Выбрать главу

— Я яму нічога не скажу,— паабяцаў я.

Толькі што перастаў ліць, як з дзіравага мяха, дождж. Рассунуліся, пасвятлелі на небе шэрыя хмары — павіднела, стала высокае, блакітнае неба. Прыпякло i прыпарыла.

Камця i я сядзелі ля рэчкі, глядзелі, як блішчыць на сцяблах асакі вада, збіраецца ў кроплі i падае долу. Яшчэ нядаўна мы былі ў хаце, сцішана сядзелі i ca сполахам слухалі, як лютаваў, ляскаў гром, жудасна паліла неба маланка, як ліло,— здавалася, затопіць усё на свеце. Калі пацішэла, пакацілася навальніца кудысьці за Налібакі, мы выбеглі з хаты i гойсалі па цёплых лужынах, пырскаліся, абліліся з ног да галавы вадою, а пасля прыбеглі сюды, на пясчаны бераг крычатоўскай ракі. Тут мы часта ўжо гулялі, ляпілі з мокрага пяску домікі — «школу, магазін, хаты».

Я глядзеў на Камцю i бачыў: за лета яна добра паправілася. Як хадзіла ў школу, была бледная, тоненькая, як сцяблінка, цяпер пачырванела, налілася сілаю, здароўем. Вельмі пекная стала, глядзіш i нельга наглядзецца. Ды яшчэ гэтыя вочы — сінія-сінія, глянеш — i сэрца замірае. I голас яе мне падабаецца — мяккі такі, тоненькі, гаворыць — ручаёк па каменьчыках бурлікае...

— Стаська, ты такі няўмека,— кажа Камця.— Растаптаў хатку цёці Зосі i страху ca школы сарваў. Ці ты вучыцца не хочаш?

— Хачу,— збянтэжана кажу я.

— А чаму тройкі маеш?

— Таму,— насупіўся я, нічога не сказаў болей, апусціў галаву долу, пасля разбурыў нагамі «школу».

— А я буду вучыцца на настаўніцу,— усміхнулася Камця.

Я маўчаў.

Яна падсела да мяне:

— Стаська, як вырасцем, мы з табою будзем жаніцца?

— Не ведаю,— прамовіў я.— У вас сваіх хлопцаў многа, яны цябе возьмуць.

— Я за ix не хачу ісці замуж,— сказала Камця.

— Чаму? — абрадавана спытаў я.

— Яны б'юцца, за валасы цягаюць,— прызналася яна,— я не хачу з імі дружыць. А ты не б'ешся, за нас, крычатоўцаў, заступаешся. Ці i ты будзеш насміхацца?

— Не,— запэўніў я.

—  Але ты мяне ўсё роўна не возьмеш,— сказала з жалем Камця.

— Чаму? — я ледзь не пакрыўдзіўся.

— З вашай вёскі нашых не бяруць,— прамовіла яна.— Вы — местачкоўцы... А мы... Мы — казіне...

— Я вазьму цябе.

— Праўда? — узрадавалася i яна.— I бацькі баяцца не будзеш?

— Не,— зноў запэўніў я i захваляваўся: бацькі я пабойваўся.Ён не крычаў так многа, не бедаваў, як маці («О божа! Нашто мне гэта гора на галаву!»), калі я рабіў блага, a гаварыў разок і, калі было не па яго, браўся за папружку... Вось i думаў я, ці дазволіць ён мне ажаніцца з крычатоўкаю Камцяю, бо сапраўды дасюль з нашай вёскі ніхто з імі не парадніўся...— Калі тата не дазволіць, то я маму папрашу. Яна добрая...

— Мы будзем жыць у нас,— сказала Камця.— Я прывыкла тут.

— I я прывык да сваіх Янковіч,— прамовіў я, i мне стала шкода роднай вёскі.

— А як пажэнімся, будзем разам гуляць? Ці ты захочаш камандаваць мною?

— Не,— сказаў я i адчуў на сваім твары цень.

Падняў галаву: перад намі стаяў Гаптар — Камцін бацька — малы, няголены, злосны. Ступіў i патаптаў сваімі ботамі нашыя «хаткі».

— Дык вось чаго сюды ходзіць пан местачковец...— сказаў ён, i я ўбачыў, што ён п'яны, стаіць i хістаецца, не можа ўтрымацца на нагах. Рэдкія валасы яго апалі на лоб, рукі ён трымаў у кішэнях штаноў i растапырваў ix у бакі. Час ад часу ён ікаў, плюскаў вачамі.

Я ўскочыў.

— Вы... Каб нагі тваёй тут не было,— ён зноў ікнуў, аж трасянуўся.— Мне вы... Пасміхаецеся век... Вон,— ступіў, пагразіў рукою,— вон, не магу бачыць.

Я сарваўся з месца i куляю памчаўся дадому.

— Дзе ты гэта бываеш? — накінулася на мяне маці, калі ўбачыла задыханага ў двары.

Я не сказаў, дзе быў.

— Гойсае недзе, а тут хоць разарвіся: дзіця плача, з рук не злазіць, нешта трэба зрабіць па гаспадарцы, свінні развярнулі загарадку i вылезлі... Ды ў школе людзей збіраюць, відаць, будуць у калгас запісвацца, то трэба схадзіць.

— Мама,— калі яна крыху паспакайнела, спытаў я,— чаму крычатоўцы горшыя за нас?

— Чаго гэта яны горшыя? — здзівілася яна.— Людзі як людзі.

— А чаму з ix смяюцца? — спытаў я.

— Смяецца той, хто розуму не мае,— сказала маці.— Гэта ўсё з некаляшняга... Тады, за панамі, яны бяднейшыя былі, меней зямлі мелі. Цяпер усе роўныя... I яны, i мы скора будзем калгаснікамі.

— А ты не будзеш смяяцца з ix? — хвалюючыся, запытаў я.

— Я ніколі, сынок, не смяялася, бо i сама такая была, ні капелькі не багацейшая,— сказала маці, i я зарадаваўся: значыць, i з Камці не будзе пакепліваць, дазволіць, каб мы пажаніліся.

Мне вельмі хацелася схадзіць у Крычаты, сустрэцца з Камцяю i расказаць ёй пра гэта. Але я баяўся яе бацькі, які нечага неўзлюбіў мяне, i не пайшоў. Сумаваў, кожнага дня хацеў убачыць Камцю.