Цяпер можна больш спакойна і пільна агледзець ракету. Ён запаліў ліхтарык і зірнуў на падлогу. Якое багацце — два, тры… сем… аж дваццаць балонаў! Гэта на восем дзён жыцця. Цэлая вечнасць!
Смерць адступіла. Робу хацелася крычаць, скакаць, спяваць.
Чуеш, Зямля! Роб яшчэ будзе глядзець на цябе, любавацца тваёй прыгажосцю!
Больш гадзіны аглядаў ён ракету. Пошукі аказаліся не дарэмнымі. Знайшлася вада, страва, запас гаручага для рэактыўных маторчыкаў. Можна цяпер спакойна жыць і нават напісаць аб усёй гэтай трагічнай гісторыі. Адно дрэнна: давядзецца ўвесь час быць у касцюме, а ён вельмі замінае ў час хадзьбы і работы.
Роб сеў на нейкую скрынку, каб падумаць аб тым, што рабіць далей. Ён выратаваўся, але што з Полем? Чаму маўчыць, не адказвае на сігналы? Можа ён цяпер недзе курчыцца ад болю, задыхаецца. У яго-ж толькі два паветраныя балоны.
Роб ад самага нараджэння не быў помслівы, злы чалавек. Ён усё дараваў у гэты час Полю: і яго пагарду, i злосць. Цяпер на Месяцы Поль — просты, звычайны чалавек. Калі ён дзе-небудзь не загінуў, яму пагражае смерць ад удушша.
Роб разважаў нядоўга. Ён зарадзіў палівам маторчык, узяў у запас некалькі балонаў і праз адтуліну выбраўся з ракеты.
Сонца зноў схавалася за небасхіл. Відаць была толькі палавіна дыска. Перад Робам раскінулася таямнічая, з незвычайным пейзажам далячынь. Нідзе ні дарогі, ні сцяжынкі. Куды, у які бок ісці, каб вярнуцца назад, не заблудзіцца. Тут неба больш знаёмае, чым мясцовасць. Поль пільна ўглядаецца ў вышыню: вунь Вялікая Мядзведзіца, Арыён i Зямля. Яна ніколі не сыйдзе з гэтага месца, будзе заўсёды вісець над галавою.
Заходзіла Сонца… Без вячэрняй зары, ружовага палыхання нябёсаў небасхіл быў чорны, як сажа.
А вось Сонца зусім знікла. Толькі ў далечыні, як дзівосныя ліхтары, палалі не прыкрытыя змрокам вяршыні невядомых гор.
Якая дзіўная зеленавата-блакітная далечыня! Робу здавалася, Hiбыта ён знаходзіцца на дне нейкага фантастычнага акіяна.
Але хопіць думаць! Павярнуўшыся тварам да Арыёна, Роб адштурхнуўся ад глебы і оаімчаўся ў супрацьлеглы ад Сонца бок. Недзе там зрабіў пасадку Поль. Яго трэба знайсці.
Калі-б не тыя незвычайныя ўмовы, якія стварае паменшаная амаль у шэсць разоў у параўнанні з зямной сіла прыцягнення, ні аб якіх пошуках чалавека на Месяцы не магло-б быць і гутаркі. Паспрабуй прайдзі па камяністай, перасечанай глыбокімі шчылінамі мясцовасці, пералезь цераз стромкія скалы, цераз вуглаватыя калючыя ланцугі гор, што спляліся на небасхіле ў тугі вузел! Гэта звыш чалавечых сіл.
Але Роб важыў на Месяцы не больш 12 кілограмаў! Без асаблівага намагання ён мог пераскокваць рвы шырынёй 15 метраў. А ў дадатак, у яго яшчэ быў цудоўны рэактыўны маторчык. I не трэба было мець крылляў—Роб ляцеў, як птушка, легка мяняў напрамак, то ўзнімаючыся ў вышыню, то ледзь-ледзь дакранаючыся нагамі да камяністай глебы.
Час-ад-часу ён клікаў Поля ў мікрафон. Але безжыццёвая, сінявата-блакітная пустыня зацята маўчала.
— Поль, дзе вы? Адгукніцеся!
Няўжо Роб дарэмна траціць час, няўжо ён не знойдзе, не выратуе чалавека, які гіне?
Роб рашыў узняцца на крутую чорную скалу, што навісла змрочным прывідам над роўнай ззяючай далінай, i яшчэ раз паклікаць Поля ў эфіры.
Маторчык страляе белым полымем, падганяе ў спіну. Даволі! Скала недалёка, i цяпер можна спакэйна планіраваць. Лёгкі штуршок — i Роб адчуў пад нагамі а пору. Унізе на многія мілі раскінулася плоская даліна, дзе-ні-дзе перасечаная глыбокімі шчылінамі і перакрэсленая вуглаватымі, панурымі ценямі.
Роб крыкнуў, і яго трывожны, поўны адчаю голас загучаў у эфіры. Пачуцце нейкага страху, адзіноты агарнула душу.
Роб заплюшчыў вочы, скрыжа-ваў на грудзях рукі і пачаў пільна прыслухоўвацца да навушнікаў… Што гэта за гўкі ён чуе? Ці не ўявілася яму? I дзіўна — чуваць не голас, а нейкі хрып.
— Поль? Гэта вы? Адкажыце, капітан. Я вас шукаю. Чуеце, Поль? Я — Роб, Роб…
Поль адказваў вельмі ціха, блытана, i Роб здагадаўся, што капітан карабля знаходзіцца ў непрытомнасці.
Хутчэй на дапамогу! Смерць стаяла над Полем, адлічваючы апошнія хвіліны яго жыцця.
Роб адштурхнуўся ад скалы і, уключыўшы на ўсю магутнасць маторчык, паімчаўся, як страла, туды, адкуль па эфіру даносіўся глухі прадсмяротны чалавечы стогн.
Поль ляжаў нерухома, як труп. Ад нядобрага прадчування ў Роба задрыжалі рукі. Ён схіліўся над Полем і замяніў балон. Калі да рота пакутніка хлынуў струмень асвяжаючага кіслароднага пітва, ён раптам варухнуў вуснамі і пачаў ціха дыхаць.
Роб за палёгкай уздыхнуў: ён выратаваў ад смерці чалавека. Цяпер ён не адзін на гэтай дзікай, пустыннай планеце. Разам з Полем яны будуць змагацца за сваё існаванне, разам будуць глядзець на Зямлю, успамінаць яе прыгожыя, мілыя сэрцу краявіды, шкадаваць аб сваім недарэчным лёсе.