Выбрать главу

— Напомні, каб кніжак паглядзелі, а то магу забыцца,— просіць маці.— Хоць усё роўна, купляй ці не купляй, толк з цябе малы, вучыцца не хочаш. Троек вунь колькі.

— Не,— адмаўляюся я.

— A кім жа ты хочаш стаць?

— Лётчыкам.

— Ого! Хоць бы за якога шафера вывучыўся б! А Антонік твой кім думае быць?

— Камандзірам-пагранічнікам.

— Ого, начальнікамі хочаце стаць,— кажа маці,— хоць цяпер мала думаеце, што трэба меней мячык ганяць, а болей кніжак чытаць.

— A настаўніца нам гаварыла: каб быць дужым, трэба болей бегаць, хадзіць,— апраўдваўся я.

— Трэба,— згадзілася маці,— але розуму вялікага ад бегатні не набярэшся. Трэба чытаць, калі хочаш лётчыкам стаць. Я хацела настаўніцаю быць, дужа многа чытала, што толькі пападала ў рукі, але бацькі далей чацвёртага не пусцілі вучыцца: сям'я, сказалі, вялікая, няма ад каго вучыць цябе, налаўчыся во на швачку, дык скарэй толк убачым... Паплакала я ад крыўды i пачала хадзіць да адной тутэйшай швачкі, глядзець, як яна шые. За месяцы два вывучылася i з таго часу абшываю вёску... У навуку вы ўжо ідзіце, мы з бацькам дарогі вам заступаць не будзем i знойдзем, з чаго вучыць.

Маці азіраецца, i мы, прыслухаўшыся, чуем, як непадалёку грукоча па карэннях, ляскае бартамі, падтрасаючыся на выбоінах, машына. Прыпыняемся i чакаем яе, бо вельмі хочацца пад'ехаць, хутчэй трапіць у магазін.

Веска наша маленькая, у адну вулачку, у баку ад вялікіх дарог, i аўтобус да нас не заглядвае. Вось i мусім хадзіць у школу ці ў магазін за колькі вёрст у суседняе мястэчка.

Шафёр трапіўся добры, прыпыніў машыну i дазволіў нам пад'ехаць. Мы залезлі ў кузаў, пасталі. Калі паехалі, нас трэсла, кідала, біла бочкаю, якая шалёна качалася, але мы не падпускалі яе да сябе нагамі, радаваліся, што едзем.

Мігам праскочылі лес, рачулку, у якой я збіраўся памыць рукі, i ўехалі ў Налібакі. Мястэчка гэтае вялікае — шырокі пасярэдзіне пляц, тут стаіць высокі помнік, адсюль разыходзіцца многа вуліц, па якіх багата дамоў, садоў, магазінаў. Кожная вуліца мае сваю назву, а дамы пазначаны нумарамі.

Я люблю бываць у гэтым мястэчку, але заўсёды, як i цяпер, калі мы злезлі з машыны i пайшлі, губляюся: здаецца мне яно чужое. Я здзіўляюся, як тут дзеці могуць добра гуляць, у нашай вёсачцы болей волі...

Мы абышлі помнік i пайшлі ўніз, на Пяскі, да сельмага. Маці вітаецца з каторымі жанчынамі, загаворвае, i я вітаюся, усміхаюся, хоць нікога тут не ведаю.

У сельмагу мала людзей, цяпер жнівень — хто сянуе, збірае ягады ці першыя грыбы — часу гуляць няма. Я гляджу на полкі, набітыя адзеннем, i ў мяне разбягаюцца вочы: колькі сукенак, плашчоў, касцюмаў! Тут цяжка i выбраць, i я баюся, што мне трапіць не самае лепшае...

Я пачаў сам углядацца, каб знайсці прыгожы пінжачок. Прайшоўся колькі разоў ля прылаўка i прыпыніўся, дзе вісеў чорненькі касцюм, паказаў яго маці.

— Сама бачыла,— ціха сказала яна,— дарагі вельмі...— прамовіла i паглядзела на шэры, у жоўтыя палосачкі.

Той мне зусім не спадабаўся, здаўся выгаралым, выцвілым, самым горшым на свеце.

Калі маці больш не стала глядзець на яго, я зарадаваўся, што i ёй не спадабаўся гэты касцюм. Яна абышла колькі разоў i нічога не выбрала. Я насцярожыўся: яшчэ скажа, што нічога добрага няма, касцюмы благія, а грошы вялікія, не будзем купляць, перашыем з бацькавага рудога, яшчэ паносіш сёлета. А мне так ужо надакучыла насіць гэтыя цесныя, паношаныя, перашытыя касцюмы...

— Што вы хацелі? — спытала ў мамы магазіншчыца.

— Ды касцюмчык майму кавалеру трэба,— збянтэжылася мама.

— За колькі рублёў?

— Таннейшы які...

— Таннейшы ды пякнейшы,— кажа i ўсміхаецца магазіншчыца, перакладае на прылаўку кіпы адзення i дастае спадыспаду густа-сіні пінжачок.

Маці ўзяла яго, але сказаць што не спяшаецца, аглядае рукавы, падкладку, гузікі.

— Памерай,— кажа потым i надзяе на мяне пінжак, круціць мяне ва ўсе бакі i аглядае.— Здаецца, добра, ciненькі, надта мазацца не будзе, не тое што светлы які. Плечыкі во не паднятыя.

Магазіншчыца ўсміхаецца i падае «мужчынскія» штонікі, я хачу сам узяць ix, але мяне перапыняе маці:

— Не бяры сваімі рукамі.

— Як на яго,— кажа магазіншчыца,— лепшага не падбераце.

— Вымажа за дзень, падзярэ за тыдзень,— цяпер усміхаецца i маці.

— Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку,— згаджаецца магазіншчыца.

Я слухаю ix i не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысценькі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу i павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам...