З жалем глядзела на высокую, буйнакалосістую, але зложаную збажыну, глядзела i не заўважыла, як ускочылі ў вёску. Дамы былі адзін пад адзін — новыя, у нямецкі вугал, з вялікімі выцацкаванымі верандамі, абгароджаныя жоўтым смалістым частаколам. Гарадзілі нядаўна: збоку платоў на высокай траве яшчэ ляжала рудая скручаная кара, валяліся абрэзаныя нажоўкаю верхавінкі-калочкі.
Вуліца была пясчаная, ішла спадзінай — на ёй збіралася вада, сплывала з двароў i агародаў, нават платы стаялі на вадзе, таму i падгнівалі знізу. «Газік» буксаваў — залятаў у яміны, выбітыя машынамі.
«Не могуць пяску насыпаць, падняць дарогу вышэй»,— падумала Алена Пятроўна i старалася прыпомніць, які тут саўгас — за многія гады работы на сваёй пасадзе ведала амаль усе сёлы вобласці.
«Газік» ускочыў у глыбокую каляіну i стаў, не мог выбрацца з гразі. Шафёр i назад яго падаваў i рваў уперад — выехаць не мог.
— Не выберамся, Пятроўна,— сказаў ён вінавата.— Трэба шукаць, каб хто выцягнуў.
— Што ж ты так? — незадаволена прамовіла яна.
— Што я! — апраўдваўся ён.— Дарогі... Трэба ісці па трактар...
— Не я ж пайду,— буркнула Алена Пятроўна, хоць падумала: хлопец не вінаваты, чаго на яго злавацца?
Шафёр адчыніў дзверцы, хацеў пераскочыць лужыну, трапіць з машыны на сухі грудок, але не дастаў да яго, плюхнуўся ў ваду.
— Эх, ты, мужчына! — усміхнулася Алена Пятроўна.— Падкаці камень, я ж не буду скакаць.
Хлопец паслухаў, скаціў з грудка ў ваду валун, укінуў яшчэ колькі дробных каменняў, але яны патанулі, нават не паказаліся з вады.
«Трэба пашарсціць ix крыху, не могуць сабе дарогу замасціць»,— рашыла Алена Пятроўна, адзела балоневы плашчык, які дасюль ляжаў у машыне на парэнчы, вылезла з кабіны i скочыла на камень. Трымаючыся за плот, стаўляючы ногі між частаколін, перайшла па жэрдцы лужыну; гаспадар, што ставіў тут плот, быў прадбачлівы: у гэтым месцы радзей прыбіваў калочкі.
Алена Пятроўна падумала, што не мокнуць жа ёй на дварэ, трэба зайсці ў бліжэйшую хату, паглядзець, як жывуць людзі, пагаварыць з імі, папрасіць, каб паклікалі тутэйшага старшыню сельсавета. Не паспела адчыніць варотцаў, якія вялі да новага вышаляванага дома, як да яе кінуўся сабака, зароў, заліўся моцным, хоць затыкай вушы, брэхам.
З хаты ніхто не выйшаў. Алеца Пятроўна пастаяла, збаяўшыся сабакі, i павярнула да суседняга, больш старога дома. Пад страхою сенцаў гэтай хаты стаялі, звесіўшы галовы, куры, на двары ляжала доўгае карыта, i ў яго налілося поўна вады.
Алена Пятроўна зайшла ў сенцы, пастукала i ступіла ў хату, спыталася:
— Можна?
— Проша,— пачуўся з другой палавіны мужчынскі голас.
Яна стрэсла з балоневай хусткі ваду, павесіла яе на цвічок, села на лаве, агледзела хату. Спадабалася: сцены былі чысценькія, нядаўна пафарбаваныя бялюткім мелам, мясцінамі нават былі знаць палосы ад густых шчацін, беленькая была столь, чырвоная, зіхаткая падлога, зялёная, без ніводнай плямінкі ад дыму, стаяла печ. Вілкі стаялі на чыстым лісце паперы.
Тут жа на кухню зайшоў невысокі, ca светлымі бровамі, рыжымі вусамі, статны для сваіх гадоў мужчына. Здаецца, яна недзе яго бачыла. Гаспадар гэтаксама пільна паглядзеў на яе, прывітаўся.
«Можа, прыходзіў калі з якою просьбаю? Ці мала бывае за дзень людзей, усіх не запомніш».
— Во зазлавалася неба,— сказала яна.
— Зазлавалася дык зазлавалася,— прамовіў мужчына, а яна падумала: не ведае яе, каб знаў, то так смела не трымаўся б...
— Зусім злажыла жыта,— сказала яна.
— Злажыла,— пашкадаваў гаспадар.— Гэтакі град смаляў... I дождж во колькі ўжо лье, аж зямля перастала прымаць ваду.
— Хай бы на колькі дзён пазней ліло.
— Неба сляпое, у яго свая работа,— усміхнуўся мужчына.— Прыйшла яму пара, вось i разгулялася...
— Ну, як вы жывяце? — спыталася Алена Пятроўна.
— Ды памаленьку,— сказаў ён i сеў на другім канцы лавы.— Маракаваць няма на што. Здаровыя, сілу яшчэ маем — стараемся працаваць. На плату не крыўдзімся...
— Калі што — гаварыце,— прамовіла яна.— Я з вобласці...
— Ды ведаю, Алена Пятроўна...— сказаў мужчына i не ўсміхнуўся, нават не варухнуліся ягоныя вусны, не міргнуў вокам. Сядзеў ціхі i спакойны.
Яна ўстрывожылася, адчула, як мацней забілася сэрца, не змагла вытрымаць гэтага спакойнага погляду, разгадала ў ім глыбокую журботнасць.
— Ты? — выдыхнула яна.
— Можа i не я, Алена Пятроўна,— гледзячы на яе, прамовіў ён, i яна не зразумела: злуе, дакарае, пасміхаецца?