- Заявіцца - з чаго гэта? Не пужайце дарэмна - не заявіцца ніхто. А заявіцца - так пужну, што ў гэты бок і глянуць, напужаны, пабаіцца.
- Брат твой у турме, значыцца? Так?
- Ага. А што, боязна стала? Спужаліся? Вось, адразу бачна, што ніколі не сутыкаліся з такім. Страшна? Не бойцеся, сюды не прыйдзе. Мы не ў дружбе з ім.
- І за што сядзіць, калі не сакрэт?
- За забойства. Нажом пырнуў аднаго па п’янцы. Быццам папалохаць толькі хацеў, а замест гэтага ў самае сэрца лязом, дурань, патрапіў. І загрымеў.
- А не пахвалілася, бач, ніколі! Не сказала праўды. Не сказала ж..
- Дык вы ж не пыталіся! І не папікайце дарэмна. Праўда такая рэч, што лепш часам і не ведаць яе. Ну, сказала б я вам пра брата - і што наедку вам з таго было б? А мне - толькі нязручнасць лішняя ды турботы. Навошта? Адсекчы на карані мінулае - і ўсяго клопату. Хіба не так?
- Адсекчы? Лёгка сказаць. А як не адсякаецца, тады што? Хм. Хаваць мяне будзеш?
- Што? Хаваць? Хаваць. Вось дык размова. Але што ж - не дзеці мы. Хаваць! А даверыце? Скажыце - даверыце? Як бы вы хацелі быць пахаваным?
- А хоць як. Напрыклад, у крэматорыі спаліць. Выгода: у печ торкнуў труну, папялок развеяў пасля дзе-небудзь, і ніякага клопату з уносам-вынасам цела, з месцам на кладах ды хаўтурамі. Вось толькі дзе яго тут возьмеш, у гэтай глухмені, той крэматорый. Давядзецца нехаця ў зямлю тачыцца...
- Ну, вось, дагаварыліся. Ой, Станіслаў Мікалаевіч. Пра халяву нейкую, пра пахаванне заводзіце гамонку. Есці будзеце? Бульбы насмажыла, дык магу падзяліцца. З цыбуляю, дарэчы, бульба.
- Канечне, з цыбуляю, як жа без цыбулі, - буркнуў ён незадаволена і пайшоў следам за Зінаю ў кухню. Іншым разам, можа, і абурыўся б, але цяпер было не да таго: карцела як хутчэй улезці ў пошту, паглядзець дасланы Нанаю здымак.
Дзве кабеціны сярэдніх год, абняўшыся, стаялі перад прыбранаю навагодняю ёлкай, засяроджана, як малыя дзеці ў чаканні абяцанай дарослымі птушкі, глядзелі ў аб’ектыў апарата. Выгляд танкавусных светлавалосых маладзіц з засяроджанымі, уважлівымі вачыма сумненняў не пакідаў: Ксеніны дочкі. Толькі крыху, падалося Станіславу Мікалаевічу, больш мяккія абедзве з абрысаў ды больш падобныя асобнымі фрагментамі твару да ніколі не бачанай імі бабулі, ягонай і Віцюневай маці.
Дзе на здымку каторая з пляменніц, пазначана не было, але гэтага Станіславу Мікалаевічу і не патрабавалася: здагадаўся, ледзь адчыніўшы файл ды ўзгадаўшы фотку, прадэманстраваную пару гадзін таму Раманам.
Ён прачнуўся пад ранне - ад болю ў грудзіне. Паспрабаваў прыўзняцца і не змог: цела быццам скалянела. Праглынуў, сяк-так дацягнуўшыся рукою да пудэлка, пару капсул з лекамі, хацеў запіць глытком вады, але шклянка была пустая. Пастукаў кійком у перагародку, каб паклікаць упомачкі Зіну, ды, успомніўшы, як яна збіралася звечара ў начную змену, зноў адкінуўся галавою на падушку. “Канец?” - падумаў і склаў на жываце рукі. Ні роспачы, ні страху не было, толькі нейкі няўцямны, незразумелы сверб у галаве. Усё адно як штосьці там муляла ды, разбітае на дробныя фрагменты, зыбалася-знібела між звілінаў і ніяк не давала рады аформіцца ў адзінае цэлае. Як з парваным ланцужком мітрэнга: звяно выпала, а вось чым замяніць яго - і не даўмецца, і не ўзгадаць.
Тым часам боль у грудзях пачаў пакрысе адпускаць. І неўзабаве, прыглушаны, відаць, лекамі, ужо адно ледзь-ледзь нагадваў пра сябе лёгкім паколваннем у спіне і плячах.
Першы сонечны прамень выбіўся з-пад гардзіны, пазыбаўся ў марыве з пылу і кволага ранішняга святла па-над падлогаю, упёрся ў прастакутнік шпалераў з гадзіннікам на сутыку сценаў. Палова сёмай, да сканчэння Зінінай змены паўтары гадзіны. Значыць, дахаты дзеўка вернецца не раней дзясятай. А можа, і пазней: штосьці ўчора намякала мімаходзь на прыезд Валеркі, дык, мабыць, адразу з працы паляціць на станцыю яго сустракаць. Дзіўная: ганіць каханка, а варта таму пальцам павабіць - і ляціць да яго як не на злом галавы, бы тая жамярына па нектар да кветкі, быццам нікога лепшага за яго і ва ўсім свеце для яе няма. І зразумей ты гэтых жанчын.
Гэтак во акурат, без жаночых дзівацтваў, і з Віцюнем у тое лета не абышлося. Невядома, чым ён іх там браў, тых маладзіц, але тры з шасцярых ягоных ахвяраў, як высветлілася, самі, без прынукі селі да незнаёмца ў аўто, зрабілі крок насустрач уласнай смерці. А падчас суда, сведкі пасля казалі, некаторыя жанчыны ў зале, магнезу ды абаяльнасці асобы забойцы, няйначай, паддаўшыся, нават і спачувалі яму, і слязіну, зычлівіцы, пускалі. А адна, з каханак ягоных быццам бы колішніх, тэхнікумаўскіх яшчэ, дык і наогул як звар’яцела, паўгода па агалашэнні выраку лісты-скаргі на дзеянні следства ў высокія інстанцыі дасылала.