Выбрать главу

- Стары любіць чытаць газеты, дык вазьмі з сабою раёнку, пакажы яму допіс пра Віцюню, - раіць Ксеня. - А тады, глядзіш, слова за слова - і лацвей яно ўсё пойдзе пры мужчынскай гамане.

- І праўда, - падтаквае мачыха. - Пакажы пісаніну дзеду. Яго ж хле­бам не кармі - дай што-небудзь пачытаць. Валя, бібліятэкарка, кажа, дня не мінае, каб да іх у чытальню па свежыя навіны не завітаў. Газетамі ды часопісамі абкладзецца і чытае-гартае ўсё запар, што ні трапіць на вочы.

Парада падаецца Стасіку слушнай. Дзед Антук, сапраўды, хоць адвеку нідзе, здаецца, не вучыўся, руку на пульсе часу, нягледзячы на ўзрост ды нізкі, як сам пра сябе кажа, сацыяльны статус, трымае спраўна і быць у курсе ўсяго, дзе што ні дзеецца, любіць да самазабыцця.

Мачыха садзіць зраненага труса ў кошык, Ксеня накрывае кошык газетай з допісам пра Віцюню, і праз колькі хвілін Стасік выходзіць з хаты.

- Кладзі газеціну за пазуху, раптам дождж нахопіцца, - крычыць наўздагон мачыха. - Шкада будзе, як змокне. А во яшчэ. Кажуць унучка прыехала да Антука з горада, ладная Чабанішка. Дык не губляйся там надта, чуеш?

- Вось яшчэ мне не хапала клопату з дзеўкай, - кажа Стасік і адчувае, як твар пакрываецца чырванню. Але гэта - не так ад прапановы мачыхі, як ад самога факту яе выказвання: звычайна гэткіх вольнасцяў у стасунках з пасынкамі жанчына сабе не дазваляе. Павучыць, палаяцца нават, як заробіш, - так, канечне, як жа іначай, справа будзённая. Але лезці жывасілам, слатою ў асабістыя, інтымныя справы хлопцаў - не, такое ў сям’і Тарасевічаў і не практыкуецца, і не ўхваляецца.

На двары яшчэ гарачэй, як у хаце, прадзірацца праз густое, праніцанае цымантовым пылам паветра да не так ужо блізкае Касцяніцы Стасіку даводзіцца ледзь не вобмацкам, унікаючы адкрытых месцаў ды трымаючыся засені. Але і засень сёння ратуе слаба: тэмпература пад трыццаць, палахлівец жа вецер калі і не памёр, то схаваўся ад задухі ў нейкім сваім таемным спраце так надзейна, што яго не дагукацца.

У Касцяніцы ціша такая, што ад яе вушы закладвае. Адзінае, што час ад часу яе, гэтую тугую, бы напятая рыбінай лёса, цішыню парушае, - шоргат птушыных крылаў па-над хмызам і дрэвамі. Чаго-чаго, а птушак на вышынным касцяніцкім хутары хапае, аж зашмат, асабліва шпакоў.

Дзед Антук кожную вясну развешвае на ліпах усцяж тыну новыя шпакоўні, і шпакі тут ужо распладзіліся ў такой колькасці, што баба Алена каму-небудзь на ягоную такую неабачлівую прыязнасць да птаства пры нагодзе ўпотай, дарма што жанчына пабожная і да плётак-нараканак быццам не ахвочая, і паскардзіцца. І мае рацыю: галодных птушыных іртоў у выніку Антуковае дабраслівасці штогод у Касцяніцы более, вішняку ж ды іншых дрэваў і кустоўя для іх пракорму - наадварот, менее. Тое ўлетку, глядзіш, ссохла, гэта ўзімку змерзла - радзеюць касцяніцкія сады, чэзнуць на вачах.

І дзеду Антуку, і бабе Алене добра за семдзесят, займацца ў гэткім узросце садаводствам - што пра нязбыўнае дарэмна марыць. Дай Бог насаджанае хоць збольшага дагледзець, а ўжо пра будучыню няхай іншыя, маладзейшыя, клапоцяцца. На прыход жа маладзейшых ды іхнюю руплівасць якраз разлічваць старым і не выпадае. Касцяніца - месца глухое, пустэльнае, хто сюды пойдзе бедаваць? Кожны, вядома, ціснецца бліжэй да выгодаў, кожны імкнецца як з меншымі турботамі ды выдаткамі ў жыцці ўладкавацца.

Вунь месяц таму прыязджала пажыць у братавай хаце Модзева сястра з дзецьмі, але нядоўга пабыла: страшна. І праўда, страшна. Асабліва як штосьці там схібіць увечары ў пасёлку трансфарматар і на некалькі гадзін застаецца Касцяніца без святла, сам-насам з тутэйшымі зданкамі ды прывідамі. Вось і запусценне ля хаты, бо нікому сталася не патрэбная. І не дзіва, што лабаззё амаль у рост чалавека скрозь ля падмурка і сценаў выструнілася і ўжо зазірае ў вокны, а да ганка з-за зарасніку з крапівы і дзядоўніку не прабіцца. І нават пара буслоў, што таўчэцца ў любоўным танцы на пожні збоч пуні, весялосці пейзажу не дадае.

Таксама загадка з гэтымі цыбатымі чырвананогімі каханкамі ў пёрах. Кахацца кахаюцца, а гнязда на коміне так да ладу ніяк і не давядуць. Быццам прыглядаюцца да месца і ўсё ніяк не наважацца канчаткова зрабіць яго сваім домам. Няйначай, часовасць, хісткасць усяго тут, у Касцяніцы, нутром сваім птушыным адчуваюць. А можа, гэтаксама, як і людзей, Модзева здань іх адпужвае? Хто ведае.

Адзіная, здаецца, бясспрэчная перавага Касцяніцы перад пасёлкам - чыстае паветра. Завод далёка, пыл сюды не далятае, дык і дыхаць тут куды лягчэй, і расліннасць больш сакавітай выглядае, і вада ў калодзежы пры спуску з пагурка больш празрыстая. Але гэта таксама як на чый погляд. Баба Алена, напрыклад, лічыць, што ані тут нішто не лепшае. Маўляў, раней венікам ці вяхоткаю, бывала, раз-другі махель гаспадыня падчас прыбірання - і дастаткова таго, і вось табе чыста ў хаце. А цяпер прыбіраеш-прыбіраеш паўдня, стаіш-стаіш крукам, а зірнеш пасля наўкола - быццам і не рабіў нічога, як было да прыбірання, так і засталося.