Выбрать главу

- Добра. А я табе неўзабаве пасля таго, як з ім стыкуешся, прыкладна аб адзінаццатай, бомкну. Раскажаш, што ды як. Цікава ж усё-такі... Калі раптам зноў, як сёння, якія непярэліўкі з тэлефонам здарацца, сама мяне набяры. Чуеш? Абавязкова. Буду чакаць. Ад Паўла і хлопцаў табе прывітанне.

- Дзякуй, як яны?

- Добра, што ім зробіцца... Паелі ды сядзяць вунь пры тэлевізары, фільм нейкі пра серыйныя забойствы глядзяць. За вушы, што бацьку, што сыноў, ад скрыні не адцягнуць. Аж млеюць усе трое ад задавальнення, на тыя жахі гледзячы. Папрасіла суцішыць гук - нават не схамянуўся ніводзін. Ну, дабранач.

- Дабранач. - Нана паклала слухаўку, змахнула мімаходзь даланёю з ісподу апарата павуцініну, якую заўважыла яшчэ надоечы, але ўсё забывалася, растузаная хатнімі клопатамі ды думкамі пра таемнага Станіслава Мікалаевіча, прыбраць, пайшла ў залу.

У зале было прахалодна і неяк няўтульна. “Мабыць з-за гардзінаў гэтых новых, шэры колер ёсць шэры, дарэмна не паслухала прадавачкі і тыя весялейшыя бэжавыя фіранкі понізу яшчэ прычапіць не купіла”,

- падумала Нана і схілілася ў задуменні перад кампутарам. Адчыніла паштовую скрыню, прабегла збольшага вачыма па тэксце першага ліста ад Станіслава Мікалаевіча.

Вось з яго, уласна, з гэтага ліста, усё і пачалося. Хаця не - пачалося раней, у той вечар месяц таму, калі патэлефанавала ёй прыяцелька з працы, сказала, быццам праз сацыяльныя сеткі яе або Алы адрас расшуквае нейкі мужчына - ці то сваяк, ці то знаёмы іх маці.

Гэта было дзіўна, бо ні пра якіх сваякоў, ні пра знаёмых нябожчыца маці, Ксеня, жанчына даволі лагодная і разам з тым валявая, а то нават часам і вунь як спарудліва-непрыступная, пакуль была жывая, ім з Алаю ніколі нічога не казала. Больш за тое, наогул не любіла пра іх згадваць і злавалася, калі гэта рабіў хто іншы. Варта было каторай з дачок хоць бы і незнарок зачапіць у размове тэму сваяцтва, як яна тут жа замыкалася ў сабе ды змаўкала так надоўга, што, здавалася, да скону ўжо так і будзе хадзіць маўчком. Канечне, з часам мякчэла, адпускалася, але колькі перажыванняў, колькі непрыемных хвілінаў ім, сёстрам-падлеткам, усё тое матчына зацятае, незразумелае маўчанне каштавала!

Што яна ад іх хавала? Якую таямніцу гэтак зацята аберагала, што нават дочкам, якіх, безумоўна, любіла, хоць надта, праўда, і не песціла, не палічыла мажлівым яе даверыць? Даходзіла ж часам і да кур’ёзаў. Неяк аднаго разу ў школе абвесцілі для вучняў конкурс на лепшы радавод. Дык рэакцыя маці на іх з Алаю намер скласці свой аказалася такою непрыязнаю, што і вокам яны не паспелі міргнуць, як падрыхтаваны для запісаў яе меркаванага расповеду пра продкаў нататнік куляю паляцеў у сметніцу.

Гэтаксама нервова ставілася яна і да іх роспытаў пра бацьку. “Яго няма”, - адказвала шторазу і, даючы знаць, што размова скончана і працягваць яе не мае сэнсу, строга падцінала тонкія свае, у нітачку, вусны. Такі адказ іх, канечне ж, не задавальняў. Аднак гучаў ён так няўмольна і разам з тым так пераканаўча, што іншага выйсця, як хаця б дзеля выгляду даць веры, што ўсё сказанае Ксеняй - праўда, ды змірыцца з тою праўдай, у іх не заставалася. І што цікава - змірыцца без уласцівага гэткага кшталту сітуацыям пачуцця крыўды ці пратэсту, а наадварот - з інтуітыўным, падсвядомым адчуваннем таго, што калі маці гэтак робіць, то гэтак і след, бо робіць яна тое не з прыхамаці, а адзіна дзеля іх жа, дачок, дабра.

Калі праз нейкі час, значна ўжо пазней, па сканчэнні школы, яны ўсё-такі памануліся ўзнавіць размову, яна абарвала іх імпэт яшчэ больш рашуча, і ад таго часу яны ўжо да тэмы пра бацьку пры ёй наогул не вярталіся. Пагаманіць міжсобку, ціха, употай ад Ксені - гэта колькі душа пажадае, але толькі не ў яе прысутнасці. Гэтак яны і рабілі, міжволі прыходзячы з узростам да высновы, што, мабыць, не слаба ж ён, бацька іх, чымсьці жанчыну пакрыўдзіў, калі нават і слухаць пра яго не жадае. Ці, наадва­рот, можа, яна яго пакрыўдзіла. І так здараецца. Мужчыны - стварэнні крыўдлівыя. Не ўсе, вядома, але ж многія... Не дагадзіла жонка, той жа чаркі, скажам, не наліла дзеля пахмелля - і адыходзіць чалавек у прочкі, і прачкаванне тое часам на ўсё жыццё зацягваецца. Так і сканае бядак дзе-небудзь наводшыбе ад сям’і, уласнага дзіцяці як след не пабачыўшы ды голасу ягонага не пачуўшы.

І вось - іх з сястрою расшукваюць.

Першае, што прыйшло ў той вечар Нане ў голаў, - ці не бацька гэта іх шукае? Між іншым, і пра Рамана таксама яна тады мімаходзь узгадала: ці не пажартаваў гэта ён з бадуна, папрасіўшы каго-небудзь падаць запыт на росшук? Тры гады, як разышліся-разбегліся з ім, а колькі нерваў за гэты час выцягнуў, не даючы праходу, даймаючы просьбамі пачаць усё нанова. Урэшце, збітая з тропу нечаканасцю, яна надыктавала-такі прыяцельцы свой электронны адрас, і тая даслала яго незнаёмцу. І зусім хутка, літаральна на наступны дзень, Нана і атрымала ад яго вось гэты допіс.