Выбрать главу

Лучай - заняпалае старасвецкае паселішча на ўскрайку балотнага заказніка, вядомае ў акрузе сваімі азяркамі, а найперш мохам. Як апошнім часам цымант, так здавён, спаконвеку мох - неафіцыйная візітоўка Лучая. Не толькі з наваколля, але і з болей аддаленых мясцін па-ранейшаму прыязджаюць сюды людзі, каб надзерці яго для імшэння зрубаў ці ўцяплення хат ды надворных пабудоваў, цягнуць дадому падводамі, тачкамі, прычэпамі. Канечне, менш, як, напрыклад, у даваенныя часы, здабываюць, але ўсё адно лучаеўскі мох усё яшчэ карыстаецца попытам, і не абы-якім.

Яшчэ адна адметнасць Лучая - яго перасечаны, спярэшчаны пукатымі пагуркамі рэльеф. Ледзь-ледзь балота мінулася - і вось ужо вырастае перад вачыма вясёлы, бы стромая выспа сярод мора, парослы з усіх бакоў чаромхаю, ды рабіннікам, ды арэшнікам вежападобны пагурак пад назовам Касцяніца. Такі нязвыкла для тутэйшых абшараў высачэзны, што, каб убачыць, якія там дзівосы месцяцца ўгары, на яго пляскатай суглініста-пясчанай вяршыні, добра трэба напружыць цягліцы шыі ды ўзняць як след голаў.

А там, угары, - шырокі, абгароджаны з усіх бакоў рэдкім тынам ды абкладзены понізу тыну шыхтам прыхопленага цымантам камення пляц, пасярэдзіне якога туляцца тры хаты. Адна ўжо пустая, страхавіта зырыць на свет нежывымі аканіцамі пасля нядаўняе смерці гаспадара, вяплаватага маладога старавера-адзінотніка Модзі, і дзве жылыя. Большую, тую, што прыткнулася да агароджы на схіле пагурка, займае гаманкі майстра спанталічыць суразмоўцу то - у залежнасці ад настрою - спецыфічным сваім, грубаватым гумарам, то, наадварот, суворасцю абыходжання дзед Антук па мянушцы Чабан. Гэтак, на цюркскі капыл, ён назваў сябе сам, калі, кінуўшы трунарства ў лучаеўскай канторы пахавальных паслуг, наняўся пасля выхаду ў адпачынак дзеля прыварку да пенсіі пасвіць калгасных авечак. Суворасць так натуральна ўжываецца ў старым Антуку з жартаўлівасцю, што часам і зразумець, ці праўду ён кажа, ці брэша, зусім, зусім няпроста.

У другой, меншай хаце жыве ўдава Алена, ціхмяная блізарукая кабеціна з заўжды сумным, быццам адмыслова арыентаваным на горшае выразам твару. Гуляе пагалоска, што Алена з Антуком па маладосці любіліся, але ці праўда тое, ці плётка, ніхто дакладна не ведае. І не дзіва: пасёлак з пагурка бачны як на далоні, з пасёлка ж, з нізіны, каб і вельмі хацеў, нічога ў Касцяніцы, апроч стрэх ды каміноў хат, не ўгледзіш. Так што адзіная крыніца інфармацыі пра касцяніцкія норавы і падзеі, колішнія ды цяперашнія, - даўгаваты Антукоў язык. І пра ўласныя шуры-муры з гадоў маладосці не праміне дзядуля пры нагодзе пахваліцца, і пра тое, як падчас працы ў пахавальнай канторы быццам бы ўмудрыўся аднойчы па п’янцы памілавацца з нейкаю кабецінай на веку парожняе труны ці то нават у самой труне, распавесці за саромнае не палічыць.

Касцяніца - месца маляўнічае, прывабнае, але і даволі вусцішнае. Асабліва ўначы, калі пачынаюць прывідна гайдацца ўдалечыні на тле зорак сілуэты дрэваў ды адзывацца з балота адна за адной згаладнелыя за дзень совы. Пасля ж трагічнага здарэння з Модзем і наогул ператварылася ціхамірная Касцяніца ў вачах насельнікаў Лучая ды навакольных вёсак у амаль што мясціну д’ябальскую, нялюдскую. І нават пара буслоў, што неўзабаве па адыходзе нябожчыка ўзялася абжываць комін ягонае хаты, прывабнасці хутару ў вачах як тубыльцаў, так і люду прышлага, тыж жа братоў Асакянаў, не дадае.

На наступны дзень Стасік прачынаецца раней, як звычайна, а сёмай. Але ўсё адно ўжо, аказваецца, - запозна. Меркаваў уранні заспець брата Віцюню да ягонага ад’езду на працу, каб пра сёе-тое пагаманіць, але вось жа - зноў праспаў шанец, не скарыстаўся момантам. Віцюні і след астыў, а ягоны тапчан у дальнім куце клуні выглядае так, быццам на ім і наогул не спалі: раўнюткі, без адзінае зморшчыны валік-сеннічок замест падушкі, неруш чысцюткае, каб каліва бруду, прасціны, акуратны, як пад лінейку зладаваны, стосік з наўлечкі і ручнікоў. Брат - чысцёха, такой схільнасцю да чысціні і парадку і жанчына не кожная можа пахваліцца.

На двары, па ўсім відаць, лютуе звыклая спёка. У клуні - ціша, нават мышэй, надзіва, не чутно, мабыць, пазашываліся небаракі па норах пасля несупыннай начной валтузні, ратуючыся ад гарачыні.

Зазірае ў будынак мачыха, бразгае вядром, крышыць куранятам яйка, знікае зноў у зыбкім мроіве па той бок дзвярэй. Праз хвіліну Ксеня, братава жонка, расчыняе дзверы, пастаяўшы моўчкі, немым ценем хвіліну ў праёме, быццам штосьці хочучы сказаць ці запытацца, ды, так і не наважыўшыся тое зрабіць, сумна ўздыхае, гладзіць далонямі заўважна пакруглелы апошнім часам жывот і ідзе далей па сваіх справах.