Спадабалася мне, што ў вёсцы многа садоў: бялеліся i чырванеліся яблыкі, з-за якіх амаль не было відаць лісця, паабвісалі на частакол цяжкія лапы ca слівамі. Груш было мала: ці год даўся на ix благі, ці дрэвы састарэлі i болей не пладзілі.
Непадалёку булькала рэчка. Не такая вялікая, шырокая, як хваліў загадчык, але плыткая, звонкая, вераб'ю па калена. Дзве пажылыя кабеты паласкалі бялізну, паблізу купаліся дзеці, i адзін рыжы хлапчук хадзіў з відэльцам, нагінаўся — відаць, выцікоўваў сліжыкі. Падышоў стары дзед, апусціў з плячэй асінавую бочку, скаціў яе з берага на ваду. Плынь падхапіла бочку i панесла; стары падабраў на беразе камень, усунуў яго ў бочку, напусціў вады і, калі ўтапіў, пастаяў, паглядзеў на сваю работу i рады, што добра будзе мокнуць бочка, пайшоў дахаты.
«Веска як веска,— падумаў я,— толькі людзі незнаёмыя мне, а так усё астатняе знаёмае».
Будынак школы, у якім мне выпадала працаваць, не спадабаўся. Стары, нізкі, цемнаваты. Паўднёвая сцяна была яшчэ смалістая, чыстая i звонкая, паўночная — цёмная, сырая, з падгнілымі падрубамі. Страха ўчарнела, абрасла зялёным мохам. Мне ўявілася блізкае жыццё, праца ў гэтай старэнькай школе: стары медзяны званок, які столькі ўжо названіўся, што страціў чысты звон, старыя тэхнічкі, старыя настаўнікі, аблітыя чарнілам парты, сталы. Усё старое. Нават дзеці будуць нейкімі спалоханымі, баязлівымі, i мне, маладому, будзе тут вельмі сумна; буду працаваць, старацца, i нямілай здасца гэтая работа...
«Аднак не плач, Паўлік,— суцешыў я сябе,— ты малады, здаровы, з дыпломам...»
Падумаў я так, супакоіўся i ўявіў, што я — хоць i не Макаранка ці Сухамлінскі, мне далека да ix,— але i я нешта зраблю тут, бо тое-сёе ведаю. Быў студэнтам не зубрыла, аскетам таксама не лічыўся, ездзіў працаваць на канікулы ў Казахстан, займаўся спортам, сядзеў ля кастра на Немане, Бярэзіне, хадзіў з дзяўчатамі ў кіно, але не толькі ведаю песні ды помню прагледжаныя кінафільмы. Я стараўся многа чытаць i не толькі тое, што было па праграме, мог расказаць пра Хэмінгуэя, Камю, Апдайка, Фолкнера, Кавабату...
«Няўжо я нічога не магу зрабіць тут?» — думаў я i ведаў, што буду даваць добрыя ўрокі, зацікаўлю дзяцей, арганізую літаратурны гурток, i мае паэты будуць друкаваць вершы не толькі ў раёнцы... Заўважаць i маю работу, мае старанне, раскажуць па радыё, тэлебачанні. Фотакарэспандэнты, інтрэв'ю...
I мяне, маладога настаўніка, хваляць, раяць вучыцца ў мяне старэйшым, мне прысвойваюць званне заслужанага настаўніка, запрашаюць працаваць у самыя лепшыя школы.
Старыя настаўніцы будуць усхліпваць ад радасці, а маладыя закахана глядзець на мяне, шкадаваць, каб я не паехаў адсюль, спрачацца між сабою: хто з ix можа сябраваць са мною.
Вучаніцы... Што тут ужо гаварыць!..
— Чаго ты смяешся? — таўханула мяне ў бок Ларыса.— Стаіш i смяешся сам сабе...
— Аб чым ты думала, калі мы нядаўна хадзілі i аглядалі школу? — не адказаў, a спытаўся я.— Толькі прызнайся шчыра...
— Пра што я думала?— паціснула яна плячыма,— глядзела...
— I не думала, як ты будзеш працаваць тут? — здзівіўся я.
— Думала, але раней, калі ўпершыню прыехала сюды. А цяпер думала пра дырэктарыху. Здаецца, добрая яна жанчына. Працавітая, спагадлівая,
— I мне так здаецца,— прызнаўся я.— Але я цяпер стаяў i думаў, як буду працаваць тут.
— Табе не цярпіцца?
— Надакучыла быць студэнтам, надакучыла лайдачыць летам,— сказаў я.— Хочацца быць сталым, самастойным чалавекам. «Малады яшчэ, малады»,— гавораць усе. А мне ўжо дваццаць два гады. Гэта i мала, але ўжо i многа... Вось i хочацца пачаць, праверыць сябе.
— I ты зусім не шкадуеш студэнцтва? — як засумавала Ларыса.— Няўжо забыўся лекцыі, інтэрнат, вечары, сяброў?
— Не забыўся,— прамовіў я,— але ж так век не будзе.
— А я сумую,— сказала Ларыса,— бачу, што наперадзе будзе сумней жыць, таму i баюся пачынаць працу.
— Не бойся,— заспакоіў я, хоць i ў самога вялікай смеласці не было.— Усё будзе добра. Праз колькі дзён мы станем настаўнікамі. Паслухай, якое слова — настаўнікі...
Назаўтра, калі мы паснедалі з дырэктарам i яго жонкаю, паслухалі радыё, прыйшоў завуч — непаголены, у пацёртых, мусіць, ніколі не прасаваных штанах, у гумовых ботах.
Я не мог утрымацца ад смеху. «Ну i інтэлігент!» — хацеў сказаць шэптам Ларысе, але гэта мне ніяк не ўдавалася.
Завуч пазнаёміўся з намі, сказаў, што бачыў, калі мы праходжваліся ўчора, адразу палічыў нас за настаўнікаў, сёння ў яго суседкі ўжо дапытваліся: мы з Ларысай незнаёмыя між сабой ці сямейныя?