Калі рукі адышлі, пачырванелі i сталі гарачыя, маці дала мне есці. Папалуднаваўшы, я злазіў на гарышча і, як прасіла маці, прынёс стары бацькаў шынель. Maцi атрасла яго ад пылу, агледзела i пачала распорваць.
Як распусціла шынель на кускі, зняла з мяне мерку (на ўсё набаўляла — каб яшчэ i другую зіму панасіў), адразу пачала шыць паліто. Праз колькі дзён яно было гатовае, неставала на ім толькі каўняра. Маці перабрала ў шафе «ўсё рыззё», але так i не знайшла, што ж пусціць на каўнер. Тады сказала, што выкраіць i пашые суконны, які будзе мулкі, але які «трэба для красы».
— Хлопец добра рабіў у кузні, то яму трэба людскі каўнер,— паслухаўшы яе, сказаў бацька i ўзяўся злавіць зайца.
Ён штодня ставіў петлі ў гумне ля сена i лубіну, але зайцы ў ix не лезлі, абміналі.
Маці перастала спадзявацца на «ўдачу» i пашыла суконны каўнер, але бацька не дазволіў прышыць яго: перад самым новым годам нечакана паў наш сыты, аж бліскучы ад тлушчу, з густой белавата-чорнай поўсцю кот.
— Добрая скура...— агледзеўшы ката, сказаў бацька.— Някепскі можа быць з яе каўнер. Мяккі ды i пекны... Не горшы за зайчыны.
— Гаворыш ты, аж слухаць не хочацца,— запярэчыла маці.— Ды i людзі смяяцца будуць.
— Не бяда,— стаяў на сваім бацька — Калі ўжо вельмі прыставаць будуць, скажам, што каўнер з заморскага звера...
— Не такія ўжо дурныя людзі, каб не пазнаць... Не саром хлопца,— папраўдзе злавалася маці, не дала прышыць гэты «заморскі» каўнер, a прыладзіла той, з цвёрдага, мулкага шыняля.
— I файна, i цёпла было б, маці,— сказаў бацька.— Што пасмяяліся б — то i не страшна... Са смехам лягчэй жыць. Некалі, як пабагацелі б, лепшы купілі б. Студзень жа на дварэ.
...Ішла трэцяя пасляваенная снежная i марозная зіма...
КРЫЧАТЫ
Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:
— Адкуль самі будзеце?
— З Налібак.
— А я з Хлябовіч, з Янковіч...
Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве,— нiколi не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»...
Месца, на якім аселі Крычаты, i добрае, i нядобрае: жывуць людзі на беразе шырокай ракі. У ёй многа шчупакоў, ментузоў, плотак — хапае круглы год i свежай рыбы, i сушанай, самі ўволю ядуць i прадаюць, добрую капейку бяруць. Не ведаюць людзі гopa i на сена: месца ля ix нізкае, мокрае, не скора высушваецца — расце трава ў пояс, пахкая, ядкая. I коні ахвотна ядуць i каровы.
Але ў крычатоўцаў мала ворыўнай зямлі: вясною выходзіць з берагоў рака, залівае поле; вада стаіць да чэрвеня, не дае ні араць, ні што лапатаю пасадзіць. А то ворыва забірае лес — ля самага хутарка накідваецца, прыжываецца самасейка, а воддаль уросся, укамліўся бор Налібоцкай пушчы. Дровы, ягады, грыбы блізенька, хоць лапатаю грабі, a зямлі, каб зрабіць добрыя грады ці пасадзіць бульбу, няма.
З-за гэтай зямлі яшчэ раней, за панамі, не хацелі нашы местачкоўцы браць крычатовак, a дзяўчат з вёскі нельга было зацягнуць да ix на хутар. Удавалася ў мястэчку якая бедная ці брыдкая дзяўчына, пасміхаліся: «Табе толькі за крычатоўца ісці...»
Вось так гадамі чужыя людзі абнеслаўлялі гэты лапік зямлі, пасміхаліся, забываліся пра яго, успаміналі, калі выходзіла сваё сена i трэ было дакупіць, ці ўзяць у ix рыбы, мёду або піва, якое ўмелі рабіць толькі на гэтым хутарку. Бралі i стараліся, каб ніхто пра гэта не ведаў... I благая слава трымалася, ліпла да крычатоўцаў, як смала...
Як i я помню ўжо, у Крычатах да самага калгаса не было ні школы, ні магазіна, з ix хутара ніхто не вывучыўся за настаўніка, урача, самае вялікае— налоўчваліся хлопцы рабіць бочкі, шыць касцюмы ды кажухі, век цягаліся па свеце па заработках, прыставалі ў прымы, каб пакінуць меншым кусок зямлі, a самім сесці на жончын.
Праўда, казінцы (так яшчэ завуць крычатоўцаў) амаль усе ўмелі добра спяваць i іграць на цымбалах, гармоніках. Калі паблізу бывала якое вяселле ці вечарынка, казінцы тады хадзілі каралямі: ігралі іхнія баяністы i цымбалісты, i тады ix паважалі, нават зайздросцілі, бо i танцоры былі яны спраўныя, люба глянуць было, як яны танцуюць. Вальсамі ды полькамі іхнія хлопцы знясільвалі дзяўчат, танцавалі падоўгу, прыпеўвалі, скакалі, траслі валасамі, грукалі ботамі, i ніхто з імі не мог параўнацца.
Праходзілі танцы, i забывалася гэтая павага, i нават адчувалі гэта i нашы дзеці-янкоўцы i не толькі помнілі, але i часта крычатоўцам-аднакласнікам стараліся не даць пра гэта забыцца.