— Глыбока памыляешся! Гэта твор найвялікшага пісьменніка, ураджэнца нашай шчодрай на таленты непаўторнай матухны-радзімы Беларусі. Вось так. Каб ведаў. Твор, браце мой, настолькі геніяльны і тоўсты, што ніводзін чалавек пакуль не адужаў дачытаць яго да канца. Так што калі пойдзеш у школу, будзеш добра вучыцца — можа, ты дасягнеш такіх вышынь, што дачытаеш. Так і запомні!
На другі дзень пасля абеду бацька павёз Петрыка купляць яму новую кашулю і сандалі. Зайшлі ў парк. Быў выхадны, працавала «чортава кола», арэлі, карусель у выглядзе звяроў. Пакуль Петрык катаўся на шыі лебедзя, бацька купіў білет на экскурсійна-прагулачны цеплаходзік па Сожы.
— Не забывай любавацца краявідамі, — нагадаў бацька сыну перад тым, як ступіць на палубу. — Больш запамінай малюнкаў прыроды.
А краявіды і праўда былі прыгожыя. Вачам адкрываліся такія далі, што дух займала. Цеплаходзік плыў па сярэдзіне Сожа, левы бераг быў нізкі, роўны, бы засланы зялёным шаўкавістым абрусам, а правы — адвесны, стромкі, магутныя дрэвы стаялі на самых кручах і трымаліся на адным толькі карэнні! Бацька перыядычна спускаўся з верхняй палубы на ніжнюю, дзе быў буфет, прыносіў сыну цукеркі, шакалад ці марожанае, і з кожным разам усё мацней любаваўся роднымі мясцінамі, голасна, на ўсю палубу прапаноўваў тое самае рабіць сыну і незнаёмым пасажырам.
— Якая багатая нашая матухна-радзіма! Што там твая Сібір, што Швейцарыя! — і Пятрусь бачыў, што пасажырам таксама перадаецца яго ўзнёслы настрой, яны часцей усміхаюцца і з падзякай, прыязна глядзяць на бацьку. І сам Петрык міжволі пачынаў адчуваць гонар за бацьку, і шчымлівую радасць, што нарадзіўся ў такіх чароўных мясцінах.
А бацька падміргваў сыну, складваў рупарам далоні, аддаваў каманды нябачнаму капітану:
— Кінь права! Мель па курсе!
Нарэшце супакоіўся, яны прыселі на лаўку. Петрык даведаўся многа цікавага; напрыклад, што звычайны бакен паказвае мель, а паласаты — бела-чорны ці бела-чырвоны, азначае рэзкі паварот фарватэру; што розніца паміж прагулачным цеплаходзікам і «Ракетай» у тым, што «Ракета» ляціць на крылах амаль у паветры, а «наш ціхаход мае асадку 1 метр 60 см», але калі «Ракета» спыніцца, асадка ў яе 2 метры 20 см.
Калі на беразе траплялася маленькая прыстань, бацька ўсклткваў: «О, яшчэ дэбаркадэр!»
Таксама сын папоўніў свае веды наконт таго, што дызель «Ракеты» — турбіна — заводзіцца сціснутым паветрам, 3 балоны па 150 атмасфер, а пасля матор пераходзіць на самаабслугоўванне: паветра ў цыліндры пампуе турбіна, а яе круцяць выхлапныя газы.
Петрыку надзьмула ветрам вочы і нос, ён аб’еўся марожаным, аж горла аблажыла, але ўсё адно быў шчаслівы і мог бы так плаваць цэлы дзень. Каля ўніверсама бацька зноў таямніча падміргнуў сыну, знік. Увечары, на пытанне маці: «А дзе кашуля? Сандалі купіў?» — бацька зрабіў вінаваты і разам з тым хітры твар.
— Не, не сандалі. Вось!
Урачыста падаў маці прадаўгаваты футарал.
— Што гэта?
— Паглядзі.
У футарале аказаўся залаты гадзіннік у форме сэрца на ланцужку.
— Вешаюць на грудзі, — патлумачыў бацька.
— Тры, — сказала маці. — Трэці гадзіннік дорыш. Куды мне іх чапляць? Куды я спяшаюся, што мне трэба пазіраць на іх? І так ты хочаш з’эканоміць, назбіраць, накапіць грошай? Што толку ад тваіх заробкаў? Чацвёрты год, чацвёрты сезон… Сын без цябе вырас, а ты без сына і жонкі… Дома седзячы, больш зарабіў бы. Тут жа горад, працы хапае. Хоць бы ў нас у парніках… Ці на аэрапорце, як Стэфан… Ці як Карл Капора, на трактары… І ездзіць нікуды не трэба, ні на якія заробкі, ні ў якую Сібір — сядзіць дома, а ўжо кааператыў гатовы, ды які — харомы, палацы!
Бацька хмурыўся.
— Капора… А што ён ведае, акрамя свайго трактара? Хіба ён бачыў калі, як усход ружавее? Як распускаецца першая кветка? Дыхаў водарам тайгі? Начаваў каля начнога вогнішча з рыбакамі? Жыве кратом і памрэ як крот.
— Хай крот, а багацейшы за нас.
— У матэрыяльным плане — але не ў духоўным!
І ўсё ж бацька скіс.
— А можа і праўда… Не йдуць грошы да рук… Можа і праўда тут, на зямліцы роднай… Я ж што хочаш умею, я табе не Капора! Магу хоць бы капітанам на цеплаходзе прагулачным… Па рацэ… Лёгка і грашова, і, галоўнае, прырода…
— Прырода, — уздыхала маці.
Потым бацька выпіў ад засмучэння. Плакаў, цалаваў маці рукі і ўсё паўтараў: «Я сваё шчасце, лепшыя гады праплаваў! Нічога лепшага не бачыў за гэта вось, за нашу Слабодку, нікога лепш за цябе…»