Зіхоткая стужка дарогі вілася паміж маляўнічых узгоркаў ды ўзлескаў, то падымалася ўгору, то зноў, залюляная кашлатымі вершалінамі дрэваў абапал шляху, спускалася на дол. У салоне было гарачавата, але фортак не адчынялі: Ала змалку баялася скразнякоў. Гаварылі пра імаверныя выдаткі, звязаныя з набыццём ранцаў, кніжак, абутку ды вопраткі для хлопцаў да школы. Неўпрыкмет, але лагічна ўзбіліся на тэму грошай, завяшчаных сёстрам Станіславам Мікалаевічам, але ўсё яшчэ Нанаю не атрыманых, бо ёй раптам узбрыло ў голаў заняцца лячэннем Рамана ад алкагольнай залежнасці і яна, баючыся пакідаць выпівоху сам-насам з хваробаю ў такі адказны момант, паехала з ім на месяц у нейкую сталічную спецыялізаваную клініку і вярнуцца дахаты мелася толькі праз тыдзень.
- Замыліць твая сястрыца капейкі, і канец будзе справе, - казаў каторы раз Павел, закатваючы вочы ледзь не пад дах салона і нервова шчоўкаючы раз-пораз дзверкаю бардачка. - Бандэраўцы гэтыя - у-у, ведаем іх.
- Кінь ты енчыць, - не стрывала, абурылася ўрэшце Ала. - Вярзеш абы-што. Замыліць. Быццам я сястру сваю не ведаю. І колькі ўжо разоў прасіла не называць яе бандэраўкай - як аб сцяну гарох. А потым наракаеш, што недалюблівае. На сябе паглядзеў бы.
- А што - не так, не бандэраўка? - ці не знарок прапускаючы міма вушэй апошнія словы жонкі, млявым голасам працягваў Павел. - Не бачыш хіба, як Лёшку з дня ў дзень апрацоўвае? Кніжкі нейкія ўвесь час падсоўвае, размаўляць на мове прымушае з сабой па тэлефоне. Мне вунь днямі эсэмэску прыслаў: “Тата, у мяне ўсё клёва!” Тата! Што гэта такое? Хто ў наш час бацьку татам кліча? Смех дый годзе!
- Ну, тата. І што табе так не падабаецца? Хочаш папам, няйначай, быць? Можа, і рымскім яшчэ? Дык дарасці трэба. Ты ж свайго бацьку як зваў? Памятаеш, ці нагадаць, можа? І ніхто яго не прымушае, сам так хоча. Не хацеў бы - не размаўляў бы на мове і не пісаў. Як-ніяк сямнаццаты год хлопцу - забыўся?
- Хоць і трыццаты! Мне яшчэ ва ўласнай хаце халеры рознай не хапала. Не, каб сваіх нараджаць - чужых выхоўвае. Нараджай і тады і выхоўвай, як лічыш патрэбным. Выхавацелька! Вось грошы аддасць твая Нанка-незачэпа, і займуся гэтаю справай.
- Зоймецца ён. Сабою лепш займіся. Яшчэ раз пабачу з тою цыбатай прафурай з клуба - трываць не буду. Далібог, не буду.. Дарогу глядзі, а то віхляемся, бы дупа бабіна між елак. Вунь, бачыш, чалавек галасуе, вазьмі.
На перакрыжаванні з указальнікам “Санаторый “Лучай” субтыльны маладзён год трыццаці ў рудых пакамечаных шортах і з плецаком за спінаю, сапраўды, адчайна сігналіў рукамі ў просьбе спыніцца.
- Вазьмі, - ціха, але настойліва, памятаючы заўсёдную звычку мужа саступаць перад рашучасцю, паўтарыла Ала і кранула дзверку з цвёрдым намерам адчыніць.
- Вельмі трэба - абы-каго падбіраць! Возьмеш, а ён табе па галаве гваздане чым-небудзь каляным замест падзякі, і каюк, - незадаволена зморшчыўся Павел, але не паслухаць жонкі не наважыўся, спыніўся.
- Гваздане! Менш бы серыялы глядзеў, менш бы і дурное мроілася. Сярод дарогі, у ясны дзень - гваздане, - сказала Ала і расчыніла дзверку. Вылезла з салона ды, скарыстаўшыся момантам, хуценька перасела на задняе сядзенне, даючы маладзёну месца побач з мужам. Быццам бы з перасцярогі тое зрабіла, паддаўшыся навеянаму словамі Паўла страху, а насамрэч - адзіна таму, што ўначы, не даўшы рады супрацьстаяць ягоным настойліва-пажадлівым угаворам злітасцівіцца, выканаць хоць збольшага сужэнскі абавязак, недаспала і цяпер хоць на якіх пару хвілін хацела акунуцца ў забыццё.
Ды як ні хацела - заснуць, аднак, не атрымалася. Мужчыны ўвобміг знайшлі агульную мову, загаманілі спачатку пра назоў санаторыя, пра нейкіх армянаў, што колісь, паводле расповядаў тубыльцаў, тым санаторыем апекаваліся, пра нейкі здзічэлы, абязлюдзелы касцяніцкі хутар, пра забойствы ды згвалтаванні жанчын ці не саракагадовае даўніны, якія пры тым хутары адбыліся, пра дыскусіі ў прэсе наконт смяротных прысудаў забойцам, затым пра нейкі фільм жудасцяў, потым пра футбол, яшчэ пра штосьці. Неўпрыкмет пераключыліся на праблемы экалогіі, загаварылі пра тое, як псуе мясцовую прыроду стары, нерэнтабельны цэментны завод, ад якога адно толькі і наедку, бадай, што кепскае паветра ды пыл слупам.
“Як бабы, вось абы мянціць языкамі”, - падумала Ала і, задаволеная, што хоць яе не ўцягваюць у нудотную сваю, бясконцую, як нітка з прасліцы ў нядаўняй тэлеперадачы пра народныя промыслы, балбатню, адхінулася плячыма на спінку сядзення. Узгадала ўчарашнюю тэлефонную размову з Нанай пра тое, што няблага было б з’ездзіць на магілу да Станіслава Мікалаевіча ды паспрабаваць усё-такі пра яго сёе-тое ў дзеўкі той, Зіны, даведацца, уявіла, як будзе ўлагоджваць мужа, угаворваючы на вандроўку, і, закалыханая галасамі мужчын ды вокамгненнай зменаю краявідаў за акном аўто, правалілася ў кароткі - да месца заставалася, мабыць, не болей дзясятка хвілін язды - сон.