— Жыццё скупое — і адзенне такое…
— Дык гэта расліннасць? — здзівіўся Алег.
— Яна самая, — выдыхнуў Дзянісаў і павольна закрочыў па каюце. — Нечакана-нягадана… Бачыш, якое магутнае… жыццё… Без паветра, вады, а заваявала месца.
— Як гэта растлумачыць? — звярнуўся Віктар да Дзянісава. — Мне не верыцца…
— Тлумачэнне тут простае, сябры, — сказаў ён. — Жыццё ўсемагутнае. Як бачыце, яно заваявала Месяц раней, чым розум чалавека. I гэта не дзіўна: i на Зямлі ёсць мікраарганізмы, якія не баяцца лютага холаду і пякельнай гарачыні..
Радасць ахапіла людзей. Няхай жыццё тут хілае, убогае, яно ўпрыгожвае гэты застыглы змрочны свет, чапляецца за каменыі, сагравае іх сваім нясмелым, патаемным дыханнем.
Жыццё… Жыццё… У цябе — бездань магутнасці! Ты ўсюды вядзеш барацьбу — i перамагаеш! Як слаўна гэта ўсведамляць, асабліва тут, у гэтым нямым царстве гарачыні i холаду.
— Не дарэмна ты пакутаваў, Алег, — сказаў шчыра Віктар. — Я зайздрошчу табе…
Алег пільна прыгледзеўся да таварыша. Віктар трымаў сябе падкрэслена проста, быў вясёлы, задаволены. Алег успомніў пра Наташу i насцярожыўся. Ці не памірыліся яны? Магла-ж яна падумаць, што ён, Алег, загінуў i навек страчаны для яе!
Алег уздыхнуў.
Дзянісаў паспеў заўважыць клопат на яго твары і спытаў:
— Цябе што-небудзь трывожыць?
— Зямля… — прызнаўся Алег. — Яна разбудзіла мяне, шаптала нейкую казку… Што там?
— Нічога асаблівага. Бачыш, вісіць на месцы.
— I віунь там, — паказаў рукою Віктар, — самая светлая кропка. Гэта астравок твайго жадання.
— Ты кпіш з мяне, Віктар! — нахмурыўшы бровы, сказаў Алег.
— Хопіць! — папераджальна спыніў хлопцаў Дзянісаў, баючыся, што яны пачнуць сварыцца. — Усе канфлікты вырашыце пазней. Сядзіце ціха, уключаю Зямлю!
Успыхнуў шырокі экран тэлевізара. У каюту ўварваліся гукі міузыкі, галасы. I вось на светлай мазаіцы люстэрка адлюстравалася лёгкая постаць дзяўчыны з туга сплеценым вянком кос на галаве.
Позіркі Алега і Наташы сустрэліся. Наташа нават адступіла крок назад, уражаная нечаканасцю. Толькі яна клікала яго, шукала ў эфіры i вось радасць — ён жывы і здаровы стаіць перад экранам.
— Алег!
— Наташа!
Наташа ўсміхалася праз слёзы. I ўсмешка яе была такая ціхая, ясная, шчаслівая, што нават Дзянісаў не вытрымаў і вінавата заморгаў павекамі.
— Ух, як горача ў каюде, — прамовіў ён, нібы ў апраўданне. — Вочы пацеюць….
Прайшлі хвіліны няёмкага маўчання. Наташа ўзняла галаву. Яна была па-ра-нейшаму строгая і гордая, хоць яшчэ было відаць, як усхвалявана дыхаюць яе грудзі.
— Дзякую табе, Наташа. Ты выратавала, знайшла мяне…
— I не Полю Арнолю, а вам, Наташа, давядзецца плаціць выкуп за Алега, — жартаўліва сказаў Дзянісаў.
— Што за выкуп?
Іван Іванавіч ніякавата павёў плячыма і растлумачыў:
— Дробязі, Наташа. Проста наш госць, містэр Арноль, хацеў крыху зарабіць. Ха-ха-ха!.. — засмяяўся ён і глянуў на Поля.
Той сядзеў у кутку каюты і з нахабнай развязнасцю пазіраў на Дзянісава. Ён разумеў, што гавораць аб ім, і хацеў паказаць сваю незалежнасць i нават пагарду.
— Я табе раскажу аб усім на Зямлі, — прамовіў Алег. — Згода?
— Згода, — адказала дзяўчына з лёгкім уздыхам. — Змагайся, працуй і абавязкова вярніся! Мы вас чакаем!
Люстэрка экрана мільганула i пагасла. Алег адышоў у бок і сеў за столікам, насупраць Роба.
— Таварыш Дрозд, можа ў шашкі згуляем? — звярнуўся да яго замежны сябра.
Алег жвава ўзняў вочы і калі, нарэшце, да яго дайшоў сэнс пытання, усміхнуўся, адказаў:
— 3 вялікай радасцю, Роб!
Якія гэта былі шчаслівыя хвіліны! Праз ледзяныя прасторы сусвету, праз чорныя бяздонныя яго нетры патокі электрамагнітных імпульсаў данеслі гарачую ўсмешку дзяўчыны, яе чысты голас, невыказаны смутак і каханне. Будзь-жа блаславенная радасць гэтай сустрэчы!
Які вялікі, неабсяжны сусвет, але ўсюды, куды ні трапіць чалавек, за ім ляціць, яго шукае спадарожнік жыцця і маладосці — святое, гордае каханне.
На другі дзень жыхары Месяца сабраліся на нараду. Па заданню Дзянісава Алегзрабіў разлікі на старт, і цяпер расказваў сябрам аб магчымасцях звароту на Зямлю.
Справа ўскладнялася. Паліва ў ракеце засталося мала. Яго хапала толькі, каб узняць ракету i двух чалавек.
Усе еядзелі строгія, задумлівыя. На ілюмінатары ляжаў кавалак чорнага неба з блакітнаватымі іскрынкамі зорак.
Іван Іванавіч заклаў рукі за спіну і хадзіў сюды-туды па каюце.