Антонік, белавалосы, высокі i тонкі, як дубец, гэтаксама ўжо вымыты i пераадзеты, стаяў у сваім гародзе, нагінаў вялікую жоўтую галаву сланечніка i выбіраў з яе зярняты. Згледзеў нас, памкнуўся спытаць, куды іду, але ўспомніў, што мы цяпер «злуём», i не затрымаў мяне, адвязаў хустку з шапкі другога сланечніка (абвязвалі, каб не вылушчвалі зярнят вераб'і), адвярнуўся, як не ўбачыў, пачаў скручваць недаспелую шапку. I я не зачапіў яго, адвярнуўся, узняў галаву i моўчкі прайшоў ля іхняга частаколу. Калі, выходзячы з вёскі, я не сцярпеў i азірнуўся, то ўбачыў: Антонік выйшаў са свайго двара на дарогу i глядзеў нам услед. Згледзеў я яго — i пашкадаваў, што не загаварыў з ім: мы ідзём «далека», а ён будзе дома, не ўбачыць таго, што я ўбачу хутка. Памахаў яму рукою, i Антонік заківаў, аж падскакаў, каб я яго лепей бачыў.
Маці ішла, маўчала, i я не ведаў, пра што яна думала. Я ўглядаўся на дарогу, сабе пад ногі. Бачыў шматкі пабялелага сена, бітае шкло, згубленую некім сасновую галіну, цяпер ужо абабітую, высахлую, раздушаны яблык. Але гэта мяне не цікавіла, як не цікавіць i адзінокі падголены, цудам не зрэзаны жняяркамі высокі асот на аўсянішчы. Я нічога не заўважаю ў гэтым новага, бачу такое штодня, я глядзеў, ці не трапіцца на дарозе якая жалезіна, бо Антонік знайшоў тут учора гаечны ключ, а днямі раней — вялікую адвёртку з касцяною ручкаю: сюдою праходзіць за дзень многа машын, і , бывае, што-небудзь вытрасецца з ix. Вось i цяпер паблізу камбайн жне авёс, разварочваецца ля дарогі. Каб я пахадзіў там, то нешта знайшоў бы.
Я даваў Антоніку шапку салодкіх яблыкаў, але ён не прадаў мне адвёрткі, хваліўся, што аддасць суседу-шафёру, i той пакатае за гэта, нават дазволіць «пакіраваць».
Антонік любіць хваліцца, я... Я гэтаксама хачу, каб у мяне ўсё добра выходзіла, але мне неяк меней шанцуе, хоць сёння i я дачакаўся радасці, магу пахваліцца, як надзену неўзабаве новы касцюм.
Нечакана ў мяне ёкнула сэрца: убачыў у пыле абцугі. Я з радасцю падхапіў ix i — тут жа затрывожыўся: былі яны ў салідоле, i я адчуў, што вымазаў рукі.
Згледзела гэта маці, загневалася i не магла нічога сказаць ад нечаканасці, хацела раззлавацца, але не знаходзіла сярдзітых слоў.
— Выкінь! — спрабавала крычаць, але злосці ў яе так i не было.— Ну, чаму ты такі?.. Чысценькі, у людзі ідзём, а ты ўсялякае жалеззе бруднае паднімаеш. Будзь ты ўжо разумнейшы крыху.
Мне не хочацца выпускаць з рук такую знаходку, але я не мог выцерпець такіх слоў маці, шкадаваў i любіў яе — шпурнуў абцугі далей ад дарогі, у куст алешніку.
— Не відаць, што i мыўся,— сказала маці, гледзячы, як я пакручваў брудныя рукі, стараўся ix недзе схаваць, пасля падабраў шматок саломы, спрабаваў выцерці ёю мазуту, але рукі мае не пачысцелі: салідол расціраўся i ўядаўся ў цела.
Добры настрой мой пагоршыўся. Я захваляваўся, растрывожыўся, i мне стала крыўдна на самога сябе. Чаму я такі бесталковы? Калі ўжо сапраўды прыйдзе да мяне гэты «розум»?
Злаваўся я на сябе i адчуваў, як моцна паліць сонца, прыпарвае. Лес нагрэўся, прымлеў — цягне душным, густым пахам ад шыгалля, пяску i мурашніку. Смалою пахнуць зялёныя ігліцы, карэнні i залысіны на камлях сосен. Хтосьці зачасаў сякераю хвою — кропелькамі-слёзамі выступіла жоўтая сырыца-смала, прыцвярдзела, пабялела i пахне.
Даўнавата не быў я ў лесе, але адчуваю, што пачынае ўжо красаваць верас: прыемна пахне салодкім цёпленькім мядком. Здаецца, прыгледзься добра i ўбачыш, як садзіцца на верасоўку пчолка, гойдаецца, нахінаецца ледзь не да самай зямлі i суне галоўку ў кветачку — п'е соладзь...
Ад гарачыні мітусяцца, медна звіняць разамлелыя авадні; даўно стаіць суш, пыліцца зямля — не зялёнымі, a шэрымі сталі кусты, вецер не можа стрэсці з ix пыл, як не здолее ix абмыць раса, вызеленіць i прасвяжыць. Чакае ўсё дажджу.
I тут я ўспомніў, што мы ідзём купляць касцюм, які будзе прыгожы, з доўгімі штонікамі, у якія можна будзе зацягваць пояс, у кішэні якіх пакладу палавіну свайго дабра — гаечкі, шпунцікі, складанчык. Да ножыка я зашмаргну матузок, які прывяжу i да штаноў — каб не згубіць.
Падумаў так — i адразу павесялеў, шпарчэй затупаў, паразважаў, што рукі памыю ў рачулцы, якая цячэ перад самым мястэчкам, i будуць яны чыстыя. Чаго так па ix бедаваць? Самае важнае, што мы ідзём у магазін, будзем купляць «мужчынскі» касцюм, якога я ніколі не меў, але які хутка ў мяне будзе...
Пясок цёплы, пульхны, i я мякка тупаю, маці стараецца ісці сцежкаю, дзе цвярдзей: там не паднімаецца пыл, i ёй лягчэй шанаваць, каб туфлі блішчалі, а не былі запыленыя.
— Не забалелі ногі? — усміхаецца маці.
— Не,— адказваю я, хоць i паколвае ад быстрае хады ў лытках.