Дзянісаў сядзеў, узняўшы галаву.
Некалькі год назад ён першы згадзіўся ўзначаліць экспедыцыю вучоных на Малы Месяц. Ён i цяпер пры сваіх гадах не пабаяўся накіравацца зноў у далёкі, небяспечны шлях разам з маладымі. Дзянісава не палохаў, а, наадварот, прывабліваў космас.
Колькі дае задавальнення вось гэтае шырокае акно абсерваторыі. Стаіш ля яго — i дерад табою, як-бы падуладная тваёй волі, павольна і велічна паварочваецца ўся планета — Зямля. Адкуль яе можна бачыць такой прыгожай, абгорнутай лёгкім блакітным шарфам паветранай дымкі? Ніадкуль! Прыемна дыхаць, адчуваючы свежасць лесу, казытлівыя пахі лугоў і палёў. Але няма, мабыць, большай асалоды касмічнаму падарожніку, як дыхаць гэтым-жа, нават больш свежым паветрам удалечыні ад Зямлі.
— Пачнем, сябры, нашы касмічныя будні. Вы знаёмы з графікам дзяжурстваў — і прашу яго строга выконваць, — сказаў раптам Дзянісаў.— Колькі часу засталося да выхаду на стацыянарную арбіту?
Віктар глянуў на атамны гадзіннік, адказаў:
— Адна гадзіна дзесяць хвілін.
— Ну вось і добра. Трымайце вуха востра: паблізу можам спаткацца з метэорамі.
У каюце запанавала дішыня. Дзянісаў прыпаў да акуляра тэлескопа і пачаў пільна разглядаць Марс — ён, мабыць, думаў пабываць.і там. Алег падрыхтаваў кіноапарат і сеў ля круглага акна абсерваторыі. Праграма здымкаў на гэтым участку шляху была невялікая. Трэба было зняць Сонца, гэты вогненны вулкан, які бясконца бунтуе. Праўда, не так проста падступіцца да яго. Яно зіхаціць, пульсуе, слепіць вочы. Алег апусціў на акно цёмную заслонку.
I вось Сонца перад адкрытым позіркам. Яно было крыху большых памераў, чым гэта здавалася з Зямлі. I не круглае, як дыск, а калматае, успухлае, трапяткое.
Што можна было сказаць аб ім простаму назіральніку? Вельмі мала. Затое для фізіка Сонца — гэта своеасаблівая нябесная лабараторыя, для метэаролага — найлепшы барометр, для батаніка — яно стваральнік жыцця.
Алег некалькі хвілін глядзеў на Сонца, любаваўся яго прыгажосцю, вялікай прамяністай сілай.
Выцягнутыя з двух супрацьлеглых бакоў зіхатлівыя вееры дзівоснага полымя нагадвалі крылы.
— Глядзіце, Іван Іванавіч, — звярнуўся Алег да начальніка экспедыцыі.— Наша Сонца — крылатае! Упершыню бачу такім.
Дзянісаў павярнуўся да акна, i бровы яго здзіўлена падскочылі ўгору.
— Уга! Як яно расхадзілася! — усклікнуў ён. — Вельмі цікава… Здымайце! — параіў ён праз момант. — Такія хвіліны не часта сустракаюцца.
Потым, запісаўшы нейкія даныя ў спецыяльны журнал, устаў з крэсла і сказаў:
— Давайце я здыму карону сам.
Некалькі хвілін клапатліва стракатаў апарат. Дзянісаў імкнуўся зняць не толькі агульны выгляд кароны, але і розныя яе бакі. Нарэшце, ён перадаў апарат Алегу.
У гэты час яго паклікаў Віктар. Штурман устрывожана паглядаў на чатыры авальныя акенцы, што віднеліся перад ім.
— Мы заходзім у небяспечную зону, — сказаў ён здаўленым голасам. — 3 усіх бакоў метэоры…
— Гэтага трэба было чакаць, — адказаў зусім спакойна Дзянісаў і, асцярожна перастаўляючы нор ў цяжкіх намагнічаных чаравіках, падышоў да пульта кіравання. — А ну, дайце зірнуць!
На чацвёртым экране лакатара, перакрэсленым тонкай каардынатнай сеткай, была відаць чорная мушка, якая наўкос паўзла па затуманеным шкле.
— Ладны каменьчык даганяе нас, — заклапочана прамовіў Дзянісаў і, разважаючы ўслых, прадаўжаў: — 500… 350… 200 кілометраў…
Пачуўшы лічбу 200, міжвольна павярнуўся да сяброў і Алег. Набліжэнне метэора на такую адлегласць было небяспечным.
— Уключыць магнітна-электронныя гарматы, — загадаў Дзянісаў, i сам застыў у напружаным чаканні. На шчыту кіравання ўспыхнулі папераджальныя сігналы. У гэты-ж час пачуўся густы голас дыктара гаворачай электроннай машыны.
— Трывога! Трывога!..
Далейшая марудлівасць магла дорага каштаваць экіпажу ракеты. Віктар уключыў гармату.
Будзь тысячу разоў пракляты, метэор! Корпус ракеты сутаргава задрыжаў. Здавалася, нешта ўтрапёнае і імклівае адарвалася ад цела карабля, панеслася ў далячынь. I ў той-жа момант злавесны водбліск асвяціў першы экран лакатара. Мяккае яго ззянне знікла.
— Метэор! — схапіўся Дзянісаў за храміраваную рукаятку. — Паварот — два градусы!
Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся. Вочы глядзелі пільна і востра. Узбуджанасць і хваляванне, выкліканыя небяспекай, умомант змянілі гэтага чалавека.
Паварот зроблены! Іх траіх адразу кінула ў бок, i яны ледзь утрымаліся на нагах. Чорная мушка на экране лакатара знікла, і зноў ён свяціўся прыгожым блакітна-зеленаватым святлом.