Роб азірнуўся. Чорныя жорны неба прыкметна павярнуліся. На схіле неба вісела Зямля.
Цяпер спяшацца не было куды, i Роб, прываліўшыся спіной да круглага каменя, стаў чакаць, пакуль не вернуцца да Поля страчаныя сілы.
Роб прачнуўся ад прыемнага i радаснага прадчування. Яму здалося, што яго цалуе жонка, моцна, горача абдымае i нешта шэпча, шэпча… Ен расплюшчыў вочы і тут-жа зноў заплюшчыў іх: проста ў твар яму свяціла нізкае Сонца, якое толькі вынырнула з-за чорнага небасхілу.
Поль, выцягнуўшыся на ўвесь рост, спаў моцна, спакойна.
Вакол, колькі мог ахапіць позірк, ляжала санлівая, акамянелая далячынь. На ёй выдзяляліся два колеры фарбаў—зіхатліва яркі ад сонечных праменняў, і журботны, вугальна-аксамітны, што стваралі аграмадныя косыя цені ад уцёсаў, каменных скал і чорных сопак.
Роб не меў ніякага ўяўлення аб часе. Колькі ён спаў, Роб не ведаў. Але калі ўзышло Сонца, значыць, настала раніца. Раніца на Месяцы нічым не адрозніваецца ад заходу, — нідзе не бачна ні росаў, ні інею, ні цёплых хмарак.
Сонца свяціла без мігцення, роўна, абыякава, без той гульні святлом, праменнямі і ценямі, як гэта бывае на Зямлі.
— Містэр Поль, уставайце! — крануў Роб за плячо капітана карабля. — Добрай раніцы!
Поль нешта замармытаў, пацягнуўся і расплюшчыў вочы. Потым у здзіўленні падхапіўся на ногі, азірнуўся.
— Ой, дзе я?
— На той-жа самай дарозе, — адказаў Роб, усміхаючыся, — па якой вы ішлі ў пекла.
— Божа, літасцівы божа, ты выратаваў мяне… — зашаптаў Поль і ўскінуў угару рукі.—Ты прыслаў да мяне Сонца і майго вернага слугу Роба…
Роб глядзеў на рослую постаць капітана карабля, на яго асветлены сонцам твар і радаваўся: чалавек вяртаўся да жыцця.
— Няўжо гэта не сон? — гаварыў Поль, нібы не верачы, што некуды зніклі яго жахлівыя пакуты… — Зноў нада мной зорнае неба, пад нагамі цвёрдая глеба. Роб, — звярнуўся ён да негра. — Як ты знайшоў мяне? Адкуль з’явіўся кісларод? Я-ж задыхаўся, паміраў…
— О, містэр Поль, — не без задавальнення прамовіў Роб. — Нам пашанцавала, — і падрабязна расказаў аб усім.
Калі ён паведаміў, што ў ракеце знайшлося дваццаць паветраных балонаў, ежа i вада, Поль ажывіўся:
— Цудоўна! Мая зорка яшчэ не гіагасла, — сказаў ён i тут-жа адчуў, як яго ахапіла салодкае, ліхаманкавае пачуццё радасці жыцця. Ён доўга стаяў, прыняўшы важную паставу, потым прыжмурыўся, раптам запытаў:
— Скажы, Роб, ты знайшоў толькі дваццаць балонаў. А не больш?
— Навошта, сэр, такое пытанне? — пакрыўдзіўся Роб.
Поль прамаўчаў. Але яго затоеную думку лёгка можна было прачытаць на твары. Ён не верыў. Горка і крыўдна стала на душы Роба.
— Хадзем! — сказаў ён ціха і пачаў шукаць вачыма сузор’е Арыёна. — Я вам усё пакажу…
Яны ляцелі ў глыбокім маўчанні. Сонца заставалася за спііной і з кожнай хвілінай ніжэй і ніжэй апускалася над небасхілам.
Дзіўная з’ява! Яно заходзіла ў тым-жа баку, у якім узышло. Гэта тлумачылася проста: Месяц вельмі марудна коціцца вакол сваёй восі, і падарожнікі абганялі яго рух.
Навокал цягнуліся раўніны, кальцавыя горы, конусападобныя вяршыні, — свет поўны кантрастаў, рэзка акрэсленых форм, ліній, але навек застыглы, нерухомы, на дзіва аднастайны.
Нерэшце, Сонца схавалася, і плоскае неба апусцілася і як-бы прыціснула ландшафт Месяца. Карагоды зор цясней сабраліся вакол зеленавата-блакітнага зіхатлівага шара Зямлі. Хоць яна свяцілася чужым, адлюстраваным святлом, але была вельмі прыгожай. Усім вядома, якія цудоўныя бываюць ночы, калі на бязвоблачным небе свеціць поўны Месяц. Яшчэ больш велічная, феерычная карціна ночы на самым
Месяцы. У яго небе вісіць аграмадны дыск, папярочнік якога ў чатыры разы больш за знаёмы месячны дыск на зямлі.
Нарэшце падарожнікі спыніліся.
— Вось наша «Анаконда», — з сумам прамовіў Роб і паказаў рукою на бясформенную груду металу. Але Поль менш за ўсё цікавіўся падрабязнасцямі катастрофы.
— Дзе паветраныя балоны, вада, ежа?
— Вы хіба прагаладаліся, сэр? — ветліва спытаў Роб.
Поль зласліва паціснуў плячыма, потым, грэбліва скрывіўшы рот, сказаў:.
— Твае пытанні зусім не да месца. Ведай, перад табой не прастачок. Мне патрэбны паветра, ежа i вада. Куды ты іх схаваў?
Робу здалося, што яго ўзялі за каўнер і апусцілі ў халодную ваду. Па ўсім целе прабеглі непрыемныя дрыжыкі. Які нахабнік! Ён ужо забыўся, што было некалькі гадзін назад, трымае сябе як плантатар з Джорджыі. Роб цяжка ўздыхнуў і стрымана сказаў: