Выбрать главу

— Наша,— усміхнулася яна.

Аўтобус стаў прыпыняцца ледзь не ля кожнай хаты: прасілі жанчыны. Выехаўшы з лагчыны на груд, стаў.

Ларыса памагла адной бабулі падняць мяшок, падалася за ёю, услед пайшоў і я. Аглядзеўшыся, убачыў, што запыліўся, ажно пластом на мне ляжаў пыл.

Якраз вечарэла: паглядзеўшы вакол, я ўбачыў, як гаспадыні капалі на вячэру бульбу, пачуў, як пішчалі ў задворках галодныя свінні, хтосьці вёз сена. Воз перавальваўся з боку на бок, рыпеў.

«Як i ў нашай вёсцы,— падумаў я,— акурат».

Убачыўшы аўтобус, прыбеглі замурзаныя дзеці. Яны падбягалі да сваіх матак, прасілі гасцінца, дапытваліся, што ім купілі.

— Ох, як стаміўся,— прамовіў я.

— Прывыкай,— сказала Ларыса.— Паглядзіш школу ці адразу да дырэктара пойдзем?

— Давай сходзім да начальства. Спадабаемся, як казала тая кабета.

— Толькі не назаві яго Рагачом,— усміхнулася Ларыса,— гэта так яго дражняць, па-добраму ён Рагатка. Тут усім мянушкі даюць, лепш па ix людзей ведаюць, чым па прозвішчах. Вось i яго домік.

— Нічога сабе «домік»,— здзівіўся я,— цэлы палац, сад які, хлеў. У двары, мусіць, «Масквіч» стаіць?

— Не,— усміхнулася Ларыса,— самазвал.

— Усё роўна буржуа,— сказаў я.

— Не абражай чалавека,— запярэчыла Ларыса.— Раз чалавек жыве ў вёсцы, то павінен, па-твойму, у лапцях хадзіць i гібець у зямлянны?

— Як ты добра гаворыш,— сказаў я жартам.

— А ты трэплешся,— не адставала i Ларыса.

Мы пастукалі — нам ніхто не адказаў. Тады мы зайшлі самі. У хаце нікога не было; здалося, што ў ёй горача, нават душна, пахла сухімі чарніцамі, недзе ў куце звінела муха.

На двары ляпнулі варотцы, я глянуў у акно: з саду зайшла пажылая невысокая жанчына, босая, у выцвілай сукенцы, скінула з плячэй дзяружку травы, пасекла яе на калодцы, укінула ў саган i прынесла ў хату. Тут i ўбачыла нас, усміхнулася, прывіталася па-вясковаму, папрасіла прабачыць, што такая неахайная, высыпала на стол з кішэняў шчаўе i выйшла ў другую палавіну. Ларыса тут жа мне прашаптала, што гэта i ёсць жонка дырэктара, будзе весці сёлета хімію, яна i ёсць тая «дырэктарыха», Вольга Піліпаўна, пра якую гаварылі жанчыны ў аўтобусе.

«Дырэктарыха», пераадзетая, абутая, хутка вярнулася i прынесла нам вялікіх чырвоных яблыкаў, запрасіла пакаштаваць. Яна распыталася, хто я, адкуль, што хачу весці ў школе.

— Працаваць у нас можна,— сказала Вольга Піліпаўна,— месца ў нас харошае, ціхае, праверак усялякіх мала бывае.

— Чаго ix баяцца,— сказаў я.

— Вы яшчэ не ведаеце,— сказала дырэктарыха,— паробіце — самі ўбачыце, што для нас, настаўнікаў, гэтыя праверкі, колькі яны здароўя забіраюць. Усе вучаць, патрабуюць усяго, а ты здолей усё зрабіць. Але ў нас яшчэ можна рабіць, ды i вольных гадзін сёлета хапае: i нямецкая, фізкультура, спевы, праца, i маляванне — усё свабоднае гэта, нікім яшчэ не занятае. Так што грошай у нас можаце зарабіць. Вам жа, маладым, адразу пасля інстытута, гэта вельмі трэба.

— А маладыя настаўнікі будуць у школе? — спытаўся я.

— Будуць. Вось ваша сяброўка, вы самі, павінны яшчэ біёлага, піянерважатую прыслаць, фізік вашых гадоў працуе. Ды ў вёсцы нашай дзяўчат маладых i пекных многа.

Вольга Піліпаўна пачынала мне падабацца, яна здавалася спагадліваю, разумнаю.

— Вы сёння пераначуйце ў нас,— сказала гаспадыня,— вечарам павінен прыехаць Іван Сямёнавіч, тады заўтра ўжо знойдзе вам якую кватэру. Вы пачытайце ці пагутарце, а я свінням дам, а то ўжо вушы празванілі.

— Мы пагуляем,— сказала Ларыса.

— Калі ласка, паглядзіце вёску, школу.

Мы ўзялі па яблыку i выйшлі на двор. Нас сустракалі дзеці, віталіся: відаць, бачылі, што мы выходзілі з дома дырэктара i здагадаліся, што мы новыя настаўнікі.

— Тут жыве наш калега-русавед,— сказала Ларыса,— налета яму на пенсію ісці. А дырэктару нашаму праз пяць гадоў, завучу на год-два пазней.

— Можна спадзявацца, што i ў начальства якое хутка выб'емся,— усміхнуўся я.

— Які салдат не хоча...— сказала Ларыса i папярхнулася.

— Во прагная на дырэктарскія яблычкі! — пажартаваў я, Ларыса адкашлялася i замахнулася на мяне кулаком; я адскочыў, але яна паспела стукнуць мяне па спіне.

Мы засмяяліся, i адна гэтая хвіліна больш зблізіла нас, як усе гады нашай вучобы.

3

Мы ішлі па вуліцы, я глядзеў вакол i бачыў, што веска наша цесная, нізенькая, хаты стаяць у лагчыне. Як які дождж, адліга ці разводдзе,— вада збягае з усіх грудоў на вуліцу, i нельга па ёй тады, мусіць, ні праехаць ні прайсці, бо i цяпер, у гарачую пару, стаялі на дарозе i не высыхалі лужыны. У ix плёскаліся задаволеныя дзеці i так калацілі па вадзе нагамі, што апырсквалі блізкія платы.