Гэта аказалася нялёгка: інспектары былі ў водпуску, а загадчык, хітры чалавек, які «два метры ў зямлю бачыў», расхвальваў усе школы. Як мы пазней ужо дазналіся, ён стараўся, пакуль мы нічога не ведалі ў незнаемым для сябе раёне, паслаць нас у самыя далёкія школы, бо не кожнага «старажыла» падманеш ці падахвоціш ехаць туды, куды рэдка ходзяць аўтобусы...
Калі я зайшоў у райана, там ужо насіліся з рознымі паперамі Вася ды Слава, а цяпер ужо Васіль Іванавіч ды Вячаслаў Вячаслававіч; убачыўшы мяне, яны пацягнулі за рукаў, загаманілі:
— Хадзі, пазнаёмім цябе з тваім будучым калегам па рабоце.
— Вельмі прыемна,— пачуў я знаёмы голас i пазнаў дзяўчыну, што нават не глянула на мяне, сядзела спіною i штосьці пісала. Пазнаў па шчуплай постаці, доўгіх, па плечы, бела-жоўтых валасах, прыпомніў нават па знаёмай сіненькай сукенцы.
— Ларыса? — здзівіўся я.
— Я, Пашка,— усміхнулася мая аднакурсніца.
— Ніколі не думаў, што са сваім чалавекам траплю ў адну васьмігодку,— сказаў я.
— Як бачыш, трапіў. Ты не рады?
— Заляцацца будзеце пасля, часу хопіць,— зноў пацягнулі мяне за рукаў хлопцы,— ідзі хутчэй, пішы заяву, аўтабіяграфію ды пабяжым у кафэ «Беразіна».
Я паслухаў хлопцаў, пакінуў Ларысу i пайшоў афармляцца. Загадчык падпісаў маю заяву, павіншаваў з пасадаю, прасіў прыязджаць у раён, расказваць, што ў школе на рабоце лёгкае, што цяжкае. Я паабяцаў ездзіць, расказваць, старацца працаваць. Хлопцы не маглі дачакацца мяне, клікалі, і, як толькі я выйшаў, мы паехалі аўтобусам у «Беразіну».
...У той жа дзень мы развіталіся i паехалі ў свае вёскі, падаліся знаёміцца са школамі, стаць дзе на кватэру.
Ларыса чакала мяне на вакзале, нават узяла мне білет. Пасажыраў было многа, жанчыны завалілі клункамі ўвесь аўтобус; як я зразумеў, час цяпер гарачы, сама жнуць, малоцяць, сянуюць, людзі выбралі вольны дзень i вырваліся амаль усёй вёскай у горад.
— Ты была ўжо ў гэтых Міланьках? — спытаўся я ў Ларысы.
— Была,— усміхнулася яна.
— Якія яны там, гэтыя Міланькі ці Мілунькі? Святло, радыё ёсць? — пажартаваў я.
— Есць, не бойся.
— Якая там школа?
— Так сабе, драўляная.
Я стаяў i разглядаў Ларысу, невысокую, шыракатварую, з даўгаватым носам, i яна зусім мне не падабалася, як i ўсе гэтыя пяць гадоў. Падабаліся толькі яе апушчаныя на плечы светлый валасы, яна ix ніколі не адразала, берагла, i яны ў яе былі прыгожыя. Але я парадаваўся, што буду працаваць са сваёю аднакурсніцай.
Як выехалі за горад, аўтобус стала спачатку трэсці, кідаць, тых, хто сядзеў на задніх сядзеннях, шпурляла ўверх, раскідвала ix клункі. Жанчыны спярша смяяліся, а пасля сталі злавацца, крычаць на шафера. Абмінулі першую вёску — аўтобус стаў дымець, ледзь паўзці: дарога была пясчаная, сыпучая, вельмі цяжкая.
— Слаўная дарога! — сказаў я.— У мяне ўжо галава баліць ад дыму i шуму.
— Гэта яшчэ добра,— усміхнулася Ларыса.— Гавораць, восенню, зімою ды вясною аўтобус туды зусім не ходзіць.
— О божа! — усклікнуў я,— не палохай, а то не паеду.
Сказаў так, a ў сэрцы зашчымела жылка, што маім сябрам, відаць, дасталося нешта лепшае. I зусім не верылася, што я еду на работу. Здавалася, праедзем мы яшчэ трохі, аўтобус прыпыніцца, i я сыду ў сваёй вёсцы. Але слухаў я свежую для сябе гамонку, глядзеў на незнаемых людзей з клункамі — i даходзіла, куды я еду i чаго.
Ларысу каторыя жанчыны пазналі, загаманілі з ёю, сталі дапытвацца: можа, i я — ix новы настаўнік, буду рабіць за Волечку, якая не паладзіла з дырэктарам школы i перавялася ў суседнюю дзесяцігодку.
— Настаўнік,— сказала Ларыса.
— Пастарайцеся спадабацца нашаму Рагачу,— пажадала адна рабаціністая кабета,— калі спадабаецеся i яму, i ягонай жоначцы, то будзе легка працаваць.
— Ведаеш ты надта! — зазлавала яе маладзейшая суседка.— Дырэктар i павінен быць строгі, не папускацца вельмі, парадак у школе трымаць.
— Але ж трэба і чалавека паважаць. Ён вось настаўнік маладзенькі, не меней пятнаццаці гадоў вучыўся,— запярэчыла старая, i маладзейшая зноў з ёю заспрачалася.
Пасля яны забыліся пра нас, пра дырэктара, загаварылі пра сваё, бедавалі, што не ўрадзілі сёлета гуркі.
«Вось, Паша, яны не спрачаюцца пра Еўтушэнку ды «сярдзітых маладых людзей», як ты ў Мінску,— думаў я, — яны жывуць, працуюць, ведаюць сваё. Трэба зразумець ix. Тады будзеш для ix сваім чалавекам».
Пасля ўсе стаміліся, наглыталіся пылу i дыму, замоўклі. Як выехалі з лесу, праехалі полем уніз, у лагчыну,— паказалася веска. Сэрца мне падказала: Міланькі!
— Наша? — спытаўся я ў Ларысы.