— Гэта ты? — усклікнуў ён здзіўлена.
— Як бачыце, сэр. Не чакалі? Праўда? Вы хацелі адыпрацца на нас — але не ўдалося! Увесь галоўны горад Штатаў пратэстуе супроць нашага арышту. I вось мы вызвалены…
Поль заміргаў вачыма. Якім крывым аказалася кола яго фартуны! Ламай цяпер галаву!
Поль пранізаў Роба i Макса знішчальным, поўным пагарды позіркам, павярнуўся і, ссутуліўшыся, пайшоў па палубе. Наўздагон яму данёсся гучны ўрачысты рогат.
Порт быў запруджаны народам. Не паспелі Роб Пітэрс i Макс Вэл сыйсці з трапа і павітацца з роднымі, як іх падхапілі іна рукі і панеслі на шырокую партовую плошчу. Няхай сабе не вельмі ўдалы быў палёт іх да Месяца, але яны былі героямі, не зламаліся, выйшлі пераможцамі ў суровай незвычайнай барацьбе на вялікай трасе, адкрытай чалавечым геніем у цемры сусвету.
Касмічныя падарожнікі як след адсвяткавалі сваё вяртанне на зямлю. У Роба была двайная радасць: разам з ім за сталом сядзела яго жонка, зноў здаровая і бадзёрая, гатовая дзяліць з Робам усе будучыя радасці i нягоды жыцця.
Макс Вэл, вярнуўшыся на радзіму, вядома, не пайшоў шукаць высокай гары, каб адтуль сказаць сваім землякам вымучаныя ў пакутах думкі аб шчасці i радасцях зямнога жыцця. Ён ажаніўся на Рыверы i разам з ёй паехаў шукаць па Штатах звычайнага, простага шчасця.
А што сталася з Полем Арнолем? Дзе ён? Кажуць, што хоць Поль страціў Элсі, трапіў у няміласць да Уолтэра, але не пакінуў думкі разбагацець, выбраўшы для гэтага самы кароткі шлях. Яго бачылі ў чорных балахонах воіна Нябачнай Імперыі, сустракалі ў багатых дансінгах, дзе ён святкаваў свае поспехі.
I калі ўжо на бягучым рахунку ён меў даволі круглую суму, якая давала магчымасць шырока адчыніць дзверы ў высокі свет, дзе панавалі ўлада і закон, здарылася бяда.
Неяк у горадзе Атланта тайныя агенты Ку-клукс-клана заварылі такую кашу, што паставілі пад небяспеку біудучае Нябачнай Імперыі. Поль Арноль спешным парадкам выехаў туды.
Ноччу, у час вялікай вулічнай сутычкі з неграмі, ён быў моцна паранены. Праз суткі Поль Арноль памёр.
Так замкнулася зачараванае кола яго пошукаў багацця і шчасця.