Стасік разгортвае падручнік, спрабуе заглыбіцца ў чытанне. Можа, удасца ўсё-такі да сняданку нарэшце засяродзіцца на вучобе? І, глядзіш, і потым пойдзе справа з навукаю лацвей, і дзень хутчэй прабяжыць, бы вецер прасвішча легкадумным скразняком ля вуха, а не так нудотна і марудна будзе ліпець, як учора ды заўчора.
Мітрэнгу з паступленнем у інстытут ініцыяваў Віцюня. З разлікам, што вучобу сам жа ён, старэйшы і адзіны Стасікаў брат, і будзе памагаць матэрыяльна асільваць. Бо болей няма каму. Бацька, ажаніўшыся з жанчынай з вёскі паблізу Лучая праз два гады пасля смерці маці, і сам летась раптоўна неяк, амаль увадначас, наглытаўшыся, няйначай, на заводзе цымантовага пылу, памёр. У мачыхі, якая, як калісьці і Віцюнева і Стасікава маці, робіць за мізэрную плату прыбіральшчыцай у санаторыі, двое сваіх, хоць, праўда, і дарослых ужо, дзяцей, і, як бы добра яна да пасынкаў ні ставілася, дапамагаць Стасіку вучыцца наўрад зможа.
Навошта так высільвацца Віцюню з братавай вучобай - загадка. Тым больш, што ў самога дзіцяці год толькі-толькі споўніўся, і ўжо другое, мяркуючы па Ксеніным жываце, на падыходзе. Але вось жа ўдумаў адно
- вучыся ды вучыся і слухаць нічога не жадае. Можа, таму, што ўласную мару яму ў свой час - паступіць пасля тэхнікума ў інстытут - так і не ўдалася з-за недабору бала падчас уступных экзаменаў ажыццявіць. А хутчэй за ўсё проста такая ўжо, відаць, натура ў чалавека - усё для іншых. Нездарма ж вунь і ў раённай газеце днямі ледзь не на паўстаронкі артыкул пра зычлівасць яго ў стаўленні да людзей ды сціпласць і працавітасць змясцілі. Пра абы-каго такое не напішуць, гэта ж зразумела. Што ні кажы, а гэткага брата, як Віцюня, мець - вялікая ўдача і шчасце, далёка не кожнаму такое выпадае.
Адзінае, што час ад часу Стасіка ў танкатварым, шэравокім прыгажуне браце крыху бянтэжыць, дык гэта ягоная няўсмешлівасць, зануранасць. Усё ўсур’ёз, усё з маркоцінкай у паглядзе. А калі зрэдку і прабіваецца на Віцюневым твары праз маску скрушлівае, загадкавае задуменнасці ўсмешка, то заўсёды неяк без усцехі, быццам з-пад прымусу - не ўсмешка, а праўдзівая грымаса. Быццам які ўнутраны боль абыходзіць чалавеку, а што то за боль і скуль ён узяўся, нізавошта не дазнацца.
Ціха ў клуні, як у склепе, і яснее ад цішы той ды прахалоды Стасікава галава, і святлеюць глузды. Можа, і няблага гэта - вучоба-адукацыя, ды не гэткаю ж вось цаной, чыімсьці, хай і не чужога чалавека, коштам. Вернецца Віцюня ўвечары з працы - і набярэцца Стасік рызыкі-смеласці, і скажа брату ўрэшце ўсё тое думанае-перадуманае.
Віцюня працуе загадчыкам майстэрні па рамонце тэхнікі і вяртаецца дахаты не раней сёмай. Але гэта ўзімку, цяпер жа, у пару нарыхтоўкі кармоў, - значна пазней, часам і зусім позна, ледзь не апоўначы. А то і далёка за поўнач, пад ранне. Ставіць абкарэлы за дзень, дазвання збіты па каляінах “Запарожац” ля весніц, забягае на хвіліну ў хату, каб перахапіць што-нішто з ежы ды пабачыцца з Ксеняй і дачкою Алай, і ідзе класціся ў клуню. Разгоніць збольшага цемру ліхтарыкам, похапкам распранецца і валіцца кулем на зладаваны з дошак, засланы сенніком тапчан. Бывае, што і загаворыць з братам пад настрой, і пажартуе, і анекдотам пачастуе. А то і ў гульню згуляе - у перакручванкі словаў, якую яны са Стасікам самі ж і прыдумалі колькі год таму, перарабляючы на ўзор найбольш характэрных прозвішчаў розных народаў назовы прадметаў, прадуктаў харчавання або раслінаў: капусцінскі, цыбулеску, сырыдзэ, бульбінзон, гуркявічус. З прыездам у Лучай Асакянаў армянскае ў той пералік адмысловых перараблянак натуральна ўпісалася: малакян, кілбасян, аграсцян... Доўга меркавалі наконт таго, якое больш за ўсё тутэйшаму люду падыходзіць паводле характару, і вырашылі, што, мабыць, на -еня ці -эня: гарбузеня, гусеня, кумпячэня - няспешна, запаволена, мякка, бы самі рухі і мова знячэўку, ды не дарэшты абуджанага ад глыбокага сну тубыльца.
Такая немудрагелістая гульня. Праўда, апошнім часам чамусьці ўсё радзей і радзей яна здараецца, ва ўсялякім разе не так часта, як раней. Зусім, на жаль, не так. Віцюня моўчкі куляецца на тапчан і тут жа засынае, як забіты, быццам пасля немаведама якой цяжкой працы. А ўранні, прачнуўшыся ды быццам жадаючы кампенсаваць перад Стасікам хвіліны вечарова-начнога маўчання, доўга ўзбуджана гамоніць пра ўсё на свеце ды ні пра што ды трэ апантана, да пачырванення вяхоткаю пад рукамыйнікам прапахлыя тэхнікай, але заўсёды наўздзіў чыстыя, каб пляміна, як тыя прасціны на сенніку, далоні. Трэ ды пазірае скоса на брата, быццам ладзіць іспыт на вытрымку ці хоча штосьці запытацца або, наадварот, сказаць.