Выбрать главу
4

Хутка, калі трэ было на днях ісці ў школу, я пачуў ад людзей, што Гаптар прадаў хату, скаціну, сабраўся з'язджаць з Крычатоў.

— Можа, i добра робіць чалавек,— гаварыла маці бацьку,— паедзе ў горад i жыць, як усе, будзе... А тут нялёгка яму: Мішуковы яшчэ за палякамі не аддалі замуж Манькі — пасумаваў нямала... Хоць яна плача цяпер, што не пайшла за Гаптара, можа, шчаслівейшая была б, а то яе Стэфусь — багацей — у паліцыі быў, светёй i дзецям завязаў. Ды i надакучыла, відаць: крычатовец ды крычатовец... Маладыя не такія ўжо, не разбіраюцца, хто адкуль. А старыя... Такі ўжо гонар!.. Хоць цяпер каторыя крычатоўцы, каго не спалілі ў вайну, лепей за нашых жывуць.

Мне вельмі хацелася ўбачыць Камцю, я перасіліў свой страх i пабег у Крычаты.

Гаптар, паголены, у вычышчаных старых хромавых ботах, у белай кашулі, зашпіленай на верхні гузік, выносіў з хаты клункі i лажыў на воз. Там ужо ляжалі мяхі з мукою, цабэркі, стаяў куфар, абвязаны вяроўкаю. На мяне Гаптар нават не глянуў.

Заплаканая, папраўляючы на галаве хустку, выйшла з хаты невысокая, гарбаценькая гаспадыня, абаперлася на частакол i загаласіла.

— Сціхні! Горш не будзе. Такое ўжо дабро пакідаем i славу...— абураўся Гаптар.

— Што не было, а свой куточак,— плакала жанчына.

— А ты дзе там? — крыкнуў гаспадар.— Ідзі, са сваім кавалерам развітайся, бо паедзем ужо. Не развітацца няможна: местачковы кавалер!

— Зусім здурэў,— папракнула яго жонка.

— Хіба няпраўду гавару? — незалюбіў Гаптар, са злосцю глянуў на жонку.— Даўся мне іхні гонар!

— Калі што было...

З сенцаў выйшла Камця. Падышла да мяне i нічога не магла сказаць. Сёння яна зноў была бледная, худзенькая, зусім нямоглая. Стаяла i плакала.

З-за сенцаў выбег рудаваты сабачка, жаласна скуголіў i цёрся гаспадыні аб ногі. Тая дастала з кішэні акраец хлеба i падала яму. Шчанюк нават не нагнуўся да куска, глядзеў на кабету i скуголіў.

— I шчаня ростань чуе...— зноў заплакала жанчына.

— Ну, скарэй...— ужо не са злосцю, а спакойна сказаў Гаптар, адвярнуўся, нацягнуў брылёўку на вочы.

— На, на памяць,— прамовіла Камця i падала мне невялікі, загорнуты ў паперу ад шпалераў, пакуначак.

Я ўзяў падарунак i не мог сказаць ні слова. Маўчала i Камця, толькі з яе вока выкацілася i паплыла па шчацэ празрыстая, як расінка, слязіна. Нешта ў душы маёй перавярнулася, заныла, i я не вытрымаў, заплакаў. Яшчэ мацней загаласіла i Камця.

— Ну, пайшлі, дачка, на воз,— падышоў і ціха сказаў Гаптар.— Усё роўна ехаць трэба...

— Камця i вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты,— прамовіў я.

— Дзякуй, сынок,— пацалавала мяне ў лоб гаспадыня.— Будзь шчаслівы i не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны... Дасць бог, яшчэ ўбачымся...— яна ўзяла Камцю за руку i павяла да воза.

Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў i слова,зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў i глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.

Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, i конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі i шмаравала па лястцы.

Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег i шчанюк.

Я, разгублены i заплаканы, стаяў на чужым пустым двары i адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз...

КАСЦЮМ

— Ідзі, мурза, вымыйся,— зласнавата сказала мне маці,— такога бруднага з сабою не вазьму, не хачу, каб чужыя людзі смяяліся ды пальцамі паказвалі.

Я даўно ведаў, куды збіраецца ісці сёння мама, вельмі хацеў пайсці з ёю i цяпер моўчкі выслухаў, як яна папракала мяне. Я знаў, што другім разам дасталося б ад маці матуза па спіне ці яна прыстрашыла б: калі я такі непаслухмяны, неахайны, то пакараюць — абстрыгуць маю чупрыну, будзе галава голая, як бубен, i ніколі мне новага, людскага чаго не купяць. Словам, з гэтай часіны возьмуцца за мяне, бо далі неразумную патолю, i я стаў вялікім раздуронцам...

Але маці цяпер не напомніла гэтага, не пастрашыла, i я ўзрадаваўся, пабег да студні, выцягнуў вядро вады. Выліў яе ў доўгае i глыбокае карыта, адарваў галінку палыну i адагнаў пчол, якія пачулі вільгаць i прагнулі асвяжыцца, лезлі да вады, тады намыліў «запушчаныя» рукі, «чорныя, з куранятамі» ногі i пачаў церці ix пяском i сухадзяроўкаю, заплюшчваючы ад болю вочы.