Выбрать главу

Стасіку такія няўцямнасці братавых паводзінаў не тое што надта ўжо абыходзяць, проста здаюцца незразумелымі. Як незразумелыя і перапады настрою ды маркота Ксені, якую ўсё часцей заспявае ён у самоце, з мокрымі ад слёз вачыма. З чаго б такое? І па гаспадарцы ж Віцюня ёй, нягледзячы, што гэтак часам бывае моцна заняты на працы, памагае, і гарэлкаю, як іншыя, не злоўжывае, з п’янымі хаўрусамі сяброўства не водзіць, і падарункамі зрэдзьчасу песціць. Як і мачыху, дарэчы, дарма што чужая кабеціна. Вунь два месяцы таму абедзвюм па пярсцёнку залатым да дзён народзінаў прэзентаваў. Не новыя, перакупіў, кажа, у кагосьці на кірмашы, ды ці гэта галоўнае? Рэч не такая ўжо выбітная той пярсцёнак, а, глядзіш, на каронку мачысе, як зубы паехала ў райцэнтр рамантаваць, і прыдаўся.

Ну, але што там Ксеня: дзіця насіць, вядома, - няпростая справа. Таму і вось пра гэта - пра тое, што, мабыць, усім ім, і тым больш Віцюню як мужу след было б быць больш уважлівымі да сіраты (Ксеня засталася без бацькоў у пятнаццаць год), таксама мае Стасік намер з братам пагаварыць. Канечне, як мага больш далікатна: Віцюня, хоць дзяцюк зазвычай і рахманы, - разам з тым часам і даволі непрадказальны, успыхлівы, і хто ведае, як на такое ўмяшальніцтва ў свае сямейныя справы адрэагуе.

Але ўсё адно ён пагаворыць. Калі, канечне, Віцюня не засне раней, чым паспее ён раскрыць рот. Або калі самога яго сон не зморыць да таго, як брат вернецца. Кроў з носу пагаворыць, калі толькі зямля не перакуліцца, ці метэарыт не ўпадзе няўрокам на панадворак, ці чарговае чэпэ, душагубства шатанскае, не здарыцца ў наваколлі ды не заслоніць сабою, не адсуне ўбок, як колькі разоў вунь ужо тое здаралася, дробныя ягоныя, мабыць, яйка выедзенага нявартыя хлапечыя клопаты і сумненні.

Пяць забойстваў цягам трох месяцаў і для вялікага горада, напэўна, не абы-які быў бы ўзрух, а пра невялікае паселішча і казаць няма чаго. Ад пачатку вясны толькі і гамонкі паўсюль у ваколіцах санаторыя, што пра тыя страхавітыя здарэнні, ды здагадак, як яно ды што. Усе пяць ахвяраў - маладыя жанчыны. Згвалтаваныя, задушаныя шалікамі ці хусткамі з собскіх шыяў і галоваў ды прыхаваныя ў хмызе быццам знарок літаральна за колькі метраў ад старога гасцінца паблізу Касцяніцы.

Ужо і супакоіліся крыху людзі пасля таго, як выцягнулі месяц таму падчас рыбалкі з ракі за пяць вёрстаў ад Лучая, каля штучнага вадаспада на месцы колішняга млына, зашыты ў мех труп адзінадушна западозранага ў нялюдскасці юрлівага касцяніцкага недарэкі Модзі. Аж не, дарэмна: праз тыдзень зноў скалануліся ад гэткага самага падвойнага - згвалтаванне - забойства - злачынства.

З Модзем, які пару год таму спрабаваў схіліць да сужыцельства непаўналетку ды дня не мог прабыць без таго, каб не зачапіць, не скубнуць за клуб якую маладзіцу, за старое і недаказанае новае быццам бы самасудам паквіталіся, але ж вось як было ўсё да самасуду, так і засталося. Усё, апроч аднаго: прыток у санаторый адпачывальнікаў, напалоханых розгаласам ад дзікіх серыйных забойстваў, удвая, калі не на больш, зменшыўся, і міжволі паўстала пытанне скарачэння штату ўстановы. Дзелавітыя Асакяны ўжо двойчы збіралі сход абслугі, папярэджвалі пра тое. Для занятых абслугоўваннем будынкаў санаторыя лучаеўцаў удар асабліва адчувальны. Вось чаму, мабыць, і мачыха ходзіць задуменная, і Ксеня, якая яшчэ да першае цяжарнасці паспела паўгода папрацаваць раздатчыцай у санаторнай сталоўцы, нервуецца, і Віцюню, як бы ён ні ўдаваў то абыякавасць, то весялосць, бачна, не па сабе.

Сняданак прамінае хутка, неяк похапкам. Ксені ад пачатку дня нездаровіцца, у мачыхі ж - свой гаспадарскі клопат. Адзін з загадаваных мінулым летам трусоў моцна, да косткі развярэдзіў дзесьці нагу, кульгае, то трэба яго тэрмінова зарэзаць. Трус вялікі, тлусты, крый Бог, здохне - шкада будзе. Марнаваць гэтулькі далікатэснага харчу гаспадыні не хочацца, а вось хто мог бы зарэзаць жывёліну ды зняць з яе скуру, - не даўмецца. Стасік, канечне, рады не дасць. Віцюню ж прасіць - таксама пустое, той ледзь кроў дзе ўбачыць - белым робіцца з твару, бы крэйда. Такі ўжо далікатны ад маленства да праяваў гвалту і жорсткасці, уразлівы чалавек.

- Дзеда Антука папрасіць, ці што? Схадзіў бы ты, можа, Стасік, да яго ў Касцяніцу, бухнуўся старому ў ногі...

Дзед Антук - чалавек з характарам няпростым, непрадказальны, і да яго ісці з нейкаю просьбай - што па мінным полі ступаць. Але ж ён адзіны, хто можа даць рады ў такой пільнай справе, і Стасіку нічога не застаецца, як згадзіцца з мачыхай.