Выбрать главу

— Навошта такія вывады, сэр? — абурыўся ў сваю чаргу рыбак. — Мой бот загінуў у ста мілях ад берага, а мы-ж будзем у нашай пасудзіне значна далей. Я гавару так, каб папярэдзіць вас, капітан. Трэба праверыць усе разлікі ракеты. Некаторыя газеты сцвярджаюць, што наш палёт — авантура!

Арноль насцярожыўся. Яго працяў нервовы халадок нядобрага прадчування. Раней ён не думаў аб небяспецы. Няўжо Макс мае рапыю? Але, успсмніўшы пра Элсі, пра апошнюю размову з сенатарам Уолтэрам, ён супакоіўся. Твар яго зноў палагаднеў.

— Я не думаю, Макс, — паблажліва сказаў ён, — што нас пасылаюць на пагібель. Калі ты чуў што-небудзь такое, дык гэта выдумкі чырвонай прапаганды.

— Дай бог, каб гэта было так, сэр, — сказаў рыбак. — Але перасцярога ніколі не шкодзіць.

— Слухайце, Макс, некаторыя людзі знаходзяць шчасце свайго жыцця ў рызыцы. Вось i мы ў некаторай ступені рызыкуем… — падумаўшы, згадзіўся Поль.

3 Робам Пітэрсам Арноль не гаварыў, нават не пазіраў у яго бок. Ён абураўся, што ў экіпажы ракеты будзе негр, i нават заявіў пратэст адміністрацыі ракетапорта i Уолтэру.

— Скажыце, як трапіла да нас чорная свіння? — зласліва запытаўся ён. — Няўжо з сямі тысяч добраахвотнікаў нельга выбраць падыходзячага хлопца? Я патрабую замяніць яго. Чорная костка на караблі — дрэнная прыкмета!

Уолтэр выслухаў усё гэта, усміхнуўся і з паблажліва-апякунскім выглядам спытаў:

— Скажы, Поль, хто служыць белым у Штатах?

— Негры! — не задумваючыся, адказаў той.

— Дык чаго ты хвалюешся? У тваім экіпажы павінен быць добры, надзейны слуга. Мы табе яго і далі.

Поль закусіў губу, заміргаў вачыма. Пярэчыць далей не было як.

Роб Пітэрс слухаў размову ўважліва, пачціва. Яго шырокі чорны твар зіхацеў пад святлом люстры, нібы адпаліраваны з каменя. Пульхныя губы яго не варушыліся, але чыстыя, вялікія вочы ззялі кемлівасцю.

Відаць было, што гэты чалавек не з тупой пакорлівасцю адносіцца да свайго новага гаспадара. Роб быў партовым грузчыкам, але ў апошнія два гады не працаваў — яму не знаходзілася работы. Ён галадаў, пакутаваў, не меў над галавой даху. Як добра, што ён першы запісаўся ў добраахвотнікі. Цяпер Роб сыты, спакойны, але ў душы незадаволены. Ён, мабыць, мацней за сваіх спадарожнікаў адчуваў рызыкоўнасць палёту, але маўчаў, не гаварыў нікому пра гэта, баючыся згубіць выгаднае месца.

Цяпер ён сядзеў у бары ціха і слухаў гаспадара з паказной ветлівасцю.

— Мне патрэбны адданыя людзі, — гаварыў Поль Арноль. — I мне здаецца, вы разумееце гэта. У вас павінны быць сталёвыя нервы, цвёрдая рука. Цяжкасцей у нас будзе шмат, мы пойдзем ім насустрач, мы іх пераможам. Ніякай самастойнасці ў паводзінах! Усё рабіць па майму загаду і ўказанню. Зразумела?

— Так, сэр, — адказалі Макс і Роб у адзін голас.

— Больш вас не затрымліваю, — сказаў Поль і ўстаў з-за стала. — Жадаю дапіць сваё у бакалах і набрацца сіл на дарогу.

Яго падначаленыя пакланіліся.

Поль Арноль выйшаў з бара.

Макс i Роб яшчэ доўга сядзелі за кубкамі піва, але гаварылі мала. Невядомасць будучыні і вабіла іх і адначасова палохала.

Гэта былі смелыя хлопцы — такімі іх зрабіла жыццё. Яны былі гатовы да ўсяго на свеце. За час падрыхтоўкі да палёту Макс i Роб зблізіліся, але паміж імі яшчэ не было поўнага давер’я.

Роб трымаў сябе замкнута, Макс, наадварот, быў гаваркі. Пра што не спытаешь, усё ён ведае, на ўсё мае сваю думку. Роўнадушным Макс быў толькі да самога сябе i да свайго лёсу.

У зале было шмат народу. Сіняватай хмаркай вісеў пад столлю дым. За бліжэйшым столікам чатыры чалавекі з жылістымі шыямі і кароткімі дужымі рукамі нешта з запалам абмяркоўвалі.

Макс адпіў з бакала і прыслухаўся.

— У іх няма апоры ў жыцці — вось яны і згадзіліся, — сказаў адзін.

— Калі чалавек у роспачы, ён губляе галаву, — глыбокадумна заўважыў другі.

— Мы не можам жыць без сенсацыі і аднаго дня, — прамовіў трэці, i Макс зразумеў, што гутарка ідзе пра іх экіпаж. Ён сумна ўсміхнуўся: «Вось што думаюць пра нас людзі. I куды мы глядзелі, калі ўлезлі ў гэтую справу?»

Да яго слыху зноў данесліся словы. На гэты раз гаварыў, відаць, чацвёрты. Голас яго быў густы, нізкі, працяжны:

— Ёсць упартыя людзі — хочуць абавязкова памерці. Яны шукаюць смерці вельмі настойліва. Па-мойму, гэтыя хлопцы з катэгорыі такіх…

Макс зірнуў на Роба, кіўнуў у бок стала.

— Ты чуеш, аб чым яны гавораць? — спытаў ён.

Роб роўнадушна кіўнуў галавою.

— Хадзем адсюль, — заспяшаўся Макс. — Я не хачу атручваць душу балбатнёй гэтых зайздроснікаў. Як ты думаеш, яны не ад зайздрасці так гавораць? А калі-б ім прапанаваць нашы месцы — мабыць, на сёмым небе сабе былі-б, — сказаў ён неяк няўпэўнена.