Амаль дзве гадзіны мінула пасля размовы з Нанаю, а ён усё сядзеў, бы здранцвелы, пры ўключаным кампутары, тупа глядзеў на спярэшчаны бляклымі знакамі файлаў ды тэчак манітор. Сядзеў і млява, як праз сон, думаў, што няблага было б, бадай, замяніць на экране фонавы малюнак, бо надта ж усё на ім невыразна, ды пра тое, як бы не забыцца папрасіць Зіну аплаціць на пошце падпіску на інтэрнэт на наступны месяц. І толькі калі зноў падаў голас з калідора тэлефон, на хвіліну ажыў, страпянуўся. Але адзывацца не стаў: трэба каму - патэлефануюць пазней, яму ж цяпер не да размоваў.
Тэлефон енкнуў колькі разоў, захлынуўшыся ўласным расчараваннем- абурэннем, рэзка аціх.
Рука Станіслава Мікалаевіча міжволі пацягнулася да мышкі, скіравала курсор да тэчкі са здымкамі.
Усе фоткі ў тэчках на ягоным рабочым стале - са зробленых апошнім часам. І толькі адна - даўнейшая. Яе прыслала год дваццаць таму Ксеня з Закарпацця, калі перабралася туды з дочкамі пасля Грузіі. Дзве дзяўчынкі-пагодкі ў тубыльскіх сукенках з арнаментамі на фоне акаймаванае стажкамі сена гары, са стужкамі ў туга сплеценых косах. А вось дзе каторая - невядома, бо нічога братава пра тое не напісала. І не напісала, і зладзіць сустрэчу з дзяўчатамі, колькі ні прасіў, не пажадала. Цікава, як то цяпер яны, Нана і Ала, выглядаюць? А дзеці Аліны да каго падобныя? Сыну, здаецца, два гады было, як Ксеня памерла. Пэўна ж, і яшчэ Ала потым, хоць і наогул пазнавата, дзесьці пад трыццаць, выйшла замуж, нарадзіла. Дзяўчыну ці хлопца зноў? Ксеня вельмі баялася і не хацела, каб хлопцы былі - кепскіх генаў, мабыць, асцерагалася. Так асцерагалася, што нават, даведаўшыся, што першынец сын будзе ў Алы, надта ж тым пераймалася, перажывала.
Ён падумаў, што няблага было б папрасіць Нану, каб прыслала які-небудзь здымак, свой ці сумесны з сястрой і яе дзецьмі, але тут жа прагнаў думку прэч. Ліставанне - куды яшчэ не ішло, а прасіць здымкі - гэта ўжо, безумоўна, будзе з ягонага боку перабор.
Так, на думцы пра здымкі, ён у крэсле пры кампутары і заснуў. Ды заснуў, аддаўшыся відзежам мінулага, так моцна, што, калі нейкае аўто спынілася ля хаты насупраць і асвяціла яго праз вакно фарамі, ён не толькі не прачнуўся, а нават не зварухнуўся.
3.
Гарачыня, спёка - мабыць, у пекле, калі ёсць яно, пры катлах з грэшнікамі менавіта вось гэтак задушліва. Нябожчык Адам, Стасікаў і Віцюнеў бацька, чалавек у выказваннях трапны і вынаходлівы, дарма што быў ледзь збольшага адукаваны, такое надвор’е заўсёды называў не іначай як скварам. Сапраўды, сквар, адно што не зімовы, калі цела аж пячэцца на марозе, а летні. Бо такога шчодрага на сонца пачатку лета, як сёлета, і самыя старыя жыхары Лучая, бадай, не памятаюць. Куды ні кінь вокам - усюды яго аранжавы дыск, дакучлівы, навязліва-неадчэпны, бы распалены любоўнаю жарсцю певень Здорка, што ўсё кружляе і кружляе напышлівым шляхцюком вакол чародкі курыц і ніяк не спатоліць, распуснік, неўтаймоўнага свайго юру.
Спякота пануе на дварэ ад самай раніцы. І адзіным месцам, дзе можна хоць крыху ад яе ў гэтыя атручаныя флюідамі падазронасці і страху дні ўратавацца, - клуня на ўскрайку Лучая, побач з будынкам санаторыя цэментнага завода, адзінага калгаснага прамысловага прадпрыемства, ад нядаўняе пары - вотчыны ўвішных армянскіх перасяленцаў братоў Асакянаў. Там, у пахілай, пачарнелай ад часу, на траціну ўрослай у глебу дзедаўскай будыніне, у міжсценні з грудаю прапахлых цэментам, які ў пасёлку ўсе называюць паводле старой завядзёнкі цьімантам, бацькавых рэчаў, загародкаю для куранят і клеткаю для трусоў ды месцам, дзе мачыха трымае свае прычындалы для прыбірання, і туліцца Стасік Тарасевіч каторыя суткі ў марнай надзеі, што вось жа зараз якраз і надарыцца целу палёгка ды з’явіцца ўрэшце імпэт засяродзіць глузды на падрыхтоўцы да ўступных іспытаў у інстытут.
Вечар. Сонечны дыск хіліцца долу, спакваля перарабляецца з аранжавага на агніста-чырвоны, павісеўшы колькі часу нерухомаю патэльняй над аточанай кустоўем рысаю небасхілу, імкліва куляецца ў бездань няпэўнага, але з кожным імгненнем усё больш выяўнага прамежку сутак, хвіліны кароткага - адзін блік, адзін росчырк апошняга промня на небе - спаткання святла і цемры. Дзень прамінуў, як і не было яго, ноч наперадзе, а ахвоты да навукі ў Стасіка так, на жаль, і не дадалося.
“Ну, то заўтра, можа, дасць Бог, зоркі паспрыяюць”, - думае хлопец і бяжыць у хату па цяплейшую коўдру. Чэрвеньскае надвор’е, што ні кажы, падманлівае, няпэўнае. Удзень і не заўважыш, забавіўшыся на сугрэве, як сонца запячэ скуру да пухіроў. А ўначы так неўспадзеў, спадцішка, па-зладзейску абдасць вераломны вятрыска ўсё цела холадам, што не толькі коўдра, а і спраўны дзедаўскі кажух паверх яе не будзе лішнім. Адно добра: камароў пакуль што ўсюды няшмат - не іх пара. Заблукае ў клуню які-небудзь залётны няўдаліца, пакружляе, паенчыць над вухам пранізлівым галодным дыскантам ды і знікне, гнаны самотаю, у густым прадзіве павуціння пад дахам.