казусы. Калі Петрыку было два гады, бацька прывёз яму новенькі школьны ранец, набіты кедравымі шышкамі з карычневымі арэхамі, такімі цвёрдымі, што нават дарослыя з цяжкасцю раскусвалі іх. Зярняты не хацелі вылузвацца, ліплі да зубоў разам з шкарлупкаю, а збянтэжаны бацька пераконваў усіх, што яны проста «недасушаныя», а так — вельмі ж карысныя па колькасці вітамінаў. Маці толькі ўздыхнула: