Не вельмі прыемна прывыкаць да такіх незвычайных абставін. За сабой даводзіцца пільна сачыць, каб часам не страціць роўнавагі, не адарвацца ад намагнічанай падлогі. Кожны тут па-свойму перасоўваецца па каюце.
Я, прызнацца, люблю адпіхнуцца ад падлогі і ў адзін моман дасягнуць патрэбнага месца. Праўда, часам здараюцца пралікі, і я трапляю ў смешнае становішча. Іншы раз, моцна адштурхнуўшыся ад падлогі, я ўжо не магу апусціцца на яе, сутыкаюся з супрацьлеглай сценкай i адскокваю, як футбольны мяч.
Бывае i наадварот: разгону нехапае, i я павісаю ў паветры. Размахваю рукамі, дрыгаю нагамі — нічога не дапамагае. Тады на выручку прыходзяць Дзянісаў ці Віктар.
Ужо мінулі суткі, як наш карабель узяў кірунак да Зямлі. Хоць мы ляцім з небывалай хуткасцю, карціна сусвету не мяняецца. Навакол дзівосны россып сузор’яў. Калі-б крыху не павялічыўся дыск Зямлі, нельга было-б нават сказаць, што мы рухаемся. Проста перад акном абсерваторыі ляжыць зіхатлівы бераг Млечнага шляху, да якога, якбы магутнымі штормамі, сагнаны кучаравыя туманнасці i буйная галька адшліфаваных у касмічным акіяне зорак.
3 Зямлёй карабель падтрымлівае пастаянную сувязь. Іван Іванавіч паведаміў у Маскву і ўсім замежным абсерваторыям аб лёсе планеты Плутон. Мы ўжо атрымлівалі паведамленні, што назіранні Дзянісава пацвердзіліся.
Асабліва цікавай была размова з Хлебнікавай і Вілі Рэндолам. Мы падрабязна расказалі аб умовах палёту ў час магнітнай буры, аб рабоце фатоннага рухавіка. Выпрабаванне пацвердзіла разлікі вучоных. Цяпер можна смела распрацоўваць трасы на Марс і Венеру, на Юпітэр i Сатурн. "
Сёння ў нас свята. Аб ім мы даведаліся зусім нечакана. Калі Дзянісаў закончыў перадаваць на Зямлю вынікі сваіх астранамічных назіранняў, раптам на карабель прыйшла тэлеграма. Начальнік Маскоўскага касмадрома горача віншаваў Віктара Машука з днём яго нараджэння. Віктар быў уражаны: ён сам забыў, што гэты дзень — знамянальная ў яго жыцці дата.
Вядома, з выпадку такой урачыстасці, снеданне было асаблівае.
— Дваццаць пяць год — круглая дата, — гаварыў Іван Іванавіч з усмешкай. — Тут не абыйдзешся без выдаткаў.
Віктар расцвіў ад радасці. Яго дзень нараджэння адзначаецца ў космасе! Яму першаму з людзей выпала такое шчасце!
За сталом было ажыўлена, шумна. Дзянісаў наліў юбіляру поўную шклянку шампанскага. Я таксама хацеў выпіць, але Іван Івайавіч не дазволіў, бо мне заступаць на вахту. Ён прапанаваў мне піва. I, чокнуўшыся з усімі, сказаў, звяртаючыся да імянінніка:
— Помні, Віктар, дваццаць пяць год — гэта рубеж юнацтва і сталасці. Ты вырас, узмужнеў, загартаваўся. Зразумей: дрэва трымаецца за землю карэннямі, а чалавек за жыццё — праўдай. Віншую цябе, жадаю шчасця і ўдачы.
Я заўсёды захапляўся Дзянісавым, а сёння адкрыў новую рысу яго характару — бацькоўскую клапатлівасць, гонар за чалавека.
Я чакаў, што Віктар атрымае новыя тэлеграмы. I, вядома, баяўся, што адна тэлеграма будзе наташына. Трывога аказалася дарэмнай. Наташа маўчала. Яна не паяўлялася і ў студыі тэлецэнтра.
Як сумаваў я па ёй, па яе голасу і стрыманай ласкавай усмешцы.
Наташа, гэтыя словы прысвячаю табе. 3 глыбіні жахлівай цемрадзі, з далёкай касмічнай дарогі шлю табе прывітанне. Ты ведаеш, якая бяда навалілася на нас. Мне было вельмі цяжка. Я, здавалася, згубІў усё: сілу волі, трапятанне сэрца, агонь душы, але жыў, змагаўся, чакаў. Ведай: адзінай жыхаркай маёй душы ў гэтыя хвіліны была ты. Я глядзеў у ілюмінатары, бачыў зоры, i мне здавалася, што гэта бляск тваіх вачэй.
Добрая, мілая i далёкая дзяўчына! Я ўспамінаю нашы сустрэчы, тыя некалькі слоў, якія ты мне сказала.
Як мне хочацца пабачыць цябе, пагаварыць хоць праз экран тэлевізара!
Цяпер мне вядома цана смутку, горкага і балючага, па блізкаму, дарагому чалавеку: у душы маёй абудзіліся новыя ўяўленні аб жышіі, аб яго вялікай прыгажосці. Здаецца, я раней глядзеў на свет зружанымі, затуманенымі вачыма.
28 чэрвеня. 14.00.
Змяніўся з вахты. Дзянісаў загадвае легчы адпачыць. Але я не лягу. За ілюмінатарамі ракеты разгортваюцца нябачаныя краявіды.
3-за залацістага берагу Млечнага шляху;
Праплываючы міма чырвонага Марса;
Кружачыся сярод чорных правалаў неба;
Загароджваючы сабой стройныя абрысы Вялікай Мядзведзіцы;
Успыхнуўшы сярод ночы яркім блакітна-бялесым колам,
Набліжаецца да нас —
ЗЯМЛЯ!
Вечная цемрадзь космаса як-бы адступіла перад прыгажуняй-планетай. Неба ўжо не такое страшнае i нязвыклае. Хоць Зямля свеціць адлюстраваным святлом, нам здаецца, што ад яе ідуць, струменяцца патокі цяпла і радасці. Вось калі мы можам цвёрда сказаць: для нас наступала раніца.