Вадаспад - невысокі, метры ў два з паловай паток - Алу не тое што расчараваў, хутчэй падаўся нейкім несур’ёзным, быццам цацачным. А вось ваколіцы яго дык і насамрэч расчаравалі: усюды неўладкаванасць, параскіданыя па кустоўі галавешкі ад вогнішчаў, горы смецця, россыпы недакуркаў пад нагамі. Хоць сам сціснуты з абодвух бакоў узгоркамі дыснейлэндаўскі гэты тутэйшы відарысік, канечне, уражваў. Зрабіўшы зводдалеку мабільнікам некалькі здымкаў вадаспада, Ала спусцілася з пагурка на бераг, дзе Павел са сваім спадарожнікам-суразмоўцам у кампаніі іншых вандроўнікаў ужо кулогаліся ў кудзелі з пены ды пырскаў ля зарослай аерам і багавіннем плаціны. Толькі пачала распранацца, каб далучыцца да купальшчыкаў, як зазваніў мабільнік, і яна зноў паднялася на пагурак, далей ад шуму.
Тэлефанавала Нана. Размова, як і ўчарашняя, ад першае ж хвіліны закруцілася вакол вераемнае паездкі на магілу Станіслава Мікалаевіча. Сястра неўзабаве павінна была разам з Раманам вярнуцца дадому, таму прапаноўвала, каб не марнаваць дарэмна часу, адразу ж і выправіцца ў ягоны гарадок.
- А калі не пажадае тая дзеўка з намі сустракацца, што тады? - не жадаючы акунацца нанова ў справу і разам з тым і не маючы ахвоты дарэшты адпрэчваць ініцыятыву сястры, слаба запратэставала Ала.
- Дык з суседзямі можна пагаманіць. Ці афіцыйна ў той жа тамтэйшы пашпартны стол, у рэшце рэшт, звярнуцца. Якія ж ніякія ягоныя дакументы, напэўна, там адшукаюцца. Быць такога не можа, каб нічога ад чалавека не засталося.
Па настойлівасці, з якою гаварыла Нана, было зразумела: клопат жанчына ўзяла да галавы грунтоўна і ад намеру свайго ўжо наўрад адступіцца.
“Вось і ў каго такая ўдалася ўпірыстая? Як надумаецца што - кроў з носу, а да канца задуманае давядзе”, - падумала Ала і сказала няўпэўнена ўслых:
- Хлопцам хутка ў школу, турботаў так шмат, што і хвіліны вольнай, ведаеш, не выпадае. Сюды во, да вадаспада, выбрацца ледзь-ледзь часу вымеркавалі...
- Ну, глядзі сама, як хочаш. І адна магу з’ездзіць, не такая ўжо праблема. Адно што аўтобусамі круціцца не хочацца, на сваім аўто - зусім іншы быў бы, канечне, цымус. І ямчэй яно было б, і хутчэй, і весялей у добрай кампаніі.
- Канечне, весялей. Ну, дык паглядзім, можа, яшчэ што і атрымаецца ў мяне, - пераймаючы юрлівую ўсмешку Паўла, які ўсё больш настойліва завіхаўся ў вадзе ля адной з маладзіц, сказала Ала і пачала асцярожна - бераг быў гэтым месцам занадта стромы - спускацца з тэлефонам пры вуху з пагурка да ўзножжа вадаспада. Хацела яшчэ спытаць у Наны напрыканцы размовы пра завяшчаныя Станіславам Мікалаевічам грошы, але не паспела. Пакуль мулялася ў няпэўнасці, ці не будзе такое пытанне занадта абразлівым для сястры, тая перарвала выклік.