Выбрать главу

— Табе не зразумець мяне, — уздыхнуў Алег.

Раздзел дванаццаты

— Вы будзеце багатым — у вас ёсць нахабства, — сказаў сенатар Уолтэр, запрасіўшы да сябе Поля Арноля. — Паважаю такіх людзей, цаню. Мая дачка гаварыла са мной, i я згодны на ваш палёт. Дай руку, Поль. Вітаю з будучым поспехам!

3 сенатарам зрабілася нешта незвычайнае: ён стаў лаокавы, уважлівы, на дзіва вясёлы. Поль паверыў у шчырасць гаспадара. Што ні кажы, сэрца не камень, ён не мог быць ворагам сваёй дачцы, перадумаў аб усім, памякчэў.

Яны доўга і падрабязна гаварылі аб будучым палёце.

— Ты павінен для гэтай дарогі мець самае галоўнае — здароўе. Як сябе адчуваеш? ’

— Містэр Уолтэр, каб тут былі ільвы, я наглядна паказаў-бы гэта. А так, калі пахвалюся, вы не паверыце.

Сенатар лагодна ўсміхнуўся.

— Што ні кажы, ты, Поль, добры хлопец. Не дарэмна цябе пакахала Элсі. Праўда, у цябе ёсць недахоп — беднасць, але гэта нічога, ты будзеш шчасліўчыкам.

— Значыць, мая кандыдатура пэўная? — перапытаў Поль, баючыся, каб сенатар не перамяніў сваёй думкі.

— О, так!

— I я магу аб гэтым сказаць Элсі?

— Вядома. Дарэчы, я паклічу яе сюды.

— Я шаную ваша давер’е. Тысячу разоў дзякую за гэта!..

У гэты момант дзверы расчыніліся, і сівы лекай нізка пакланіўся.

— Паклічце міс Элсі, — загадаў яму сенатар.

Хутка яна ўвайшла — у белай сукенцы, шчаслівая, радасная.

— О, мілы Поль! Па вачах бачу ты добра пагаварыў з па, — сказала яна, сядаючы побач з ім.

— Так, ты ўгадала — я адчуваю сябе сапраўды на небе, — згадзіўся Поль. — Цяпер усё вырашана — мы будзем разам! Ці не так, містэр Уолтэр?

— Сэр, я даў слова i выканаю свой бацькоўскі абавязак. Элсі, моцна любі гэтага хлопчыка. Ен непакорны, задзірысты, прагавіты. За ім трэба добрае вока.

— Па, я сёння шчаслівая. Загадай, калі ласка, накрыць стол.

Яны разам увайшлі ў невялікую гасціную. Пакуль гаварылі аб розных гарадскіх навінах, лёкай з незвычайнай спрытнасцю падаваў на стол закуску.

У пазалочаных вядзёрках, напоўненых лёдам, стаяла шампанскае, асобна былі пададзены віны з французскіх і іспанскіх склепаў.

— Гэты маленькі банкет дазвольце адкрыць, — сказаў, лагодна ўсміхаючыся, сенатар, — тостам за перамогу нашай вялікай справы, за славу Штатаў.

Элсі прыемна было бачыць, як бліснулі вочы Поля. Ён ахвотна выпіў і старанна заняўся смажаным фазанам.

Пасля віна размова пайшла больш жвава. Поль Арноль загаварыў з пахвальбой.

— Я не сумняваюся, што апраўдаю давер’е нашага прэзідэнта, нашага народа. Гісторыя Зямлі, можна лічыць, ужо закончана. 3 гэтага часу пачынаецца гісторыя Месяца. I створым яе мы, сыны Штатаў. За Месяц, за пяць мільёнаў долараў, Элсі!

Яе тонкія вусны раскрыліся, i твар асвяціуся ўсмешкай.

— Мой харошы хлопчык, ты сёння двойчы шчаслівыі — сказала Элсі і, нахіліўшыся, пацалавала Поля ў шчаку.

Пасля абеду Поль з Элсі на паветраным аўтамабілі накіраваліся на пагулянку за горад.

…Прайшло два месяцы. Поль заняўся вывучэннем касмічнай ракеты, сакрэтамі яе кіравання. У экіпаж разам з Полем трапілі яшчэ два хлопцы — Макс Вэл, былы рыбак, i негр Роб Пітэрс. Поль займаўся асобна ад іх, ён быў капітанам касмічнага карабля.

Напярэдадні адлёту Поль рашыў пагаварыць са сваімі спадарожнікамі. Яны сустрэліся на ракетадроме ў бары; дзе загадзя быў падрыхтаваны столік.

— Вы будзеце мне вельмі карыснымі ў нашым падарожжы, — адразу сказаў Поль, калі ўсе члены экіпажа сабраліся за сталом. — Мы адкрыем для людзей новы свет, мы паб’ем казырны туз іспанца Калумба, якім ён засланяў любое адкрыццё. Джэнтльмены, — ён перавёў дыханне і прамовіў горача, з энтузіязмам: — Мы не толькі адкрыем новы свет, мы пасыплем нашы жыццёвыя сцежкі доларамі. Макс Вэл, кім ты быў раней?

— Рыбаком, сэр, — з гонарам адказаў Макс.

— Цябе не здавальняла мора? Ці нехапала рыбы?

— Патануў мой бот, i я застаўся з голымі рукамі.

— Не сумуй. Цяпер ты будзеш багатым чалавекам! У цябе ёсць нявеста? — нечакана запытаўся Поль.

— Ёсць, сэр..

— Яна будзе самай шчаслівай нявестай у свеце. Мы першымі трапім на Месяц, мы абшарым яго горы і цясніны, прывязем на Зямлю алмазы, золата, рубіны і сапфіры. Гэта будзе нядрэннае папаўненне нашых кішэняў, у якіх ужо, можаце лічыць, ляжыць пяць мільёнаў долараў.

Макс кісла усміхнуўся:

— О, я малю нашага бога аб гэтым. Аднак, сэр, не забывайце: мы рызыкуем — можам трапіць чорту ў зубы!

Поль Арноль гэтую заўвагу свайго падначаленага сустрэў не зусім ветліва.

— Вы не верыце ў нашую справу? Значыць, не верыце Штатам! — кінуў ён са злосцю ў твар Макса.