Ён перакуліўся на бок, набраўшы ў рот паболей паветра, у тупым здранцвенні ўпетрыўся паглядам у сцяну. Колькі дзесяцігоддзяў прамінула, колькі забылася ўсяго, быльнягом зарасло, а зацята-неўразуменная ўсмешка братава, быццам учора тое ўсё здарылася, так і засталася перад вачыма. Змушаны, як праз сілу, усмех хворага чалавека, калі даваць веры высновам навукоўцаў, - прыкмета душэўнай неадэкватнасці асобы, так званай некрафіліі. Цікава толькі, як яны, некрафілы, пры іх любові да смерці, да пагрозы ўласнаму жыццю пры гэтым ставяцца? Мяркуючы па паводзінах Віцюні падчас суда, піетэту не выказваюць. Але ж каб і надта баяліся - таксама не скажаш.
Але пра што гэта ён? Ці не час ужо і насамрэч вартым, а не ўспамінамі тымі прадаўнімі, заняцца?
Стрэлка гадзінніка нервова тарганулася на цыферблаце, памарудзіла, бы ў одуме, на лічбе 7, пасунулася далей у адвечным сваім марным клопаце пагоні за часам. Дапяла да прыпарушанай пылам мінулага адзнакі гульні з Віцюнем у перайначванне словаў, хіснулася сюды-туды і спынілася, быццам чымсьці заварожаная.
“Ну, вось, і ўсё, мабыць, - адчуваючы, як слабее ды пачынае новым прыступам болю адзывацца сэрца, падумаў ён і падняўся з ложка. - Справу скончыць, і да пабачэння, белы свет. Як кажуць - быва. бываленя!”
Прыўзняўся на ложку, дастаў з кішэні цыдулу з Ромакавай паспешлівай крамзанінай, набраў нумар.
7.
- Усё, заўтра еду па Цёму. - Зіна імкліва паднялася з канапы, прайшлася сюды-туды па пакоі. - Адзін заставацца тут не пабаішся? Раптам гаспадар заявіцца ці яшчэ які прывід.
- Яшчэ чаго! - ускіпеў Валерка. - Знайшла баязліўца! Вось абы ўкалоць. Характар твой: тыдзень усяго разам пабылі, а ўжо колькі чаго ад цябе ні наслухаўся. І што ні слова, то знявага. І прайдзісвет я, аказваецца, і няздара, а цяпер во - і баязлівец яшчэ да ўсяго...
- Цябе зняважыш, ага. Паеду - клункі тыя з вопраткай Мікалаевіча, што ўчора напакавалі з шафаў, не забудзься павыносіць на двор, можа, прыдадуцца каму з суседзяў. Толькі абы-як не кідай, пакладзі акуратна. Не возьмуць - пасля, як вярнуся, у інтэрнат для старых аддамо. На могілкі схадзі. Вецер штоночы, каб вянкі не разбэрсаў. І наогул, падправіць што, можа, там трэба, дык пастарайся ўжо, не палічы за цяжар.
- Схаджу.
- Глядзі. Першае, што спытаю, вярнуўшыся, - ці зрабіў тое, што прасіла? - сказала Зіна і пайшла да кампутара. Пасля пахавання Станіслава Мікалаевіча мінулі чатыры дні, а дагэтуль ніякай весткі ад жанчыны па імені Нана, перадсмяротны ліст да якой знайшла яна ў паштовай скрыні нябожчыка, усё не было, і гэта яе нервавала. Хто яна, тая жанчына? Якіх неспадзевак можна ад яе чакаць?
- Хакер ка! У чужой пошце корпаешся? - не вытрываў, падкузьміў Валерка. - Пабачыў бы стары, што тут з ягонаю скрыняй вырабляеш.
- Супакойся, ён сам мне пароль даў. Свярбела б мне пахакерыць, і без дазволу магла б. Толькі звычкі такой, у адрозненне ад некаторых, не маю, не займела. Зайздросціш, што не табе, а мне даверыў гаспадарнічаць?
Яна адчыніла скрыню і адразу ж натыкнулася паглядам на паведамленне аб новым лісце.
Пісала Нана, пыталася, што гэта яму, Станіславу Мікалаевічу, прыйшло раптам у голаў развітвацца, быццам ён паміраць сабраўся. То зухам трымаўся, а то во - усё гэтак неўспадзеў, увадначас перамянілася.
Але больш уразіла Зіну іншае.
- Ты раварыста таго, Рамана, што ўсё тут круціўся ля дома, даўно сустракаў? - гукнула яна ў кухню, дзе чутно было, Валерка раз-пораз ляпаў ужо дзвярыма лядоўні. Ён заўчора чарговы раз кінуў паліць і цяпер нервова шукаў хоць чым заняць рот замест цыгарэціны.
- Не, не бачыў. А што?
- А хадзі сюды, зірні.
Валерка, жуючы на хаду кавалак каўбасы, увайшоў у пакой.
- Бачыш - дзякуе за прэзент. А хто яго, той прэзент, перадаў? Раман. Што за ён? Няўжо гэты самы, што прыязджаў сюды? Пэўна ж ён, хто яшчэ. І калі паспеў? От жа хітраваны!
- Хто?
- Хто! Галава твая. Гэтыя двое: Станіслаў Мікалаевіч і Раман. І калі ўжо дарэшты схаўрусавацца паспелі? Тое лагодны гэткі быў апошнім часам наш Мікалаевіч, да сябе не падобны. Што ні зрабі - усё ўпанараў, усё добра. Нават на цыбулю ды адсутнасць ножыка пры талерцы перастаў наракаць. Аж во яно што, во дзе прычына... Ну, але. Што рабіць будзем?
Валерка пракаўтнуў каўбасу, з выразам маральнае перавагі на твары - ага, маўляў, і я вось прыдаўся - няспешна, быццам жадаючы прадоўжыць хвіліну ўласнага, дарма што ў собскіх толькі вачах, узвелічэння, прамовіў:
- Як што? Скасаваць скрыню, і канец справе. Што яшчэ? Ліха будзіць?
- А з адказам што? Напісаць ёй, гэтай Нане, што ды як? Што памёр, што пахавалі? Пэўна ж, цікава ёй будзе.