Выбрать главу

Усе з палёгкай уздыхнулі. Яны зразумелі, што метэор праляцеў міма. Магнітна-электронная гармата разламала яго на дзве часткі, але не магла знішчыць зусім. У чым справа?

Дзянісаў рэзка павярнуўся да Віктара, сказаў:

— У вас не наладжана гармата. Збіта факусіроўка…

Віктар вінавата пачырванеў, стаў правяраць гармату. Праз хвіліну ён выпрастаўся над замком гарматы, развёў рукамі.

— Што за ліха? Гармата ў парадку, а метэор так i не знішчаны.

— Не можа гэтага быць, — усхапіўся Дзянісаў.— Алег, паглядзі, калі ласка…

Але нічога не знайшоў i Алег.

— Дазвольце, Іван Іванавіч, агледзець абшыўку карабля, — звярнуўся ён да начальніка экспедыцыі.— Тут нейкая загадка.

Дзянісаў у знак згоды кіўнуў галавой.

Алег апрануў касцюм, папрасіў Віктара праводзіць з ракеты. Адчынілася камера-шлюз, i праз некалькі хвілін штурман скокнуў у чорную бездань космаса. Па целе яго прабег непрыемны халадок. Заныла сэрца. Але юнак напружыў сілы, адпіхнуўся ад корпуса ракеты і паволі паплыў да кармы.

Уключыўшы ліхтарык, ён прыгледзеўся да карабля. Так, кармавая абшыўка ў трох месцах пагнута выбухам. Праўда, прабоін не было відаць. А што гэта за агеньчык ляціць услед за караблём?

Алег некалькі хвілін сачыў за ім, нямала здзіўлены з’яўленнем нечаканай знаходкі.

Нядоўга думаючы, ён адштурхнуўся ад ракеты і паплыў насустрач маленькай зорцы. Зблізку зорка заззяла яшчэ болын прывабна і ярка — чароўным малахітавым святлом. Вось дык дзіва!

Юнак сціснуў знаходку ў руцэ і рашыў абавязкова паказаць яе сябрам. Калі ён уключыў касцюмны маторчык, адразу заўважыў, як раптам яго руку, у якой ён трымаў кавалачак невядомага металу, адвяло назад. Алег падляцеў да ракеты і, схапіўшыся за дзвярную скабу, прыпыніўся. Паўтарылася тое-ж самае! Толькі руку на гэты раз высока адкінула угару, i юнак выразна адчуў, што металічны шарык ледзь-ледзь не выел ізнуў з моцна заціснутай далоні.

Алег на момант застыў, уражаны нечаканым адкрыццём. Ці не здалося гэта яму? Ён адвёў назад руку і зрабіў невялікі ўзмах. Як быццам нейкая магутная сіла падхапіла яго, панесла ў далячынь.

Ад нечаканасці замёрла сэрца, перахапіла дыханне. Алег азірнуўся. Ракета аддалялася ў бязмежжа космаса. Хоць мякка і ўрачыста гарэлі навокал зоркі, яму стала страшна. Ці не кінуць гэты пракляты шарык? Бачыш ты, якія дзівосы робіць ён! Каб не адстаць ад ракеты, трэба было затармазіць свой палёт. Алег уключыў рэактыўны маторчык i ўсхвалявана загаварыў у мікрафон:

— Іван Іванавіч, рыхтуйцеся прыняць на борт. Вяртаюся з вялікай навіной.

А тым часам ён стаў асцярожна набліжацца да ракеты. Вось ужо бачна карма і чорныя цыліндрычныя соплы.

Праз некалькі хвілін Алег, успацелы, але задаволены i радасны, — стаяў перад Дзянісавым. Тут-жа, ля яго ног, ляжаў скінуты ў спешцы міжпланетны касцюм.

Дзянісаў доўга разглядаў бліскучы шарык, паспрабаваў нават сплюшчыць яго, але намаганне было дарэмным. Потым падышоў да сцяны, дзе было напісана «Лабараторыя», і націснуў на бліскучую кнопку. У той-жа момант у каюту высунуўся столік з шматлікімі прыладамі. Іван Іванавіч некалькі хвілін клапатліва завіхаўся ля іх.

Нарэшце ён паволі павярнуўся да Алега. Хоць твар Дзянісава не быў з тых, па якім лёгка можна было меркаваць аб яго настроі, але на гэты раз Алег заўважыў, што начальнік экспедыцыі вельмі ўсхваляваны.

— Ну, галубок, скажы дзякуй нашаму лёсу, — прамовіў ён, пагойдваючы ў руцэ знаходку. — Каменьчык не абы-які, а пасланец Сірыуса.

Пачуўшы гэта, Алег аж прысеў ад здзіўлення. Ён добра ведаў: адной з вялікіх загадак для вучоных усяго свету з’яўлялася дзівосная невялікая зорка паблізу Сірыуса. Яна створана з рэчыва, якое ў 60 тысяч разоў больш цяжкое, чым вада. Ніколі ніхто не бачыў яшчэ такога рэчыва. I вось яно ў іх руках. Цяпер зразумела, чаму з Алегам адбываліся такія дзівосы. Хоць металічны шарык не меў вагі, ён валодаў аграмаднай масай, якая ў некалькі разоў перавышала масу ўсяго цела Алега.

— Шарык з аголеных ядраў, — працягваў далей Дзянісаў. — Ён выдатны ізалятар, бо амаль не мае электронаў. Вось, сябры, наша першае навуковае адкрыццё.

— Якое ледзь не каштавала жыцця, — ціха, з нейкім сумам дадаў Віктар.

Аддаўшыся на некалькі хвілін роздуму, Алег тут-жа ўстрапянуўся і дапытліва паглядзеў на Івана Іванавіча. Яму здалося, што задрыжалі сцены ракеты. У гэты-ж час перад Віктарам на пульце кіравання трывожна замільгалі светавыя сігналы. Трывога!

Так, у Алега прадчуванне аказалася правільным: чамусьці самі па сабе запрацавалі маторы. Ён спалохана бліснуў вачыма і крыкнуў Дзянісаву: